Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму алькаголь ня можа быць снатворным


П’яны засынае хутчэй, але алькаголь уплывае на сон больш, чым мы думаем, і ня лепшым чынам.

Гэта выснова ўтрымліваецца ў аглядзе новых дасьледаваньняў часопісу «Алькагалізм: клінічныя і экспэрымэнтальныя дасьледаваньні». У прыватнасьці ўстаноўлена, што алькаголь зьмяняе нармальны рытм сну. Чалавек больш часу праводзіць у рэжыме так званага глыбокага ці павольнага сну і адпаведна менш часу ў лёгкім, ці хуткім сьне.

На першы погляд гэта можа падацца выгадай, што алькаголь павялічвае глыбокі сон — чалавек, сьпіць, як кажуць, што забіты. Глыбокі сон вельмі важны для самааднаўленьня арганізму, для ўмацаваньня імуннай сыстэмы. Але і так званы хуткі, ці лёгкі сон таксама важны для чалавека — ён неабходны для ўтрыманьня памяці, канцэнтрацыі ўвагі і рухальных навыкаў. Парушэньне гармоніі сну можа мець нэгатыўны эфэкт на людзей, якія схільныя да начнога апноэ (спыненьня дыханьня) ці тых, хто «сьпіць на хаду».

«Алькаголь увогуле не паляпшае начны сон, — сьцьвярджае Крыс Ідзікоўскі, дырэктар Цэнтра сну ў Эдзінбургу. — Спачатку сон можа быць глыбокім, але потым прыходзяць парушэньні. Акрамя таго, глыбокі сон часта зьвязаны з храпам і слабым дыханьнем. Такім чынам, ня варта чакаць, што алькаголь палепшыць ваш сон.»

У 2011 годзе, дасьледаваньні, праведзеныя Ўнівэрсытэтам Мічыгану (ЗША) паказалі сувязь паміж спажываньнем алькаголю жанчынамі і парушэньнямі іх сну, а таксама агульнай санлівасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG