Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супольны Вялікдзень: што яднае і што падзяляе хрысьціянаў?


Міхась Скобла, Менск

Сёлета Вялікдзень праваслаўныя і каталікі сьвяткавалі ў адзін дзень. Гэта сымбалічна і можа разглядацца як своеасаблівы знак звыш: “забыць спрэчкі-звадкі, адной дзеці маткі” — паводле Янкі Купалы. І я зьвяртаюся да сваіх суразмоўцаў, паэткі Ірыны Багдановіч і перакладчыка, сакратара Біблійнай камісіі Беларускага Экзархату Івана Чароты: супольны Вялікдзень для вас што — прыхамаць календара ці нешта большае?

(Ірына Багдановіч: ) “Для мяне гэта вялікае сьвята незалежна ад таго, супалі Вялікадні праваслаўны і каталіцкі, ці не. Вядома ж, душа разрываецца, калі яны не супадаюць. Але сёлета душа, можа быць, больш напоўненая і сьвяткуе з радасьцю, нічым не азмрочанай, ніякімі падзеламі. Няма той мяжы, якая падзяляе два Вялікадні, мы пераступаем яе ў гэтым знаку сымбалічным, і застаецца адзіная вялікая містычная тайна — нашай еднасьці ў Хрысьце”.

(Міхась Скобла: ) “Што для Ірыны Вялікдзень — сьвята са сьвятаў, сьведчыць і тое, што адзін зь яе паэтычных зборнікаў называецца “Вялікдзень”. А для вас, спадар Чарота, гэтае супадзеньне што азначае?”

(Іван Чарота: ) “Ужо само тое, што нас радуе супадзеньне, зьяўляецца сьведчаньнем усё ж такі расколу. Вельмі лёгка можна было бы вярнуцца да аднаго календара, і не было бы разыходжаньняў. Так што знак тут з падвойным значэньнем”.

(Скобла: ) “Сорак гадоў таму на Другім Ватыканскім саборы была прынятая патанова “Аб экумэнізме”. Што за гэты час зроблена дзеля рэальнага збліжэньня дзьвюх цэркваў?”

(Багдановіч: ) “Экумэнічны рух задуманы як шлях да ўзнаўленьня адзінства царквы, да монаканфэсійнасьці, але ён адначасова зьяўляецца нечым большым. Таму што монаканфэсійнасьць сама па сабе ўжо нерэальная, ды яна, відаць, і не патрэбная. Гэты распадзел, гэтая шматаблічнасьць хрысьціянства, відаць, была дапушчаная самім Богам, і мы тут ня можам супярэчыць Яго волі. Таму я бачу экумэнізм як пошук інтэгральнай духоўнай практыкі, такога міжхрысьціянскага дыялёгу, які вядзе да садружнасьці, да супрацоўніцтва, да выпрацоўкі агульных шляхоў удасканаленьня духоўнай практыкі, якая ў прынцыпе адна, бо Бог адзіны, але Ён раствораны ў многасьці. І вось да гэтага адзінства мы ідзем увесь час”.

(Скобла: ) “А як праваслаўная царква за прамінулыя сорак гадоў рэагавала на ініцыятывы Ватыкану, спадар Чарота?”

(Чарота: ) “Экумэнічны рух ні ў якім разе не сыходзіў ад каталіцкай царквы і Ватыкану. Ватыкан у экумэнічным руху паводзіць сябе найбольш асьцярожна, калі мякка азначыць. Што датычыць еднасьці царквы, то тут я з Ірынай Багдановіч пагадзіцца не магу. Па-першае, для мяне не дапушчана, а папушчана. І папушчана менавіта для павучэньня і ўразуменьня нашага. А адзінства царквы для мяне ня толькі не магчымае, а патрэбнае. Мы за гэта і молімся, у Сымбалі веры мы гаворым пра адзіную Саборную і Апостальскую царкву. Слова “айкумена” ў перакладзе азначае ўсё насельніцтва зямлі, Сусьвет, інакш кажучы. Адпаведна, экумэнізм адпавядае ідэі сусьветнага парадку, які ў вельмі розных інтанацыях абмяркоўваецца рознымі бакамі. Між тым, экумэнізм мае ня толькі рэлігійны, але й палітычны зьмест. І мы вельмі часта накладаем на экумэнізм свае ўяўленьні, свае палітычныя і грамадзкія падыходы. Часам яны ў пэўным сэнсе носяць атэістычны характар”.

(Скобла: ) “Вы, спадар Чарота, неаднойчы бралі ўдзел у міжнародных міжканфэсійных дыялёгах. Ці ёсьць карысьць ад гэтых сустрэчаў?”

(Чарота: ) “Я ўдзельнічаў у чатырох міжнародных замежных сустрэчах, тыя, што ў нас праводзіліся, я не лічу. Найперш згадаю Грац, дзе адбылася Другая міжнародная экумэнічная асамблея. А апошняя па часе адбылася зусім нядаўна, месяц таму, у Гнезьне — у першай сталіцы Польшчы, называлася “Хрысьціянства ў працэсах аб’яднаньня Эўропы”. Самыя супярэчлівыя ўражаньні засталіся ад сустрэчы ў Грацы. Увесь горад быў абвешаны плякатамі з выявамі Хрыста: жоўтага, белага і чорнага паводле расы. Значыць, Хрыстос — і нэгроід, і мангалёід? Для мяне гэта жахліва. Ня менш жахліва тое, што ў агромністым памяшканьні, дзе прадстаўляліся розныя канфэсіі, былі стэнды бахаітаў, крышнаітаў і… гомасэксуалістаў. Калі звальны грэх — гэта таксама экумэнізм, то я яго прымаць не хацеў бы”.

(Скобла: ) “Такім чынам, падобныя сустрэчы яшчэ больш дадаюць непаразуменьня і разыходжаньня між канфэсіямі? Я правільна вас зразумеў?”

(Чарота: ) “Так. Бо, паўтаруся, калі мы маем пра экумэнізм розныя ўяўленьні, калі мы адыходзім ад веравызнаўчых катэгорыяў і паняткаў, то ўсе сустрэчы ператвараюцца ў нейкія шоў, у балаган, калі ня ў горшае”.

(Скобла: ) “Магчыма, каб мець пра экумэнізм аднолькавыя ўяўленьні, варта было б дамовіцца на ўзроўні першаярархаў? Папа Рымскі Ян Павал ІІ сустракаўся з Патрыярхам Канстантынопальскім Варфаламеем, і неба на зямлю ня ўпала. Чаму падобная сустрэча ня можа адбыцца паміж галавой Ватыкану і Патрыярхам Аляксіем? Чаму з гэтага робіцца вялікая палітыка, такі галас вакол самой магчымасьці гэтай сустрэчы?”

(Багдановіч: ) “У друку ўвесь час абгаворваецца гэтае пытаньне, і віна за гэтую несустрэчу ўскладваецца, звычайна, на Яна Паўла ІІ. Маўляў, пры гэтым Папу ня можа адбыцца сустрэчы. Ну, тлумачэньняў асаблівых няма, за выключэньнем польскага паходжаньня Папы. Я зьдзівілася, калі сустрэла ў друку і такую думку: несустрэчу правакуе польская кроў Яна Паўла ІІ, другі бок хоча ўзяць рэванш за страчаную Рэч Паспалітую. Да таго ж, на Папу ўскладваецца віна з праваслаўнага боку за гэтак званыя непаразуменьні падчас яго візыту на Ўкраіну, у Галіччыну. Хаця там, як мне здаецца, зноў жа з палітычных мэтаў была разыграная ўніяцкая карта, дзеля, вядома, палітычных мэтаў, а не для паразуменьня і дыялёгу міжканфэсійнага”.

(Чарота: ) “Я толькі часткова згодзен з вамі, Ірына: за гэтым стаіць палітыка. Але палітыку я бачу якраз у прапанове гэтай сустрэчы, у настойлівай прапанове і нават навязваньні. Сустрэча як рэч у сабе нічога значыць ня можа. Яна толькі тады нешта будзе значыць, калі будуць вырашаныя супярэчлівыя праблемы, якія існавалі й існуюць сёньня між праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. Калі яны будуць вырашаныя, а акурат на гэтым настойвае Патрыярхат Маскоўскі, тады й можа адбыцца сустрэча. Лёгіка мне ў гэтым бачыцца вельмі выразная й цьвёрдая”.

(Скобла: ) “У Беларусі больш за тысячу праваслаўных прыходаў. Патрыярх Аляксій неаднойчы сустракаўся са сваёй беларускай паствай. Аднак, у нашай краіне каля 400 каталіцкіх парафій, і Ян Павал ІІ наведаць беларускіх каталікоў магчымасьці ня мае. Але ж далёка ня кожны можа паехаць на сустрэчу з Папам у Рым ці яшчэ некуды. Чаму з-за палітыкі павінны цярпець шараговыя вернікі?”

(Багдановіч: ) “На маю думку, тут выразна праглядаецца тэндэнцыя вялікай сымпатыі беларускай дзяржавы да праваслаўнай царквы. Мы ведаем з гісторыі, што моцныя дзяржавы ствараліся пры адзінай веры. Скажам, Польшча — гэта злучанасьць з каталіцызмам, Расея — гэта праваслаўе, і расейскі патрыятызм злучаны з гэтым. Для Беларусі такая сытуацыя ў прынцыпе немажлівая, але нашыя ўлады зрабілі свой выбар. Каталіцкая канфэсія ў параўнаньні з праваслаўнай апынулася ў ролі пасынка”.

(Чарота: ) “Праблема не стаіць так: можа прыехаць ці не? Калі б так ставілася пытаньне, то праблема вырашылася б сёньня зранку. Пытаньне пра статус візыту. Папа ж ня толькі галава каталіцкай царквы, але й кіраўнік дзяржавы Ватыкан. Да таго ж ёсьць праблема кананічных тэрыторыяў, якая ўскладненая праблемамі, ініцыяванымі менавіта Ватыканам. Маецца на ўвазе прастора ня толькі кананічная, але й місійная, востра стаіць праблема празэлітызму. А каталіцкая царква апошнім часам акурат і займаецца празэлітызмам, што, вядома ж, дадае супярэчнасьцяў. Сьвежае на нашай памяці — чым суправаджаліся візыты Папы ва Ўкраіну, якімі супярэчнасьцямі ў народзе? І ў Грузію таксама? Так што ўлічваць нават гэты досьвед нашай дзяржаве патрэбна”.

(Скобла: ) “На тым самым Другім Ватыканскім саборы было дазволена праводзіць багаслужбы на нацыянальных мовах. Вы, спадар Чарота, пераклалі верш сербскай паэткі Дэсанкі Максімавіч “Цуд у царкве”. Давайце паслухаем яго, перш чым весьці нашу гутарку далей:

У старажытнай царкве мураванай,
дзе моляцца рыбакі і сяляне,
абат на чужой мове чытае:
“Ave Maria, аvе...
Раtеr nоster...”,
а пад каменнымі зводамі
водгульле разносіцца:
“Маці Божая... Ойча наш, Ойча...”
Другі раз абат малітву пачынае
словамі, як нажы, вострымі:
“Раtеr nоster, Раtеr nоster...”,
ды ізноў па храме адгукаецца:
“Уладару, Божа, наш ласкавы Ойча...”
Штодня зьбіраюцца людзі,
каб стаць сьведкамі цуду:
на прамоўленыя словы чужыя
адзываюцца зьверху тыя,
што ў сьвятыні адвеку
гучалі тутэйшаму чалавеку.
І трэці раз, гэткі цуд не прымаючы,
“Раtеr… Раtеr…” — абат паўтарае,
а скляпеньні царквы ўсё роўна
вяртаюць словы, люду родныя.


Але сёньня беларуская мова гучыць пераважна ў касьцёле. Дык чаму “цуд”, апісаны паэткай, не адбываецца ў праваслаўнай царкве?”

(Чарота: ) “Калі Другі Ватыканскі сабор дазволіў нацыянальныя мовы з 1965 году, то праваслаўная царква карыстаецца нацыянальнай мовай з 9 стагодзьдзя — на тысячу гадоў больш. Бо царкоўнаславянская ўспрымаецца адназначна як свая мова, а не чужая. Што да сучасных моваў, то я хацеў бы зрабіць удакладненьне. Асабіста я ведаю тры дзясяткі сьвятароў, сьвяшчэннаслужыцеляў праваслаўнай царквы, якія пры запатрабаванасьці могуць і служаць па-беларуску ўсе трэбы, якія замаўляюцца. Але я хацеў бы сказаць і пра іншае. Я, ня хвалячыся, — сталы прыхажанін Петрапаўлаўскага сабору ў Менску, дзе да беларускай мовы вельмі паважнае стаўленьне. Дык вось, даводзілася назіраць (раней часьцей, цяпер, праўда, радзей), як людзі выходзілі з храму, калі пачыналася чытаньне Эвангельля па-беларуску. Значыць, можна шанаваць мову ў побыце, у іншых сфэрах, але ў сакральнай сфэры прымаць ці не прымаць — гэта справа вельмі далікатная. І сілаю ўводзіць мову тут нельга”.

(Скобла: ) “Мне сёньня хочацца разглядаць усё ў параўнальным ракурсе. Калі стаўленьне праваслаўнай царквы да беларускай мовы такое паважнае, як вы кажаце, то чаму Мітрапаліт Менскі й Слуцкі Філарэт зусім не гаворыць па-беларуску, у адрозьненьне ад кардынала Казімера Сьвёнтка?”

(Чарота: ) “Нельга адназначна сказаць, што ён зусім не гаворыць. Я сам з Кобрыньшчыны, дзе дыялект мясцовы вельмі адрозьніваецца ад літаратурнай мовы. Неяк я быў на асьвячэньні алтара ў сваёй роднай вёсцы. Туды прыехаў Уладыка Філарэт і зьвяртаўся да маіх аднавяскоўцаў на беларускай мове, якая для іх, мабыць, не бліжэйшая за расейскую. Гэты прыклад для мяне яскравы, вельмі блізкі й зразумелы”.

(Багдановіч: ) “Сакралізацыя мовы — вельмі важны фактар. І менавіта па гэтым шляху пойдзе канфэсійнае разьвіцьцё ў Беларусі, іншага проста ня дадзена. Шматканфэсійнасьць сталася трагедыяй для Беларусі, яна падзяліла нас, разарвала душу Беларусі. І якраз мова магла б стаць тым аб’яднаўчым фактарам, які зьяднае душу Беларусі ў веры і мове. І такі шлях да самапазнаньня будзе найбольш плённы і выніковы. Сёньня касьцёл у Беларусі мае выразна нацыянальнае, беларускае аблічча, але традыцыйна яшчэ працягваюць спрацоўваць стэрэатыпы: каталік — значыць, паляк, праваслаўны — дачынены непасрэдна да Расеі. І з гэтай беларускай рэальнасьцю мы ня можам не лічыцца”.

(Скобла: ) “Паколькі сёньня мае суразмоўцы — літаратары, хачу запытацца, як міжканфэсійны падзел адлюстраваўся ў беларускай літаратуры? Якія творы і якіх творцаў можна прыгадаць?”

(Багдановіч: ) “Матыў міжканфэсійнага падзелу ня быў актуалізаваны нашай літаратурай. Хіба што ў 17 стагодзьдзі, калі назіраўся росквіт палемічнай публіцыстыкі. З таго часу можна згадаць знакаміты “Трэнас” Мялеція Сматрыцкага. Пазьней гэта зьнікае. У 19 стагодзьдзі актуалізуюцца матывы нацыянальнай праяўленасьці й веры, у 20-м —матывы бязьвер’я і веры. У вершы Францішка Багушэвіча “Хрэсьбіны Мацюка” апісанае зьнішчэньне ўніяцкай царквы, заходне-ўсходні разрыў у сфэры веры.

У сучаснай літаратуры міжканфэсійная праблема адбілася ў творах 1990-х гадоў. Найперш згадаю таленавітых гарадзенскіх паэтаў Дануту Бічэль і Алеся Чобата. Бічэль — чалавек каталіцкага веравызнаньня і глыбокіх духоўных вершаў. Вершы Чобата — яны клясычна постмадэрновыя, з доляй іранічнага сарказму. Як прыклад, можна прывесьці верш “Дэмакратыя”:

Каталік бяжыць у касьцёл,
Праваслаўны ў царкву,
За кароўнік варона ляціць,
За мяжу — дэпутат,
Спэкулянт глядзіць на Стамбул,
Генэрал — на Маскву,
Толькі мокне адзін пад дажджом
Самотны вуніят
”.

(Чарота: ) “У свой час мне давялося ўкладаць дзьве анталёгіі хрысьціянскай прозы і паэзіі “Насустрач духу”. Але сапраўды духоўнай паэзіі ў тых дзьвюх кнігах амаль няма. Там, як і ў цэлым у беларускай літаратуры, больш адцягненага, у нечым нават інэрцыйна-атэістычнага. А ці будзе ў нас духоўная паэзія ў кожнай з канфэсіяў — я ня ўпэўнены. Прынамсі, гэтага азначэньня я стараюся не ўжываць. Духоўнасьць у чалавеку ня мне вызначаць, а Госпаду, але тое, што мне даводзілася й даводзіцца чытаць — гэта пераважна графаманства”.

(Скобла: ) “Дзякуй за гутарку. І — колькі словаў на адвітаньне. Наш сьвет — імклівы і галавакружны. У чалавецтва кружыцца галава ад эвэрэстаў, п’едэсталаў, дыму айчыны, СО2, полькі беларускай. І чалавецтва зьбіваецца з тропу, губляе арыенціры, роспачна азіраецца навокал, ловіць у ветразі ружу вятроў, хапаецца за звыклыя восі х і у, тузаецца ў трохмернай прасторы. Ды ўсё дарэмна — сьвет стае лябірынтам. І толькі сыстэма каардынатаў Крыжа вяртае людзей на сваё месца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG