Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскія цэрквы і сьмяротнае пакараньне.


Кастусь Бандарук, Прага

У нашых праграмах “Выкраданьне Беларусі” і “Беларуская Атлянтыда” мы закраналі пытаньне сьмяротнага пакараньня ў сучаснай Беларусі на фоне іншых краінаў, а таксама ў мінулым, у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Сёньня працягнем гэтую тэму ў іншым аспэкце: як галоўныя хрысьціянскія канфэсіі ставяцца да вышэйшай меры пакараньня? У абмеркаваньні тэмы ўдзельнічаюць:
сакратар Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату а. Ўсевалад Чаплін, кіраўнік катэдры маральнай тэалёгіі з Каталіцкага Ўнівэрсытэту ў Любліне прафэсар Стэфан Кабэрэк і епіскап Эвангельска-Лютэранскай Царквы ў Беларусі Леанід Цвікі.

Сьмяротнае пакараньне здаўна выклікала ажыўленыя дыскусіі. Яны асабліва ўзмацняюцца пасьля гучных зьверскіх забойстваў альбо нейкіх іншых злачынстваў. У такіх выпадках нават духавенства і вернікі паддаюцца эмоцыям і дамагаюцца ўвядзеньня альбо аднаўленьня сьмяротнага пакараньня.

А якая пазыцыя галоўных хрысьціянскіх канфэсіяў у гэтым пытаньні?
У палове ліпеня агенцтва Інтэрфакс паведаміла, што кіраўнік Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Кірыл выказаўся за вышэйшую меру пакараньня. Пасьля гэтага, сакратар Аддзелу а. Усевалад Чаплін заявіў, што РПЦ вітае адмену сьмяротнага пакараньня. Я пацікавіўся ў айца Чапліна, каму верыць у гэтым пытаньні. Вось, што ён адказаў:

(Чаплін: ) “Справа ў тым, што я прысутнічаў на выступленьні Мітрапаліта Кірыла, якое згадаваецца на сайце НТВ-РУ. Ён не гаварыў аб тым, што трэба ўзнавіць сьмяротнае пакараньне. Гэта абсалютна фальшывае тлумачэньне некаторых нашых маскоўскіх журналістаў. Гутарка йшла аб “Сацыяльнай дакртыне РПЦ”, якая была прынятая летась на Архірэйскім саборы. У ёй гаворыцца аб тым, што ў сваім стаўленьні да сьмяротнага пакараньня Царква кіруецца станам грамадзтва, наколькі высокі ў ім узровень злачыннасьці, наколькі эфэктыўныя праваахоўная і судовая сыстэмы. Царква не вуступае “за” альбо “супраць” сьмяротнага пакараньня аднолькава ва ўсіх сытуацыях. Пазыцыя Царквы ў прынцыпе заўсёды больш схіляецца ў бок таго, каб падтрымліваць і вітаць любыя дзеяньні ўладаў, накіраваныя на абмежаваньне альбо адмену вышэйшай меры пакараньня. Адначасова Царква памятае аб тым, што гэтае пытаньне павінна вырашацца ў адпаведнасьці са станам грамадзтва і пры ўдзеле ўсяго грамадзтва”.

(Бандарук: ) “Айцец Усевалад. Сьмяротнае пакараньне выклікае рознагалосьсі ня толкі ў царкоўным асяродзьдзі, але і ў інтэлектуальных колах. Нядаўна Аляксандар Салжаніцын, вязень Гулагу, якога называюць “сумленьнем нацыі” і выдатным гуманістам, выказаўся за сьмяротнае пакараньне для тэрарыстаў, адказных за выбухі жылых дамоў. Дапускаючы сьмяротнае пакараньне, Мітрапаліт Кірыл са свайго боку спаслаўся на Сьвятое Пісаньне. У кожным разе, для сучасных вернікаў спасылка на Стары Запавет можа гучаць мала пераканаўча. Яны могуць спаслацца ня толькі на Новы Запавет, але і на сучасныя прынцыпы гуманізму. Амаль 3.500 гадоў таму, паводле Майсеевага Закону, сьмерцю каралі нават жанчыну, якая пасьля вясельля аказвалася не цнатлівай. Усё ж, якая афіцыйная пазыцыя РПЦ у пытаньні сьмяротнага пакараньня?”

(Чаплін: ) “У Сьвятым Пісаньні не забараняецца сьмяротнае пакараньне. Наадварот. У ім зьмешчаныя вельмі канкрэтныя заклікі караць сьмерцю. Сам Бог загадаў караць злачынцаў сьмерцю. Мы не павінны адмаўляцца ад гэтай спадчыны. Трэба памятаць аб тым, што ўсё такі паміж хрысьціянствам і гуманізмам-вялікая розьніца. З другога боку, памятаючы пра тое, што сьмяротнае пакараньне робіць непапраўнай судовую памылку, што яно не дае чалавеку магчымасьці пакаяцца на пазьнейшым этапе жыцьця, Царква падтрымлівае і вітае крокі дзяржавы накіраваныя на адмену сьмяротнага пакараньня, калі гэтыя крокі адпавядаюць сытуацыі ў грамадзтве. Можна сказаць, што сапраўды ў нас у Царкве ёсьць некаторыя рознагалосьсі ў гэтым пытаньні. Ведаю, што нядаўна адзін са сьвятароў выступаў за сьмяртнае пакараньне для гандляроў наркотыкамі. Тым ня менш, афіцыйная пазыцыя Царквы заключаецца ў тым, што яна вітае крокі дзяржавы, накіраваныя на адмену або абмяжаваньне сьмяротнага пакараньня”.

(Бандарук: ) “Гэта была думка сакратара Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату ў справах ўзаемадачыненьняў з грамадзкасьцю а. Ўсевалада Чапліна. Тут хачу адзначыць, што з гэтым тлумачэньнем пазыцыі РПЦ ён выступіў пасьля таго, як напярэдадні, сваю пазыцыю адносна сьмяротнага пакараньня выказў Уладзімер Пуцін. Прэзыдэнт сказаў, што дзяржава ня можа прысвойваць сабе права пазбаўляць чалавека жыцьця, якое належыць толькі Ўсевышняму. Як згоду РПЦ на сьмяротнае пакараньне, гэтак як і журналісты, зразумелі выказваньне Мітрапаліта таксама некаторыя гіерархі. Камэнтуючы выказваньне Мітрапаліта, старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Расеі Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: “Каталіцкая Царква супраць сьмяротнага пакараньня. Жыцьцё – самы вялікі дар, які атрымаў чалавек. Я не зьбіраюся ўмешвацца ва ўнутраныя справы РПЦ і выказваю сваю пазыцыю, якая супадае з пазыцыяй Папы Яна Паўла ІІ і навукай Каталіцкай Царквы,” – сказаў архібіскуп Кандрусевіч. З просьбай больш дакладана патлумачыць пазыцыю Каталіцкай Царквы наконт сьмяротнага пакараньня я зьвярнуўся да загадчыка катэдры маральнай тэалёгіі Каталіцкага Ўніверсытэту ў Любліне, прафэсара Стэфана Кабэрка”.

(Кабэрэк: ) “У сьвятле Эвангельля Каталіцкая Царква заўсёды выступала ў абарону жыцьця. Зараз, больш дакладна і глыбока пранікаючы ў сэнс Эвангельля, Царква абараняе жыцьцё і годнасьць нават таго, каго грамадзкая думка альбо сьвецкія законы хацелі б асудзіць на сьмерць. Асновай для такой пазыцыі зьяўляецца старазапаветны закон “не забівай”, але таксама прыклад самога Хрыста. Вельмі красамоўная ў гэтым сэнсе сцэна, якая разыгралася на Галгофе. Побач з Хрыстом на крыжы памірае забойца, які, паводле тагачасных законаў, заслужыў на сьмерць. Аднак Хрыстос чакае, не асуджае, дае яму шанец. Каб бачыць ў забойцы шчырае раскаяньне, ён ня толькі даруе яму ягоны грэх, але кажа: “Будзеш са мною ў раі”. Такім чынам, у імя Эвангельля, у імя той праўды, што Бог – гэта любоў, трэба зрабіць усё магчымае, каб нават найгоршаму злачынцу ўсё такі даць шанец, хаця, зразумела, ізаляваць яго, не дазволіць яму паўтарыць ягонае злачынства, ня даць больш крыўдзіць людзей”.

Прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы заявіў, што “пытаньне сьмяротнага пакараньня павінна вырашаць само грамадзтва альбо дзяржава ў адпаведнасьці з сытуацыяй, узроўнем злачыннасьці і гэтак далей”. Выглядае, што калі, напрыклад, узрасла злачыннасьць, калі перапоўненыя турмы, можна ўвесьці сьмяротнае пакараньне, а калі злачынстваў няшмат – можна адмовіцца ад яго. Атрымоўваецца, што каштоўнасьць чалавечага жыцьця вельмі ўмоўная. А як ставіцца да гэтага Каталіцкая Царква…Прафэсар Стэфан Кабэрэк.

(Кабэрэк: ) “У сьвятле Божай праўды, канчатковага прызначэньня чалавека і ягонай годнасьці, Каталіцкая Царква заўсёды вельмі выразна выступала супраць выкананьня сьмяротных прысудаў. Найлепшым прыкладам зьяўляюцца выказваньні Папы ў абарону Тыматы МэкВэя. На аснове Эвангельля ў інструкцыі Кангрэгацыі Навукі Веры “Dominuм Vitae” гаворыцца: “Жыцьцё чалавечае – сьвятое, бо з самога пачатку яно застаецца ў спэцыяльнай лучнасьці са сваім Стваральнікам, сваёй адзінай мэтай. Бог – валадар жыцьця ад пачатку і да канца. Ніхто ў ніякай сытуацыі ня мае права адабраць у чалавека жыцьцё”. Зразумела, тут маюцца на ўвазе і ненароджаныя, і старыя, хворыя людзі, калі пачынаюць весьці гутарку пра эўтаназію і пра таго, хто ў сьвятле чалавечых законаў заслугоўвае сьмерці. Закон Божы вышэй чалавечых законаў. Чалавечая годнасьць патрабуе, каб іншы не выконваў над ім гэтага канчатковага прысуду. Ён ня мае права забіць іншага чалавека у ніякай сытуацыі. Калі найвышэйшым законам хрысьціянства, Эвангельля зьяўляецца закон любові, дык нельга пазбавіць гэтага права нават чалавека, які ў сваім жыцьці дапусьціўся злачынства”.

Гэта быў каталіцкі тэоляг прафэсар маральнай тэалёгіі з Каталіцкага Люблінскага Ўнівэрсытэту Стэфан Кабэрэк. З гэтым жа пытаньнем пра стаўленьне да сьмяротнага пакараньня я зьвярнуўся да
прадстаўніка яшчэ адной традыцыйнай на Беларусі канфэсіі, епіскапа Эвангельска-Лютэранскай Царквы Леаніда Цвікі:

(Цьвікі: ) “Зьдзейсьніць адплату ад Божага імя – гэта задача дзяржавы. Задача і абавязак дзяржавы абараняцца ад тэрарыстаў, злачынцаў і замаху з боку іншых дзяржаваў. У Лісьце да Рымлянаў (13,4) гаворыцца: “Начальнік-божы слуга табе на дабро. Калі ж робіш благое – бойся, бо ён ненадарма носіць меч”. “Насіць меч” азначае, што прадстаўнік дзяржавы надзелены ўладай над жыцьцём грамадзянаў. Тут выразна маецца на ўвазе сьмяротнае пакараньне. Апостал Павал у прынцыпе прызнае гэтае пакараньне. У Кнізе Дзяў ён кажа: “Калі я вінаваты і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не адмяўляюся памерці, але калі я не вінаваты ў тым, у чым мяне абвінавачваюць, дык ніхто мяне ня можа выдаць ім, і я патрабую кесаравага суду”. Такім чынам, караць або не караць сьмерцю, гэта права дзяржавы. Яна павінна кіраваць, ажыцьцяўляць правасудзьдзе ад божага імя. Іншая справа, што дзяржава павінна быць асьвечанай і прызнаваць хрысьціянскія каштоўнасьці”.

(Бандарук: ) “Леанід Юльевіч, Вы падкрэсьліваеце, што дзяржава мае права і абавязак абараняць грамадзтва ад злачынцаў. Гэта не падлягае сумневу. Аднак пытаньне стаіць гэтак – ці павінна быць ўжываная найвышэйшая мера пакараньня? Што Вы думаеце на гэты конт?”

(Цьвікі: ) “Што тычыцца маёй думкі, дык я супраць сьмяротнага пакараньня. Нашая Царква занепакоеная магчымасьцю судовых памылак. Акрамя таго вядома, што Бог можа абудзіць у сэрцы грэшніка шчырае пакаяньне. У Сьвятым Пісаньні выразна гаворыцца, што “пасудзіны ганьбы сілаю і ўзьдзеяньнем Божым могуць ператварыцца ў пасудзіны славы”. Магу спаслацца на тэкст адной з сымбалічных кнігаў Эвангельска-Лютэранскай Царквы, у якой гаворыцца: “У той жа ступені, у якой Бог не жадае граху і ня мае ніякай прыемнасьці ад яго, гэтак жа Ён не жадае і сьмерці грэшніка, і не дае Яму ніякай асалоды асуджэньне грэшніка, бо “ня хоча каб хто-небудзь, але каб усе пакаяліся”. Сьвятое Пісаньне выразна гаворыць, што “пасудзіны ганьбы, сілаю і ўзьдзеяньнем Божым могуць ператварыцца ў пасудзіны славы”.

Гэта было меркаваньне епіскапа Эвангельска-Лютэранскай Царквы Беларусі Леаніда Цвікі. Такім чынам, хаця і ёсьць некаторыя перастаноўкі акцэнтаў, аднак прадстаўнікі трох асноўных хрысьціянскіх канфэсіяў ў асноўным згодныя ў пытаньні сьмяротнага пакараньня. Калі трымацца літары Сьвятога Пісаньня, дык можна ў ім знайсьці апраўданьне сьмяротнага пакараньня. У 9-м разьдзеле Кнігі Быцьця гаворыцца: “Хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека” ( Быцц. 9,6). Наўмыснае забойства адкуплялася толькі жыцьцём забойцы. “Хто заб’е якога-небудзь чалавека, той будзе пакараны сьмерцю” ( Лев.24,17). У 35-м разьдзеле Кнігі Лічбаў шэраг разоў адзначаецца, што “наўмыснага забойцу трэба пакараць сьмерцю” і што “ў якасьці помсты кожны мае права забіць забойцу калі толькі сустрэне яго”. Аднак ў Законе выразна разьмяжоўвалася наўмыснае і ненаўмыснае забойства, а пакараць сьмерцю можна было толькі на аснове паказаньняў як мінімум двух сьведкаў. На гэтае старажытнае правіла спасылаюцца сучасныя прыхільнікі сьмяротнага пакараньня. З другога боку, Хрыстос скасаваў старажытнае правіла “вока за вока, зуб за зуб”. “Вы чулі, што сказана старадаўнім: не забівай; хто ж заб’е – падлягае суду. А я кажу вам, што ўсякі хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду”( Мац.5, 21-22). Паводле Хрыста, хрысьціянская любоў павінна схіліць чалавека любіць нават ворага, а са злом трэба змагацца сілаю дабра.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG