Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верш на свабоду


Валянціна Аксак, Менск

(Аксак: ) "Больш за месяц штодня гучыць на нашых хвалях верш, напісаны вамі, дарагія слухачы, на Свабоду, пра свабоду, дзеля свабоды.

Аўтарамі, да вялікае нашае радасьці, сталі й майстры айчыннага прыгожага пісьменства — вы ўжо чулі ў нашай праграме і добра вядомыя галасы Рыгора Барадуліна й Ніла Гілевіча, і галасы зусім маладых, але ўжо папулярных беларускіх паэтаў Віктара Жыбуля, Вольгі Гапеевай, Зьмітра Вішнёва.

Гучалі й вершы тых, хто ня лічыць сябе прафэсійным паэтам, а піша вершы дзеля ўласнага задавальненьня. Сёньня нашу “Вольную студыю”мы прысьвячаем сутрэчы менавіта з такімі — народнымі паэтамі.

Натуральна, што сустрэча гэтая будзе завочнаю. Бо, па-першае, свае вершы нам ужо даслалі больш за 100 чалавек — запрасіць усіх да сябе ў студыю мы проста ня можам. А па-другое, калі б нават такая мажлівасьць і зьявілася, многія з аўтараў не пакінулі сваіх дакладных адрасоў і тэлефонаў.

Хоць сустрэча наша й завочная, усе вы невідочна прысутнічаеце ў нашай студыі разам са сваімі творамі. Пачытаць вашы вершы я папрасіла загадчыка аддзелам літаратуры часопіса “Крыніца”, выбітнага паэта Леаніда Галубовіча.

Першае маё пытаньне будзе вынікаць з крытыкі некаторымі літаратарамі самой ідэі нашае праграмы. Яны кажуць, што творчасьць на замову дэвальвуе прынцыпы свабоды творчасьці.

Як вы, спадар Леанід, ставіцеся да ідэі стварэньня анталёгіі Вершаў на Свабоду?"

(Галубовіч: ) "Я адкажу гэтак, як адказаў бы, відаць, кожны літаратурны аглядальнік.Трэба зразумець, які праект ажыцьцяўляе Радыё Свабода — творчы ці палітычны, чыста літаратурны ці грамадзкі. Ці падрыхтаваныя ўсе тыя, хто бярэ ўдзел у праекце, да свабоды — свабоды выяўленьня й свабоды творчае.

Зь іншага боку, калі чалавеку задалі нейкую форму творчасьці, далі тэму, слова, ён трапляе ў закрытую простакутную прастору, і яму цяжка ўжо з гэтае прасторы выбрацца.

Памятаеце папярэднія праекты Радыё Свабода — "Слоўнік свабоды" й "Галасы стагодзьдзя"? Там была пэўная свабода выбару. Прыкладам, у "Слоўніку" мы выбіралі пэўнае слова й пісалі пра яго. Быў выбар.

Тут жа задалі адну тэму — слова "Свабода". І калі чалавек мусова — дзеля свайго гонару ці дзеля чаго іншага хоча напісаць і пачуць сябе ў эфіры — то ці мае ён гэтую свабоду? Гэта ж творчая няволя.

У той жа час, калі наш сучасьнік у Беларусі вымаўляе слова "свабода", гаворыць і піша пра гэтую свабоду ў таталітарным грамадзтве — ён ужо робіць гэтым вызвольны акт, выяўляе сваю грамадзянскую пазыцыю. І гэта можа найгалоўнае сёньня — вызваліць з сваёй душы свабоду свайго самавыяўленьня".

(Аксак: ) "Спадар Леанід, вы прачыталі дасланыя нам творы. За жыцьцё вы прачыталі тысячы й тысячы іншых вершаў.

Скажыце, гэтыя "свабодаўскія" вершы нечым адметныя, ці гэта такія самыя вершы, што звычайна людзі дасылаюць у рэдакцыі розных выданьняў, і ў вашу “Крыніцу” таксама?"

(Галубовіч: ) "Вершы як такія ад іншых ня розьняцца. Але іншая іхная ўнутраная сутнасьць. Ёсьць вершы як форма выказваньня і ёсьць паэзія.

Сядаючы за пісьмовы стол, я заўжды прыгадваю словы Пімена Панчанкі:

Ну колькі тых паэтаў ёсьць у нас?
Чатыры альбо пяць.
А ўсё астатняе — наіўны сон,
Адна магіла братняя.

Заўсёды думаеш пра сябе, што й я такі, і я ў гэтай магіле братняй. І гэтая дума не дае, каб у чалавеку памерла сама паэзія. Пра Беларусь часта кажуць — краіна паэтаў. І гэтае вызначэньне ўжо паказвае на мэнтальнасьць.

Але вершы ў нас пішуць ня толькі паэты. Паэт — унутрана вольны, а большасьць з нас — паднявольныя. Нам толькі сьняцца сны аб сваёй Беларусі. Мы — вершаскладальнікі. вершнікі сваёй долі. Мы вершым свой высокі лёс...

Таму Вершы на Свабоду ад вершаў, што дасылаюць чытачы ў нашу рэдакцыю, асабліва ня розьняцца. Розьняцца чыста прафэсійна прафэсіяналы ды тыя, хто піша вершы часам.

Хачу працытаваць адзін верш з гэтай вашай пульхнай тэчкі. Аўтар, здаецца, сур'ёзна успрыняў ваш праект:

Няма паэзіі ў душы —
Жыцьцё цяжарам прыдушыла,
І той агеньчык патушыла,
Што недзе цепліўся ды жыў —
Няма паэзіі ў душы...

Ну а калі няма паэзіі ў душы, тады пішуцца вершы..."

(Аксак: ) "Некаторыя нашыя аўтары, асабліва маладыя, пішуць нам, што хочуць свамі вершамі дапамагчы ўсталяваньню свабоды ў беларускім грамадзтве.

Шмат для каго з нашых сталых слухачоў слова "свабода" мае рэальны зьмест, зьвязаны з асабістай біяграфіяй. У іхных вершах — балючыя радкі змаганьня за свабоду, якое ішло праз ўсё жыцьцё, за што давялося плаціць коштам асабістае несвабоды.

Гэткая гісторыя нашай слухачкі, што перажыла сталінскія лягеры, — у Надзеі Дземідовіч:

Свабода, Свабода — сьвятыя словы.
Шкада, што Бог ёю нас не дарыў,
Муляюць путы, рэжуць аковы,
Мы дойдзем да мэты, хопіць ў нас сіл.
Хутка час пройдзе, адродзяцца сілы,
Бо нашыя ўнукі другімі растуць,
Яны падымаюць уверх свае крылы,
І хутка да Волі-Свабоды дайдуць.

Ня ўсе нашыя аўтары называюць свае імёны. Як мяркуеце, гэта — праява ўсё той жа несвабоды, калі грамадзтва гэтак прасякнутае страхам, што нават верш пра свабоду чалавек баіцца падпісаць?"

(Галубовіч: ) "Магчыма, у пэўнай ступені так. Аднак трэба прыгадаць і тое. што многія адукаваныя й культурныя людзі сёньня працуюць у "вэртыкальных" установах, у дзяржаўных. І адкрыць сваё імя на Радыё Свабода такі чалавек баіцца, бо ня хоча быць пакараны.

Але ўсё ж гэтыя людзі ўнутрана гатовыя да свабоды. Адно што яны чакаюць свабоды ад нас, але быў бы момант — яны маглі б дапамагчы тым, хто змагаецца за свабоду. Таму патаемна пішуць пакуль што.

Некаторыя такія людзі можа былі б больш плённыя ў гаворках пра неабходнасьць свабоды са сваімі супрацоўнікамі, суседзямі, сяльчанамі... Празаічныя гаворкі пра чалавечую свабоду.

Сёньня зададзены праект свабоды. І тут высьвятляецца, што свабода адна на ўсіх, ці хопіць нам усім адной свабоды? У кожнага свабода, відаць, павінна быць свая. Тым больш — паэтычная".

(Аксак: ) "Не падпісаных вершаў у нашай пошце даволі шмат. Думаю, што ня ўсе іхныя аўтары забаяліся падпісвацца. Некаторыя, можа, забыліся гэта зрабіць ці ня лічаць свае творы вартымі таго, каб чытаць у нашай праграме. А дарма.

Таму нам нічога не застаецца, як прачытаць урыўкі з твораў, дасланых на Свабоду".

***
Скідайце лапці і фуфайкі
Ды адкажыцеся ад пайкі.
Любы саюз і камунізм
Папросту ёсьць анахранізм.

***
Трымай жа цьвёрда меч ў далоні —
Свае не забудзь карані!
Свабоду сваю барані
Пад гербам сьвяшчэннай Пагоні!

***
Даруй, гаротная Радзіма!
Я на каленях — дай жа меч.
Зь ярмом зьмірыцца немагчыма.
Далоў злачынцаў нашых з плеч!
Як цемра вочы мне закрые,
Калі зямны закончу шлях —
Няхай труну маю акрые
Наш бел-чырвона-белы сьцяг...

***
Ня лезьце вы ў хамут,
У ім ужо былі мы,
А беражыце кут
Пакутнае айчыны.

(Аксак: ) "У перадачы прагучэлі ўрыўкі зь вершаў Язэпа зь Вільні, Віталя Макарчыка з Наваградку, Сяржука Цішкевіча й Міколы Хамчука зь Менску, Івана Паддубнага зь Мядзельшчыны. Вершы чытаў наш дыктар, але нам хацелася б, каб тут гучала жывое слова, жывы голас аўтараў.

Таму зьвяртаемся да ўсіх, хто адгукнецца на нашу праграму ды напіша свой Верш на Свабоду — абавязкова пазначайце нумар тэлефону, празь які можна з вамі зьвязацца".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG