Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі МЗС папракае Польшчу ў «антыбеларускай пазыцыі»

абноўлена

Фота: shutterstock.com
Фота: shutterstock.com

«Уступленьне ў дзеяньне дамовы аб спрошчаным перасячэньні мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай у бліжэйшы час не прадугледжваецца», — заявіў на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Ён сказаў, што гэта зьвязана з той жорсткай антыбеларускай пазыцыяй, якую займае ўрад Польшчы.

У зону малога памежнага руху ўваходзяць зь беларускага боку два буйныя гарады — Берасьце і Горадня. Калі б такая дамова ўступіла ў сілу, працэдура для паездак у Польшчу спрасьцілася б для сотняў тысяч беларусаў. Адпаведнае пагадненьне было падпісанае яшчэ ў 2010 годзе, але дагэтуль не ўступіла ў сілу.

Што тычыцца спрошчанага перасячэньня мяжы зь дзьвюма іншымі краінамі, а менавіта Латвіяй і Літвой, дык тут, паводле Андрэя Савіных, становішча такое: гэтая праграма працуе з Латвіяй, і цяпер беларускі бок хоча паглядзець, як дзейнічае гэтая дамова, паглядзець яе хібы, каб потым не паўтараць іх пры ўвядзеньні аналягічнай дамовы зь Літвой.

У сумежнай зь Літвой зоне на беларускім баку пражывае каля 600 тысяч жыхароў, з Польшчай — каля 800 тысяч, і каля 200 тысяч — з Латвіяй. Такім чынам, у разьвіцьці малога памежнага руху зацікаўлена больш за паўтара мільёна беларусаў.

Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец, які цяпер выкладае ў Польшчы, у інтэрвію "Свабодзе" так пракамэнтаваў заяву прэсавага сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных:

"Гэта падкрэсьлівае нежаданьне ўладаў Беларусі ажыцьцяўляць тыя пагадненьні, якія яны ж самі падпісалі. І гэтае нежаданьне вельмі зразумелае. Яны баяцца страціць кантроль над беларусамі.

Эканамічная сытуацыя ў краіне складаная. І беларусы шукаюць магчымасьць зарабіць грошы альбо набыць прадукты ў памежных краінах, найперш Эўрапейскага Зьвязу. Пра гэта сьведчаць, у тым ліку, і вялікія чэргі да амбасадаў. А ўлады робяць усё. каб заблякаваць вельмі натуральныя адносіны паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.

Па сутнасьці, атрымліваецца, што беларусы становяцца закладнікамі групоўкі Лукашэнкі, якая імкнецца захаваць сваю ўладу, а ня дбаць пра дабрабыт беларусаў".

15 студзеня падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандру Лукашэнку задалі пытаньне: калі ўступіць у сілу польска-беларуская дамова аб малым памежным руху? Адказ быў такі: “У той жа час, як зь Літвою. Гэта не ад нас залежыць. У нас шмат пытаньняў да польскага боку, перш за ўсё палітычныя, ёсьць шэраг нявырашаных пытаньняў. Яны нас насьцярожваюць. Тэхнічныя пытаньні тут не галоўныя. Трэба ўсё вырашаць у комплексе”.

МЗС Польшчы неаднойчы заяўляла, што малы памежны рух блякуецца Менскам. Так, дырэктар дэпартамэнту польскага МЗС Эва Фігель 28 студзеня 2013 году адзначала:

"Хачу падкрэсьліць, што ўвядзеньне гэтага пагадненьня залежыць выключна ад волі беларускага боку. Польшча неаднойчы зьвяртала ўвагу ўладаў Беларусі на неабходнасьць тэрміновага завяршэньня працы па ўвядзеньні пагадненьня. На жаль, увядзеньне гэтага пагадненьня ў аднабаковым парадку ў любым аб’ёме практычна немагчымае".

Польскі бок выступіў з прапановай падпісаць пагадненьне аб мясцовым прымежным руху ў лютым 2008 году. Праз два гады, у лютым 2010-га, дамову падпісалі міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы.

У траўні 2010 году дакумэнт ратыфікаваў польскі парлямэнт і падпісаў кіраўнік дзяржавы Браніслаў Камароўскі. Беларускі парлямэнт ратыфікаваў дамову ў лістападзе таго ж году, а 1 сьнежня дакумэнт быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Але, каб дамова пачала дзейнічаць, Беларусі і Польшчы трэба, паводле дыпляматычных нормаў, абмяняцца адпаведнымі нотамі. Палякі неаднаразова прапаноўвалі гэта зрабіць. А вось беларусы не сьпяшаюцца.

У адпаведнасьці з дакумэнтам для жыхароў памежных тэрыторый – па 50 кілямэтраў ад рысы дзяржаўнай мяжы ў кожны бок – павінен быць уведзены спрошчаны парадак перасячэньня мяжы за сымбалічную плату.

***

Акрамя таго, Андрэй Савіных адказаў на пытаньне журналістаў, ці адкрыецца амбасада Швэцыі ў Беларусі.

«Кантакты па гэтым пытаньні паміж Беларусьсю і Швэцыяй існуюць, аднак пакуль заўчасна казаць пра тое, які вынік гэтыя кантакты дадуць. Неабходны час, каб склаліся ўмовы для таго, каб гэтае пытаньне магло быць вырашана станоўча», — сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

Андрэя Савіных папрасілі таксама ацаніць сытуацыю ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Ён сказаў, што беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб кантакты паміж Брусэлем і Менскам наладжваліся, і падкрэсьліў, што Беларусь гатовая разьвіваць гэтыя кантакты, але не на любых умовах. Паводле Андрэя Савіных, гэта магчыма толькі тады, калі абодва бакі праявяць узаемапавагу і зацікаўленасьць у вырашэньні гэтага пытаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG