Пакрысе стваралі сьвет прыстойны,
Білі ў бомы дзесьці вечарамі,
Ходарам хадзіў дарожны камень
Ад скачкоў драбінаў неспакойных.
Пелі мы паўсюдна хорам зычным,
Паглыналі той напеў дубровы,
Людзі адхілялі нашы словы,
Людзі кпілі з нас гурмою звычнай.
А калёсы гулка беглі, порстка,
І гальлё сьцябала без разбору
Нашы твары, чорныя ад гора,
Нашы плечы выцінала хвостка.
Паабапал рагаталі ведзьмы,
Лес змрачнеў і без таго цямравы,
Кажаны шалёныя забавы
Ладзілі ў вершалінах недзе.
Але беглі да зары сьвітальнай
Коні змардаваныя і людзі
Пацеры ў вусьцішнай атруце
Паўтаралі няўхільна дбайна.
І нарэшце змоўклі гукі разам,
Вокамгненна кажаны здранцьвелі –
То на ўсходзе хмаркі ружавелі,
Дабрыня ўзьнімалася тым часам.