Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Скалабан: “Янка Купала яшчэ ў 1921 годзе быў пад хатнім арыштам”


Міхась Скобла, Менск

За савецкім часам Янка Купала павінен быў выконваць ролю глашатая самага справядлівага ладу ў сьвеце. У школьных падручніках нязьменна друкаваўся партрэт Купалы-ардэнаносца. У Купалаў прасторны дом на сьвіслацкай набярэжнай накіроўваліся дэлегацыі, а назаўтра газэты чакалі ад паэта радкоў пра тое, як “ка мне у госьці з прывітаньнем шчырым у дом калгасьнікі прыйшлі”.

Але было й другое, патаемнае жыцьцё народнага песьняра. Пра яго мы сёньня й пагутарым з гісторыкам Віталём Скалабанам.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Віталь, цягам апошніх гадоў вы дасьледуеце невядомыя старонкі жыцьця Янкі Купалы. Напэўна, не памылюся, калі скажу, што самы таямнічы пэрыяд у купалазнаўстве — 1930-я гады. Паспаліты люд ведае, што Купала ў гэты час ад клапатлівай савецкай улады атрымаў дзяржаўнае лецішча ў Ляўках, пэрсанальны легкавік з шафёрам ды ордэн Леніна. А якія падзеі з жыцьця народнага песьняра не афішаваліся, не выстаўляліся напаказ?”

(Віталь Скалабан: ) “Трэба найперш успомніць справу гэтак званага Саюзу вызваленьня Беларусі, допыты Купалы ў ГПУ, ягоную спробу самагубства, а таксама адкрыты ліст Купалы, дзе ён прызнаецца, што быў ледзь ня ворагам савецкай улады, але раскаяўся і будзе сумленна служыць той самай уладзе. Усе дасьледчыкі пагаджаюцца, што гэты ліст Купала толькі падпісваў, а вось хто яго пісаў, застаецца нявысьветленым. Ці Лука Бэндэ, ці нехта зь яму падобных.

Рэч у тым, што Купалаў ліст быў апошнім у шэрагу лістоў беларускіх інтэлігентаў, якія зьвінавачваліся ў прыналежнасьці да СВБ. У прынцыповым пляне падрыхтоўка такіх лістоў была абмеркаваная і вырашаная яшчэ 15 кастрычніка на паседжаньні Бюро ЦК ВКП(б).

У пастанове быў адмысловы пункт, што трэба дамагчыся такіх пакаяльных лістоў ад інтэлігентаў, каб там выкрываліся нацдэмы. І такія лісты былі напісаныя многімі. Акурат у той час у газэце “Звязда” быў апублікаваны артыкул пра тое, што з падобным лістом выступіў Якуб Колас. Застаўся Янка Купала. І Купала быў вымушаны падпісаць свой ліст”.

(Скобла: ) “Вы закранулі праблему аўтарства таго, што зьяўлялася за подпісам Купалы. Гэта вялікая праблема тэкстолягаў. Пакаяльныя лісты за паэта мог пісаць Бэндэ. Зь дзёньнікаў Кузьмы Чорнага вядома, што публіцыстыку ваеннага часу народнаму песьняру пісаў у Маскве ён. Дык можа й вершы зь бясконцымі ўхваламі партыі й Сталіну пісаў не Купала? Прынамсі, іх мастацкі ровень дазваляе задацца такім пытаньнем”.

(Скалабан: ) “Мне як гісторыку аналізаваць мастацкія вартасьці купалаўскіх вершаў не выпадае. Іншая справа — публіцыстычныя артыкулы. Што Чорны пісаў за Купалу, вядома дакладна, нават рукапісы засталіся. Таксама пісаў за Купалу ваенную публіцыстыку расейскі пісьменьнік Емяльянаў.

Існуе й яшчэ адзін тэкст, магчыма, прыпісаны паэту. Яшчэ ў 1972 годзе быў апублікаваны ліст Купалы ў рэдакцыю віленскага часопіса “Шлях моладзі”, тады ж датаваны 1929 годам. У часопісе надрукавалі Купалаў верш: “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі”. Купала нібыта піша ў Вільню, што пратэстуе супраць таго, што “мой верш зьмешчаны поруч зь ненавіснай мне Пагоняй”.

Аналіз гэтага ліста, які зьберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, дазваляе сьцьвярджаць, што ліст напісаны не ў 1929-м, а пасьля жніўня 1933 году. Па-першае, правапіс арыгіналу — ужо “наркамаўка”, а па-другое — у тэксьце М.Клімковіча, які прыкладзены да ліста, прыгадваецца “вораг народу” Ігнат Дварчанін, а ён быў арыштаваны ў жніўні 1933 году.

Дарэчы, паказальны факт, што да купалаўскага ліста прыкладзены ліст Клімковіча, а на тэксьце Купалы ёсьць пазнакі, зробленыя, праўдападобна, рукою Клімковіча. Гэта дазваляе меркаваць, што ліст паэта ў рэдакцыю “Шляху моладзі” мог быць напісаны Клімковічам, а Купала толькі падпісаў”.

(Скобла: ) “Дык можа, і “Ліст беларускага народу вялікаму Сталіну” Янка Купала толькі падпісаў, а пісалі яго літпартфункцыянэры?”

(Скалабан: ) “У Нацыянальным архіве зьберагаюцца дакумэнты пра тое, як гэты ліст ствараўся, рэдагаваўся і ўручаўся адрасату. Уручэньне адбылося на 12-м Усесаюзным зьезьдзе саветаў. У архіве захаваўся пратакол абмеркаваньня тэкста ліста на нарадзе ў першага сакратара ЦК КПБ Гікалы, з удзелам паэтаў, мастакоў і кампазытараў”.

(Скобла: ) “А кампазытараў дзеля чаго паклікалі? Ліст меркавалася сьпяваць, як араторыю?”

(Скалабан: ) “Пра гэта дакумэнтаў ня знойдзена. Дык вось, на той нарадзе ў Гікалы, які, дарэчы, быў ініцыятарам і куратарам усяе акцыі, Купала прамовіў усяго дзьве рэплікі. Паэт заступіўся за словы “ты ведаеш”, кажучы, што гэта народны зварот. А таксама зацеміў, што “вода пришла не только в хаты, но и в хлеба прибегает вода” (дакумэнт на расейскай мове).

На нарадзе выступаў і Якуб Колас, ён прапанаваў апусьціць словы пра “лозы з паўднёвага краю” і пра тое, як з “усходняга краю прыйшоў кок-сагыз”. Ён заўважыў, што вінаград і кок-сагыз не характэрная зьява для Беларусі. Тут Гікала запярэчыў: “Это сказано не только с точки зрения того, что мы имеем, а что в нашем великом Советском Союзе совершаться может”. Пасьля гэтага ні Купала, ні Колас у абмеркаваньні ўжо ня ўдзельнічалі.

Ліст быў вышыты на шоўку — дзеля гэтага шукалі 70 вышывальніцаў з усяе Беларусі. Быў зроблены адмысловы куфар, як футарал, — рэзчыкаў таксама зьбіралі па ўсёй рэспубліцы.

А які тэкст каму належыць, трэба дасьледаваць. Якія радкі напісаныя Коласам, якія Броўкам, Глебкам ды іншымі аўтарамі… Сам Купала засьведчыў, што радкі “Хай смутак вачэй тваіх добрых ня росіць, ці сонейка захад, ці сонейка ўсход, прымі прывітаньне, якое прыносіць табе, правадыр, беларускі народ” належаць яму. Два радкі з гэтай страфы ён пазьней уставіў у свой верш “Табе, правадыр”. І ў гэтым жа вершы ён некалькі разоў цытуе сам сябе: “Ці сонейка захад, ці ўсход…” Мабыць, яму самому спадабалася гэтая страфа. Ды і я лічу, што гэта сапраўдная паэзія”.

(Скобла: ) “Такім чынам, Купала піша (ці падпісвае) пакаяльныя лісты, панэгірыкі партыі й правадыру стварае. Атрымліваецца, што ўлада зь ім ніякага клопату ня мела. “Ёсьць жа яшчэ ў мяне сіла крыўдзе ліхой не паддацца” — гэты верш датаваны 1926 годам. Куды падзелася купалаўская сіла ў 1930-я?”

(Скалабан: ) “Куды падзелася сіла… Ці быў Купала зламаны… Мы яшчэ кепска ведаем усе абставіны таго, як Купалу ламалі. Пачынаючы зь першых дзён савецкай улады. Ёсьць сьведчаньне Аляксандра Чарвякова 1930 году пра тое, як у 1920 годзе, пасьля таго, як савецкая армія заняла Менск, Купала запрасіў Чарвякова да сябе ў госьці.

“Это было в 1920 году, через несколько дней после того, как мы захватили Минск. Не помню, каким путём, мне передали, что Янка Купала болен и он хотел бы со мной свидеться. Я с ним был знаком, кажется, ещё с 1918 года. Я решил его навестить. Вечером в назначенный день я пришёл туда и застал Янку Купалу в халате, но он не лежал в постели. Был накрыт стол и собралось довольно многолюдное общество, в том числе Лёсик, Власов и другие.

Я не рассчитывал увидеть это общество, тем не менее, мы уселись за ужин. Они направляли все свои силы, чтобы влить в меня побольше напитков, но я человек непьющий, а они между собою чокались до тех пор, пока не пришли к заключению, что градус достаточный, и повели со мною совершенно открытый разговор: как же старшыня ревкома отнесётся к этим белорусам теперь, когда пришла Советская власть.

Я ещё не был искушён в дипломатии и сказал ясно: если будете идти вместе с рабочим классом и крестьянством, будем вас шанавать и привлекать к работе; если будете заниматься контрреволюцией расстреляем”.


Ёсьць яшчэ адзін дакумэнт 1933 году, які сьведчыць пра тое, як ламалі Купалу. Ламалі тыя функцыянэры, якія былі ў аргкамітэце Саюзу пісьменьнікаў. У Нацыянальным архіве зьберагаецца ліст Платона Галавача, дзе ён піша:

“М.Клімковіч, гаворачы пра Купалу, сказаў даслоўна наступнае: “Ні для аднаго камуніста не сакрэт, што ўся яго (Купалава) дзейнасьць апошнім часам і візыткі, якія ён прыслаў савецкай уладзе, сьведчаць пра тое, што Купала ня наш”.

(Скобла: ) “А ў чым Купала быў “ня нашым”? Яго ж нават за мяжу пускалі ў Чэхаславакію ў 1935 годзе?”

(Скалабан: ) “Тая паездка й для самога Купалы была незвычайнаю. Сёньня мы ведаем пра тое, як Купала аказаўся ў складзе дэлегацыі. У Маскве нядаўна выдадзеная перапіска Сталіна й Кагановіча 1931–36 гадоў. Там мы чытаем шыфроўку:

“13 сентября 1935 г. Каганович, Молатов Сталину. Сочи. Товарищу Сталину. По приглашению чехословацкого мининдела намечается ответный визит советских журналистов в Чехословакию. Намечаем состав делегатов следующий Кольцов, Осинский, Боговой… Просим сообщить ваше мнение…”

І на наступны дзень, 14 верасьня, Сталин адказвае:

“Обязательно включите в список журналистов, едущих в Чехословакию, одну или двух женщин-писательниц, одного украинского писателя, одного или двух белорусских писателей…”

І 17 верасьня ідзе чарговая шыфроўка з Масквы ў Сочы:

“Товарищу Сталину. Согласно вашей телеграммы, пересмотрели состав делегации журналистов в Чехословакию. Наметили следующий состав: Михаил Кольцов (руководитель делегации), Осинский, Боговой, Анна Караваева, Мариэтта Шагинян, Ковальский от ТАСС, Таран от “Вісті”, Микитенко (Украина), Янка Купала (Белоруссия), Алексей Толстой, Фадеев. Просим сообщить, нет ли поправок. Каганович. Молотов”.

Пра гэтую паездку вядома шмат, але зусім нядаўна знойдзеныя матэрыялы пра сустрэчу ў Празе Купалы з Тамашом Грыбам. Пра яе расказваецца ў лісьце Міколы Абрамчыка, датаваным 1943 годам. Ліст зьберагаецца ў Нацыянальным архіве Беларусі.

“Большевики решили вывезти Купалу на показ за границу. В этом году состоялась конференция славянских писателей в Праге, и Купала туда отправился в сопровождении двух “писателей” русских чекистов.

Купале было запрещено общение с различными типами без ведома его “коллег” русских “писателей”.

Белорусский эмигрант, живший в Праге доктор Гриб проник ночью в комнату Купалы и предложил ему бежать и остаться где-либо в Европе. Пока проснулся агент ГПУ, который спал с Купалой в одной комнате, Купала успел сказать доктору Грибу следующее: “Мой любимый брат, я сам об этом думал, но мой выезд связан заложниками, в которых превратят мою семью и дюжину моих лучших друзей, которые имеют для Белоруссии большое значение. Придётся уже терпеть и остаться дома. И когда агент просыпался, Купала с выражением ненависти сказал: “Видишь, эта бестия уже просыпается, исчезни, брат”.

В Советском Союзе большевики вывозили Купалу на все празднества, особенно на те, где он мог быть не лишним для того, чтобы показать лояльность белорусского народа к Москве”.


(Скобла: ) “Дзе й прайшлі апошнія імгненьні жыцьця Купалы. На навуковай канфэрэнцыі, якая прайшла 2 ліпеня ў Доме літаратара, Уладзімер Конан выказаў меркаваньне, што сьмерць паэта ў Маскве стала лягічным працягам ягонага харакіры 1930 году”.

(Скалабан: ) “Цягам доўгіх гадоў ГПУ, НКВД зьбіралі кампрамат на Янку Купалу. Дакладна вядома, што ўжо ў сакавіку 1921 году паэт быў пад хатнім арыштам. У яго на кватэры быў зроблены ператрус, а архіў адвезены ў ГПУ. Збор кампрамату працягваўся і ў 1930-я гады, нават паслья таго, як Купала быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Мабыць, уся гэтая гара “кампрамату” і выбухнула ў 1942 годзе.

Да таго ж, чэрвень 1942 году ў Маскве — гэта страшны час. Было складанае становішча на франтах. СССР вісеў на валаску. Улады баяліся, што пачнуць узьнікаць пэўныя антысавецкія структуры. І каб не дапусьціць існаваньня такога сьцяга, сымбалю беларускага, як Янка Купала, які сваімі дзеяньнямі мог падтрымаць такія структуры, яго маглі зьнішчыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG