Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскол у Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве


Кастусь Бандарук, Прага

(Бандарук: ) “Прывітаньне. Беларускай аўтакефаліі мы ўжо прысьвяцілі адну зь перадачаў Сымбалю Веры. Нагадаю толькі, што ўжо пры канцы 13 стагодзьдзя існавала незалежная Наваградзкая Мітраполія. Затым некалькі разоў аўтакефалія аднаўлялася: ў 1812, 1927, 1942 і 1948 гадох. На жаль, у пачатку 80 БАПЦ падзялілася. Узьніклі два канкурэнтныя адгалінаваньні. Частка парафіяў у Амэрыцы, Аўстраліі і Эўропе, якіх наагул больш за дзесятак, засталася пры Мітрапаліце Мікалаю, а другая пры Мітрапаліце Ізяславе. Не паглыбляючыся ў пытаньне, хто зь іх мае рацыю, хто кананічны, а хто некананічны, мы абодвух называем Мітрапалітамі, і проста канстатуем факт, што падзел існуе.

Шмат хто лічыць, што такая сытуацыя ў БАПЦ дыскрэдытуе саму ідэю аўтакефаліі. Кожны мае падставы сказаць: перш чым прапагандаваць аўтакефалію ў Беларусі, сьпярша прымірыцеся паміж сабою там ў Амэрыцы. Вось таму з пытаньнем, ці робяцца нейкія спробы прымірэньня, я зьвярнуўся да абодвух мітрапалітаў – Мікалая і Ізяслава. Паколькі Мітрапаліт Ізяслаў хворы, ён упаўнаважыў адказаць ад свайго імя сакратара Кансысторыі Барыса Данілюка. Калі ласка, спачатку Ўладыка Мікалай.

(Мікалай: ) “У нас з другой часткай Царквы, колькі мы ні намагаліся, ніякага паразуменьня няма. Яны з намі не пагаджаюцца поўнасьцю. У 95-м годзе я асабіста зьвяртаўся да Ізяслава. У той час паехаў ў Бруклін, пакойны ўжо Мікола Ганько, аднак нічога там не дасягнуў, апрача таго, што пазьней яны яшчэ больш пачалі пра нас ўсякае гаварыць. У 97-м годзе Васіль Сёмуха прыслаў мне ліст, адрасаваны да абодвух епіскапаў. Ён казаў, што ягоная дачка ў Амэрыцы і яна можа заняцца справай аб’яднаньня БАПЦ. Я адпісаў яму і даў сваю згоду, аднак пасьля гэтага ні дачка Сёмухі, ні ягоны зяць Васілеўскі не адазваліся да мяне. Не пісаў болей і сам Сёмуха. Значыць, другі бок поўнасьцю адкінуў ідэю паяднаньня.”

(Бандарук: ) “Уладыка! Вас асабіста, другая частка Царквы можа цалкам не ўспрымаць, але ж цяпер у Вас ёсьць памочнік, які ня мае нічога супольнага з гэтым працяглым канфліктам. Ён малады, адукаваны епіскап, і, здаецца, Вы яму даручылі пасярэдніцкую місію?”

(Мікалай: ) “Адразу пасьля таго, як мы высьвяцілі новага епіскапа Аляксандра, то правялі паседжаньне, на якім упаўнаважылі яго заняцца паяднаньнем. Уладыка Аляксандар езьдзіў да спадара Барыса Данілюка, бачыўся таксама зь Ізяславам і з архімандрытам Драздоўскім. Усе разам яны гутарылі пра аб’яднаньне Царквы. На жаль, відавочна, што другі бок дагэтуль няздольны пайсьці на прымірэньне. Яны адмовіліся і настойваюць на самым строгім пакараньні мяне”.

(Данілюк: ) “Ня так даўно рымскі Папа прасіў выбачэньня ва ўсіх тых, што пацярпелі ад учыненых пад імём Каталіцкае Царквы перасьледаў, каталіцкая ідэя ці справа з гэтае прычыны аднак не пацярпела. Поўная жахаў і гісторыя Расейскае Правасалаўнае Царквы, што не перашкаджае ідэі расейскага праваслаўя быць папулярнай ня толькі ў Расеі, але й сярод нямала каго з нашых суродзічаў.

Толькі калі ў БАПЦ знайшліся наважаныя на яе шкоду бунтаўнікі, што за тое былі пакараныя і ад яе адлучаныя, ня сьціхае варожая прапаганда, што нейкі быццам падзел ў БАПЦ робіць ідэю аўтакефаліі нягоднай. Вось жа, ніякага падзелу ў БАПЦ няма, а ёсьць людзі, што бяспраўна й несумленна выкарыстоўваюць імя нашае Царквы і пазбаўлены духоўніцкае годнасьці былы архіепіскап Мікалай з падманутымі ім ягонымі пасьлядоўнікамі, самапастаўлены Патрыярх Рыжы ды сьвятар Спасюк. На жаль, гэтую фікцыю падтрымоўваюць і беларускія перадачы Радыё Свабода.

Што да так званага прымірэньня, дык БАПЦ не таіла і ня тоіць, што гатовая вітаць тых, што пайшлі памылковымі сьцежкамі й вернуцца да яе, але сама ня пойдзе на гэныя сьцежкі, ані дасьць узнагароду за іхны блуд. На жаль, гэтага яны якраз і дамагаюцца, а калі не асягаюць, дык з пакрыўджанага робяць вінаватага. Казаць жа, што без прымірэньня з тымі, якія ня вызнаюць царкоўных правоў і парадкаў, немагчымая прапаганда ідэі аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы, нічога іншага як варожая прапаганда.”

(Бандарук: ) “Як я разумею, спадар Данілюк, Мітрапаліт Ізяслаў не прызнае ніякага падзелу, але бачыць раскол і бунт. Паводле вас, Мітрапаліт Мікалай парушыў правілы царкоўнай дысцыпліны і ня можа быць гаворкі аб прымірэньні зь ім. Ня можа быць і мовы пра раўнапраўны дыялёг паміж двума епіскапамі. Проста Мітрапаліт Мікалай, які павінен пакаяцца і вярнуцца пад амафор Мітрапаліта Ізяслава… Уладыка, ці гэтак і Вы ўяўляеце паяднаньне?”

(Мікалай: ) “Мой падыход да паяднаньня іншы. Я стаўлю такую вось умову. Усё тое, што было дагэтуль трэба пакінуць за сабою. Трэба сабрацца разам і рабіць пляны на будучыню. Калі мы дамовімся паміж сабою і сыдземся разам, тады зьбярэцца агульны Сабор БАПЦ, з абодвух бакоў разам, і Сабор абярэ новага Першагерарха. І каго Сабор выбярэ, я пагаджуся з гэтым”.

(Бандарук: ) “Уладыка. З таго, што мы толькі што чулі - гэта мала верагоднае. Як вынікае з Вашых словаў, Мітрапаліт Ізяслаў катэгарычна адкідае працягнутую Вамі да згоды руку. Як жа Вы сабе ўяўляеце паяднаньне, калі другі бок гэтага ня хоча?”

(Мікалай: ) “Там адна асоба – Барыс Данілюк – ня хоча гэтага яднаньня. Я нават ня думаю, што ня хоча сам Ізяслаў. Раскажу Вам адзін выпадак. Да мяне зьвярнуўся Зянон Пазьняк, які спрабаваў прымірыць нас. Калі ён зьвярнуўся да мяне, я сказаў, што поўнасьцю падтрымаю гэты плян. Пасьля Пазьняк сустрэўся зь Ізяславам, але калі ён задаваў Мітрапаліту пытаньні, адказваў на іх спадар Данілюк. Якраз у гэтым, я думаю, асноўная прычына таго, чаму ў нас дагэтуль няма згоды”.

(Бандарук: ) “Спадар Данілюк. Мітрапаліт Мікалай кажа, што гэта найперш Вы не адкідаеце працягнутую да згоду руку. Аднак жа Вы прамаўляеце ад Імя Мітрапаліта Ізяслава. Скажыце, калі ласка, адкуль такая непрымірымасьць?”

(Данілюк: ) “Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода ў вялікім даўгу перад слухачамі ейных перадачаў, бо ўжо 20 гадоў робіць рэкляму растрыжанаму архіепіскапу Мікалаю, а прамоўчвае праўна выбранага перашагерарха БАПЦ, Я. М. Мітрапаліта Ізяслава. Нават і гэтым разам, упершыню даўшы мне голас, вы абмяжавалі да 7 хвілінаў мае тлумачэньні запраўднае сытуацыі ў БАПЦ, на што трэба было б шмат больш часу. Як я ўжо казаў, былы архіепіскап Мікалай за шкодную для БАПЦ дзейнасьць яшчэ ў 1982 годзе быў Саборам Епіскапаў пазбаўлены духоўніцкае годнасьці, або, папросту кажучы, растрыжаны.

Перад гэтым пакараньнем яму неаднаразова былі дадзеныя магчымасьці спыніць шкодную дзейнасьць і падпарадкавацца царкоўнай дысцыпліне, якія ён, дагаджаючы пазацаркоўным дзеячам, ня толькі ўсе да аднае адкінуў, але й пайшоў ў ягоным блудзе далей, абвяшчаючы сябе мітрапалітам ды ствараючы хвальшывыя ворганы царкоўнага кіраўніцтва. Тое, што ён назывыве цяпер працягваньнем рукі да згоды, нішто іншае як спробы падмануць кіраўніцтва й вернікаў БАПЦ на зацьверджаньне і пахвалу ягоных шкодных і грэшных учынкаў, ды гэтым з пакрыўджаных зрабіць вінаватых. Як прыклад, быў бы вернікам БАПЦ ды як глядзеў бы на яе вонкавы сьвет, калі б яе кіраўніцтва, крытыкуючы Маскоўскі Патрыярхат, давала ўзнагароды тым, што пайшлі на здрадніцтва і арганізоўвалі непарадкі?”

(Бандарук: ) “Мне, зразумела, цяжка даваць ацэнку дзеяньням герархаў, і я не зьбіраюся стаць на якім-небудзь з бакоў. У кожным разе, я проста канстатую, што сама гэтая сытуацыя шкодзіць Царкве. Мусіць жа быць нейкае выйсьце… Вашае меркаваньне, Уладыка…”

(Мікалай: ) “У нас тут, на Захадзе, я пражыў з Царквою 47 гадоў. 33 гады я ўжо епіскапам. Я паважаю Царкву. Гэта ёсьць божая ўстанова, але ў Царкве – людзі, і яны ўносяць у Царкву бруд. Людзі свой бруд мусяць вычысьціць з Царквы. Вось гэткі мой падыход, і таму я стараюся, каб любою цаною гэтае злучэньне, паяднаньне ў нас адбылося. Я пісаў Ізяславу і казаў яму, што нашыя людзі тут, на Захадзе, і ў Беларусі чакаюць ад нас добрае волі. Яны хочуць, каб мы маглі служыць ў адной Царкве для дабра свайго народу. Ня ведаю, як будзе далей, але я заўсёды буду гатовы да злучэньня”.

(Бандарук: ) “Тым ня менш, Уладыка, спадар Данілюк адназначна кажа, што працягнутая Вамі да згоды рука – гэта спроба падману. Я хачу тут вярнуцца да ўжытай мною раней фармулёўкі, што “падзел у БАПЦ дыскрэдытуе саму ідэю аўтакефаліі”. Спадар Данілюк. Вы кажаце, што ніякага падзелу няма. Ёсьць толькі бунтаўнікі, якія павінны пакаяцца. Але ж, такая сытуацыя, калі й не дыскрэдытуе ідэю аўтакефаліі ў Беларусі, дык напэўна ёй не дапамаге. Калі і знойдуцца Ў Беларусі прыхільнікі аўтакефаліі, дык куды і да каго яны маюць зьвяртацца? Да Мікалая ці да Ізяслава? Можа й таму а. Іван Спасюк зьвярнуўся да самазваннага “патрыярха” Рыжага. У сёлетнім калядным вітаньні, Мітрапаліт Ізяслаў напісаў: “усе разам узнаўляйма на Бацькаўшчыне нашую родную БАПЦ”. Але ж, ці Мітрапаліты, хай сабе і асобна, самі нешта робяць дзеля незалежнай царквы ў Беларусі, ці выступаюць зь нейкімі ініцыятывамі? Спадар Данілюк”.

(Данілюк: ) “Гэтай справай, пэўна ж, заняты не адзін Мітрапаліт Ізяслаў, але й дзейныя вернікі БАПЦ, ды не ад апошніх Калядаў, а ўжо гадамі. Бяда, што пачынаць яе давялося не з нуля, але зь мінуса, перш, далікатна кажучы, з прычыны абыякавасьці да праваслаўя з боку адраджэнскага актыву, а з другога боку ў выніку байкоту гэтым актывам Я.М. Мітрапаліта Ізяслава ды рэклямы пазбаўленага духоўніцкае годнасьці былога архіепіскапа Мікалая, які, паехаўшы ў 1992 годзе ў Беларусь, замест таго, каб узнаўляць там БАПЦ, пакланяўся маскоўскаму экзарху і прасіўся ў яго стаць разам і побач”.

(Бандарук: ) “Уладыка. Сакратар Мітрапаліта Ізяслава лічыць, што замест таго, каб узнаўляць на Бацькаўшчыне аўтакефалію, Вы пакланіліся Маскоўскаму Экзарху. Аб чым Вы, на самой справе, зь ім гаварылі?”

(Мікалай: ) “Я сапраўды спатыкаўся зь Мітрапалітам Філарэтам і там была кранутая справа аўтакефаліі. Ён паставіўся да справы гэтак, каб падпарадкавацца яму. Я са свайго боку адзначыў, што ягоная Царква належыць да Расейскай Царквы. “Вы належаце да Маскоўскага Сыноду”-кажу я. Тады Філарэт папракнуў мяне, што нашая Царква некананічная. Я ў адказ нагадаў яму, што Расейская Царква была некананічнай 140 гадоў, дык нам засталося яшчэ 100 гадоў. Пасьля гэтага Філарэт нічога больш не пытаўся”.

(Банадрук: ) “Здаецца, зразуменьня, а тым болей падтрымкі з боку Філарэта й нельга было чакаць. Аднак зацікаўленьне аўтакефаліяй ў Беларусі ёсьць. Ці Вы, Уладыка, прадпрыймалі нейкія арганізацыйныя крокі ў гэтым накірунку?”

(Мікалай: ) “Калі й была якая-небудзь гаворка на гэты конт, дык найперш з тымі, хто прыяжджаў зь Беларусі ў Амэрыку. Некаторыя казалі мне: Вы едзьце на Беларусь і там арганізуйце Царкву”. Аднак мая пазыцыя такая: калі сапраўды ёсьць людзі, якія гэтага хочуць, тады можна туды ехаць, арганізаваць і дапамагчы ім, але ня ехаць і самому толькі пачынаць шукаць прыхільнікаў аўтакефаліі”.

(Бандарук: ) “Часта можна пачуць выказваньні, што ніводная краіна не дасягне поўнай незалежнасьці, калі ня будзе мець сваёй нацыянальнай Царквы. Ці, на Вашую думку, ня будзе і поўнасьцю незалежнай Беларусі без незалежнай ад Масквы Царквы? Спадар Данілюк. Ці згодны з гэтым Мітрапаліт Ізяслаў?”

(Данілюк: ) “Мяне дзівіць, што ў беларускіх перадачах Радыё Свабода гэтая аксыёмная праўда ставіцца пад дыскусію. Усе дзяржавы, дзе праваслаўнае насельніцтва ў большасьці або ў значнай колькасьці, маюць свае аўтакефальныя альбо аўтаномныя цэрквы , што спрыяюць нацыянальным, а не маскоўскім інтарэсам. Чамусьці ў нас дапушчаецца, што Беларусь можа дасягнуць дзяржаўнай незалежнасьці насуперак духоўнаму кантролю над яе насельніцтвам з боку Маскоўскага Патрыярхату, які служыць расейскім вялікадзяржаўным інтарэсам. Гэтаму, аднак, пярэчаць падзеі апошняга дзесяцігодзьдзя, зь якіх відно, што вярнулі сабе дзяржаўную незалежнасьць толькі народы, якія вольныя ад маскоўскага рэлігійнага кантролю, а Беларусь, дзе гэтая пятля непарваная, ідзе да страты сувэрэнітэту і да русыфікацыі насельніцтва”.

(Мікалай: ) “Гэта поўнасьцю праўда. Я гэта разумеў ўжо ў той час, калі пайшоў на сьвятара. Царква ёсьць душа народу. Хто пануе над царквою, той пануе над народам. Таму нам трэба любою цаною старацца, каб у нас, у Беларусі, магла быць аўтакефальная беларуская Царква, бо бяз гэтага ня будзе і незалежнасьці народу”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG