Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны правал: пакараньне адтэрміноўваецца


Пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка паабяцаў адпаведна ацаніць выступы беларускіх хакейных камандаў: нацыянальнай зборнай — у кваліфікацыйным алімпійскім турніры, менскага «Дынама» — у Кантынэнтальнай хакейнай лізе, менскай «Юности» — у расейскай Вышэйшай хакейнай лізе. Тады ён заявіў, што гэта ганьба, за якую няма апраўданьня ні спартовым функцыянэрам, ні трэнэрам, ні хакеістам. Але сёньня кіраўнік краіны быў не такі ваяўнічы і даў падначаленым шанец распрацаваць новую стратэгію разьвіцьця хакею ў Беларусі.

Чаканага «адсяканьня галоваў» на дыване ў прэзыдэнта за хакейны правал ня здарылася. Так званая «тройца» ў складзе міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, першага віцэ-прэзыдэнта НАК Ігара Рачкоўскага і прэзыдэнцкага дарадцы ў пытаньнях спорту Максіма Рыжанкова атрымала адтэрміноўку, каб выпрацаваць новую стратэгію разьвіцьця хакею, а свае ідэі, якія паспрыяюць выцягваньню хакею з багны, спартовыя чыноўнікі павінны ўжо бліжэйшым часам агучыць на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Аднак, як перакананы спартовы камэнтатар Аляксандар Пуціла, зь цяперашнімі стратэгамі вырашаць глябальныя задачы немагчыма. На яго думку, на пэўны час трэба ўвогуле забыцца пра хакей як спорт вялікіх дасягненьняў, сканцэнтраваўшыся на падрыхтоўцы юніёраў:

Аляксандар Пуціла
Аляксандар Пуціла
«На дадзены момант нават не ўяўляю, якая можа быць стратэгія і што трэба зьмяняць, адыходзячы ад тых канонаў, якія ўжо склаліся ў беларускім хакеі апошнім часам. Я маю на ўвазе, калі кіруюць не адмыслоўцы, калі кіруюць людзі стомленыя — і ад жыцьця, і ад гэтай працы. А такімі я лічу перадусім старшыню Фэдэрацыі хакею Яўгена Ворсіна і старшыню Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства „Дынама“ Юрыя Бародзіча. Бо фактычна трэба мяняць усё! І абавязкова адчапляцца ад, скажам так, дзяржаўнай справаздачы. Хай хакеісты вырашаюць свае праблемы самі — без усялякіх дакладаў прэзыдэнту, дакладаў народу і г.д. Я думаю, хутчэй так атрымаецца нешта паправіць у нашым хакеі, чым увесь час быць пад прэсінгам дзяржаўных органаў і таго ж прэзыдэнта».

Штогод зь дзяржаўнага бюджэту ў падтрымку хакею сплываюць дзясяткі мільёнаў даляраў. І робіцца гэта з блаславеньня самога Аляксандра Лукашэнкі, для якога хакей ужо шмат гадоў застаецца галоўнай забавай. Пры гэтым большая палова сродкаў ідзе не на разьвіцьцё ўласна хакею, а асядае ў якасьці заробку і ганарараў гульцам і адміністрацыі камандаў. Аднак, нягледзячы на фінансавую стабільнасьць, якой прадстаўнікі іншых сфэраў могуць толькі пазайздросьціць, хакейныя дружыны сынхронна прадэманстравалі, што канчатковы вынік не заўсёды залежыць ад матэрыяльнага дабрабыту.

Бадай, самы балючы ўдар заўзятарам і апекунам з вышэйшых органаў улады нанесла зборная каманда Беларусі, якая за год да зімовай Алімпіяды-2014 прапусьціла ў Сочы сьціплых славенцаў. Зрэшты, карані трэба шукаць яшчэ глыбей — атрымаць алімпійскую пуцёўку без дадатковых высілкаў перашкодзіла 14-е месца, занятае беларусамі на мінулагоднім чэмпіянаце сьвету.

Не апраўдалі спадзяваньняў флягманскія сталічныя клюбы: «Дынама» ня трапіла ў зону плэй-оф КХЛ і цяпер разам зь іншымі аўтсайдэрамі змагаецца за суцяшальны Кубак надзеі. Аналягічны вынік паказала менская «Юность», якая яшчэ раней вылецела з асноўных спаборніцтваў ВХЛ.

Галоўны рэдактар спартовага парталу Goals.by Алег Гаруновіч кажа пра цэлы комплекс праблемаў, якія набраліся ў беларускім хакеі. Спэцыялістаў бракуе, дзіцяча-юнацкія школы ня толькі не зьяўляюцца, а зачыняюцца. Таму ўсё, што цяпер адбываецца, трэба ўспрымаць як дадзенасьць:

«Пралёт „Дынама“ — гэта, вядома, сумна. Але асабіста я ня зьвязваў бы пралёт дынамаўскай каманды міма плэй-оф з праблемамі ўсяго беларускага хакею. У гэтым выпадку ўсё ж нашмат больш паказальны прыклад нацыянальнай зборнай. У менскім „Дынама“ аб’ектыўна сабраныя найлепшыя беларускія гульцы. І гэта проста канстатацыя факту, бо лёгка можна ўявіць, што найлепшых беларускіх хакеістаў забіралі б не ў КХЛ, а ў Нацыянальную хакейную лігу. Хто тады, зноў жа, гуляў бы за зборную Беларусі? У прынцыпе, тыя ж самыя хлопцы, якія гуляюць у камандзе і цяпер — толькі іх бы выклікалі не з КХЛ, а з-за акіяну».
Ёсьць пара нядрэнных легіянэраў ды досыць сярэдні клюб у КХЛ

Спартовы аглядальнік Яўген Валошын лічыць збольшага марнымі вялізныя фінансавыя ўліваньні ў хакей, бо яны пакліканыя стварыць толькі зьнешнюю карцінку спорту № 1. Насамрэч клюбы перасталі рыхтаваць маладое папаўненьне, збольшага разьлічваючы на легіянэраў. На гэтым тле выгадна выбіваецца беларускі футбол: БАТЭ ды некаторыя іншыя калектывы навучыліся папаўняць свае бюджэты дзякуючы эўракубкавым турнірам:

«Трэба ўлічыць, што прорва паміж тым жа футбольным клюбам БАТЭ і хакейным „Дынама“ ці нашай нацыянальнай хакейнай зборнай робіцца яшчэ большай, калі разумееш: хакей ва ўсясьветных маштабах — не такі ўжо папулярны спорт, у прынцыпе. У цэлым у сьвеце ня так ужо шмат краінаў, дзе гуляюць у хакей. У футбол гуляюць на ўсіх кантынэнтах, і хлопцы з БАТЭ здолелі атрымаць годны вынік, заявіць гучна пра сябе, стаць, безь перабольшваньня, усясьветна вядомай камандай. Хакей — гэта ўсяго пара дзясяткаў краінаў. І што да нашага беларускага хакею, то ёсьць пара нядрэнных легіянэраў ды досыць сярэдні клюб у КХЛ, бо нават не назавеш яго моцным серадняком. Авансы зборнай, здаецца, даўно ўжо выдадзеныя».

Некалькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што ня будзе назіраць, у якую яму звальваецца ўвесь беларускі хакей, і прыгразіў падначаленым, каб рыхтаваліся да горшага. Цяпер, як лічаць адмыслоўцы, лёс некаторых галоваў залежыць ад таго, ці прыйдзецца даспадобы кіраўніку краіны прапанаваная імі новая стратэгія разьвіцьця хакею. Зрэшты, сёньня Лукашэнка так і ўдакладніў: «Ня справіліся — усіх мятлой. Горш ужо ня будзе…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG