Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве выйшла кніга “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя”


Міхась Скобла, Менск

Шмат маладых навукоўцаў пакінулі Беларусь за апошнія гады. Іх сёньня можна сустрэць у многіх заходніх унівэрсытэтах ды карпарацыях. На жаль, працаваць для Радзімы магчымасьці яны ня бачаць. Але ёсьць і такія, хто прыяжджае ў родную краіну ня толькі ў адведкі. Супрацоўнік Польскай акадэміі навук Юрась Гарбінскі прывёз кнігу, напісаную для Беларусі й пра Беларусь.

(Міхась Скобла: ) “Юрасю, памятаю, ты любіў паўтараць радкі Ларысы Геніюш: “На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці, усе мы чыесьці, усе мы кагосьці”. І вось ты ў Беларусі — госьць, у Менску бываеш наездамі, а стала жывеш у Варшаве. З чым быў зьвязаны твой выезд за мяжу?”

(Юрась Гарбінскі: ) “З далейшаю вучобаю — у Кракаве, а потым у Варшаве. Пасьля завяршэньня штудыяў я атрымаў запрашэньне працаваць у Інстытуце славістыкі Польскай Акадэміі навук, і з таго часу жыву ў польскай сталіцы. Але, натуральна, застаюся беларусам, застаюся зьвязаным зь Менскам, са сваімі сябрамі, з маімі роднымі Камаямі на Пастаўшчыне”.

(Скобла: ) “Так, я заўважыў, што пад многімі тваімі артыкуламі пазначана “Камаі–Варшава”. Добрая нагода зьвяла нас сёньня ў “Вольнай студыі” — толькі што пад грыфам Польскай Акадэміі навук выйшла ў сьвет аб’ёмная (у ёй больш за 500 старонак) кніга пад назвай “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя”. Яна напісаная табою ў суаўтарстве з прафэсарам Юрыем Туронкам. Каму належыць ідэя напісаньня кнігі?”

(Гарбінскі: ) “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя” — своеасаблівы працяг майго ранейшага дасьледаваньня “Беларускія рэлігійныя дзеячы”, якое пабачыла сьвет у 1999 годзе. Парамэтры новай кнігі запатрабавалі грунтоўнага навуковага падыходу, і я рады, што доктар Туронак не адмовіў у супрацы”.

(Скобла: ) “Якія былі крытэры адбору пэрсаналіяў для кнігі, якая ўяўляе зь сябе біяграфічна-бібліяграфічны даведнік?”

(Гарбінскі: ) “Галоўны крытэр — удзел беларускіх сьвятароў — каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, у беларускім жыцьці, іх заангажаванасьць у беларускую справу, у пашырэньне беларускай нацыянальнай ідэі. Хацелася ўвесьці ў навуковы ўжытак як мага большую колькасьць людзей, якія бралі ўдзел у беларусізацыі каталіцкга касьцёлу, праваслаўнай царквы ці пратэстанцкіх супольнасьцяў. Іх творчы даробак багаты і, на жаль, да гэтай пары не працуе, ён ня ўлучаны ў беларускі інтэлектуальны рэсурс, не даступны ня толькі гісторыкам, але й сьвятарам-сучасьнікам, якія сёньня нясуць Слова Божае да беларусаў тут, у Беларусі”.

(Скобла: ) “Перад сваім наступным пытаньнем працытую біблейскае выказваньне зь Першай кнігі царстваў: “І сказаў цар целаахоўцам: ідзіце, аддайце сьмерці сьвятароў… І пайшоў Доік Ігумэянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня восемдзесят пяць мужчын, што насілі ільняны эфэс”. Чаму ахвярамі тэрору, бальшавіцкага ці нямецкага, былі найперш сьвятары?”

(Гарбінскі: ) “Сьвятары займаюць важнае месца ў інтэлектуальнай эліце кожнай нацыі. Калі сьвятары служаць перад чужымі алтарамі, то гэта трагэдыя і для народу, і для інтэлігенцыі. У беларускай гісторыі так склалася, што сьвятары не заўсёды маглі прысьвяціць сваю душпастырскую дзейнасьць свайму народу. Знаходзячыся паміж Масквой і Варшавай, і сьвятарства беларускае, і інтэлігенцыя беларуская заўсёды змагаліся на два франты, але быў яшчэ й трэці фронт — фронт непаразуменьня паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. І вось гэтая рывалізацыя таксама спрычынілася да той драмы, якая да гэтай пары дзеліць беларусаў.

Экстэрмінацыя сьвятарства, той духовы й фізычны тэрор супраць сьвятароў, былі невыпадковыя. Тут трэба назваць ня толькі сталінскія расстрэлы сьвятароў розных канфэсіяў, але і духовы перасьлед і тэрор, якія, праўда, не заканчваліся фізычным зьнішчэньнем, з боку сьвецкіх уладаў Польшчы і польскай каталіцкай ярархіі супраць як беларускіх праваслаўных, так і беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Пра гэта польская гістарычная навука маўчала і маўчыць. Таму вельмі хацелася, каб у Польскай Акадэміі навук зьявілася падобная кніга”.

(Скобла: ) “Як своеасаблівы акт пакаяньня?”

(Гарбінскі: ) “Так. І як прыклад аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці. Працуючы ў Польскай Акадэміі навук, я хацеў даць палякам кнігу, якая паказвала б, што ў беларусаў былі і ёсьць свае сьвятары й сьвятыні. Думаю, да яе не застанецца абыякавым і расейскі чытач. Гэта важна — бяз крыку, бяз гвалту, бяз вострых закідаў і абвінавачаньняў расказаць пра тых сьвятароў, хто спрыяў беларускай справе, і паказаць тых, хто чыніў духоўныя рэпрэсіі. Хачу падкрэсьліць яшчэ раз, што рэпрэсіі палякаў і тэрор савецкі нельга ставіць на адзін ровень, яны былі розныя па характары, па выніках. Але і саветы і палякі наносілі вялікую шкоду як беларускай нацыянальнай эліце, так і беларускім вернікам”.

(Скобла: ) “Гартаючы кнігу “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя” і шматразова сустракаючы словы “расстраляны”, “закатаваны”, “высланы”, міжволі зьвяртаеш увагу на тое, што праваслаўных сьвятароў было рэпрэсавана значна менш, чым каталіцкіх. Гэтаму ёсьць нейкае тлумачэньне?”

(Гарбінскі: ) “Думаю, што ў роўнай ступені гінулі праваслаўныя й каталіцкія сьвятары. Проста так атрымалася, што яшчэ ня ўсе архівы ўдалося апрацаваць. “Беларускі хрысьціянскі рух…” — вынік працы ў архівах Вільні, Санкт-Пецярбургу, Рыму, а там якраз больш матэрыялаў, зьвязаных з рэпрэсіямі супраць каталіцкага духавенства. Для таталітарнага рэжыму сьвятары ўсіх канфэсіяў несьлі аднолькавую пагрозу. Мяркую, яшчэ адно дасьледаваньне пра сьвятароў, што загінулі ў сталінскіх і нямецкіх катоўнях, павінна зьявіцца па часе.

Таксама рыхтуецца праца пра рэпрэсіі супраць духавенства ў міжваеннай Польшчы. Трэба ўрэшце зірнуць праўдзе ў вочы. Бо часам складваецца ўражаньне, што мае калегі-гісторыкі ў Польшчы ці ня ведаюць, ці ня бачаць, ці ня хочуць бачыць той праблемы, той жахлівай сытуацыі, якая была склалася ў польскай дзяржаве і ў якой апынуліся беларусы, літоўцы, украінцы ў рэлігійным жыцьці, калі забараняліся багаслужбы на родных мовах гэтых народаў”.

(Скобла: ) “У кнізе паказваецца і роля літоўскай царкоўнай ярархіі ў адносінах да беларускіх сьвятароў. Хто спрыяў беларусам?”

(Гарбінскі: ) “Багаславёны Юргіс Матулевіч і ксёндз-прафэсар Пятрас Краўяліс ня толькі спрыялі беларускай справе, але й былі сярод пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху. Яны разумелі, што прамаўляць да беларусаў трэба ў іх роднай мове. Будучы па нацыянальнасьці літоўцамі, яны вучылі й ведалі беларускую мову. І Юргіс Матулевіч заклікаў ужываць яе ў храмах. Чаго, на жаль, не разумела тагачасная польская царкоўная ярархія”.

(Скобла: ) “Але сярод тых, хто дапамагаў у выданьні кнігі “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя”, названыя, я бачу, біскуп Антоні Дыдыч і нават кардынал Ёзэф Глемп. Ці не азначае гэта, што цяперашнія касьцельныя ярархі ў Польшчы зрабіліся прыхільнікамі беларушчыны?”

(Гарбінскі: ) “Дыскрымінацыі й перасьлед беларусаў былі зьвязаныя зь іх папярэднікамі, з тым жа арцыбіскупам Яблжыкоўскім і другімі. Гэта вельмі добры знак часу, што нашую кнігу спансаравалі і прымас польскі кардынал Ёзаф Глемп, і вельмі сымпатычны і разумны чалавек, біскуп драгічынскі Антоні Дыдыч. Польская касьцельная ярархія пачынае разумець, што касьцёл у Беларусі ня можа быць і ніколі ня будзе польскім. Каталіцызм ня ёсьць і ня будзе польскаю вераю, касьцёл — ён апостальскі, як і царква — апостальская.

У Беларусі праваслаўе, каталіцызм, пратэстантызм павінны служыць беларускаму народу, і Слова Божае павінна гучаць па-беларуску. Уявіце сабе, што ў польскім касьцёле будзе гучаць нямецкая мова. Тыя самыя недарэчнасьць і абсурд, калі ў беларускім касьцёле гучыць польская мова, а ў праваслаўнай царкве — расейская”.

(Скобла: ) “Кніга “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя” надзвычай патрэбная ў Беларусі. Але выдадзеная яна па-польску. Гэта была ўмова фундатараў?”

(Гарбінскі: ) “Не. Проста кніга разьлічаная найперш на польскага чытача. Каб у яго адкрыліся вочы на беларусаў, на багацьце іх духоўнай культуры, на тую рэлігійную спадчыну, якую пакінулі для хрысьціянства беларускія сьвятары: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG