Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода ад свабоды слова


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёлета стасункі паміж уладамі й незалежнай прэсай набылі новыя трагічныя рысы — раней улада проста зачыняла газэты, у 2002-м пачала саджаць журналістаў. “Мая свабода — зь ветрам нязгода і асалода супрацьстаяньня” — гэтыя словы з культавай песьні гурту “Новае неба” можна назваць сымбалічным тлумачэньнем свабоды для беларускай рэчаіснасьці апошняга дзесяцігодзьдзя. У 2002 годзе “асалода супрацьстаяньня” набыла для незалежных беларускіх журналістаў горкі прысмак.

(Мікола Маркевіч: ) “Тыдзень жыцьця ў папраўчай установе адкрытага тыпу выявіў, што адкрытасьць гэтай установы надзвычай умоўная. На самой справе, жыцьцё асуджаных жорстка рэглямэнтаванае — пабудка, асабістая гігіена, прыборка пакояў, выхад на працу, прыход з працы, абавязковыя ранішнія й вечаровыя праверкі. Усё кантралюецца, а ў большасьці зь пералічаных выпадкаў робіцца ўсімі разам па званку”.

Гэта былі ўрыўкі зь першага гукавога ліста з асіповіцкай спэцкамэндатуры на Радыё Свабода Міколы Маркевіча, былога галоўнага рэдактара газэты “Пагоня”. Калі б мне трэба было вызначыць нейкі сымбаль мінулага году, я б абраў менавіта гэта — мужны і нязломны голас Маркевіча, які прарываецца да нас праз дрэнную якасьць беларускай правінцыйнай сувязі.

Ці думаў калісьці былы галоўны рэдактар газэты “Пагоня”, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Мікола Маркевіч, што яму давядзецца пісаць лісты са зьняволеньня? Ці мог увогуле хто-небудзь уявіць, што ўлада ў 2002 годзе ня толькі традыцыйна будзе зачыняць газэты, але і пачне саджаць журналістаў?

Асуджэньне Віктара Івашкевіча, Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі распачало новы этап дачыненьняў беларускай улады зь незалежнай прэсай. Калі раней дзяржава абмяжоўвалася толькі эканамічнымі й адміністратыўнымі захадамі, то ў 2002 годзе да барацьбы са свабодай слова быў прыцягнуты Крымінальны кодэкс. Суд па крымінальнай справе супраць журналістаў зачыненай уладамі газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, які праходзіў у чэрвені, выдаваў на фарс, што адбываўся на вачах прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці й заходніх амбасадаў. Дзьве нататкі і верш, у якіх, на думку суду, утрымлівалася абраза прэзыдэнта, сталі асновай абвінавачаньня пракуратуры.

Усе аргумэнты абароны пра тое, што наклад газэты быў арыштаваны і так і не дайшоў да чытача, што Інтэрнэт, дзе выходзілася сецевая вэрсія “Пагоні”, паводле беларускага заканадаўства не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі — усе гэтыя аргумэнты не маглі пераканаць суд, паколькі ягонае рашэньне відавочна прымалася ў іншым месцы.

А журналістаў, якія правялі ў Горадні пікет у абарону “Пагоні” — адных арыштавалі на 10 сутак, іншым прызначылі штрафы на вялікія сумы. Тым ня менш, менавіта ў праявах журналісцкай салідарнасьці прэзыдэнт БАЖу Жана Літвіна бачыць шанец процістаяць наступу ўлады:

(Літвіна: ) “Відаць, такога складанага году ў нас, бадай і не было. Я думаю, што ў многіх маіх калегаў адбылося проста пераасэнсаваньне — што такое нашая прафэсія. Тыя месяцы, якія мы правялі разам з калегамі, хвалюючыся за іх падчас усіх судовых разьбіральніцтваў, мяне, напрыклад, пераканалі, што журналісцкая салідарнасьць, жаданьне дапамагчы адзін аднаму ў нас прысутнічае. Мы пачалі ствараць мэханізм лабіяваньня нашых прафэсійных інтарэсаў, выйшлі больш цьвёрдымі й перакананымі ў правільнасьці сваіх пазыцыяў і ўчынкаў”.

На працягу году БАЖ нястомна змагаўся за адмену адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта і пра зьнявагу службовай асобы. Артыкулах, з-за якіх у няволі апынуліся Івашкевіч, Маркевіч і Мажэйка.

Кульмінацыйны момант гэтай барацьбы адбыўся ў сьнежні, калі група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прапанавала паставіць на парадак дня сэсіі пытаньне аб адмене гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вынік няцяжка было прадбачыць: прапанову падтрымалі 13 дэпутатаў, 65 — супраць, 24 абачліва вырашылі ня браць удзелу ў галасаваньні. Магчыма, сумленьне не дазваляла ім галасаваць “за”, а страх не даваў выступіць “супраць”.

Узгадваючы падзеі мінулага году, не пазьбегнуць уражаньня, што ўлада мела сваю “распрацоўку” для кожнага рэдакцыйнага калектыву, свае падыходы да кожнага выданьня. Але гэта ўсе факты зьліваліся ў адзін, моцна спаяны ланцужок. Нагадаю некаторыя са зьвеньняў гэтага злавеснага ланцугу.

2 жніўня суд Маскоўскага раёну сталіцы вынес рашэньне на карысьць старшыні Дзяржкантролю Анатоля Тозіка супраць газэты “Наша свабода” і журналіста Міхаіла Падаляка аб абароне гонару і годнасьці Тозіка. Суд пастанавіў, што газэта мусіць заплаціць Анатолю Тозіку кампэнсацыю за маральныя страты на суму каля 120 тысяч даляраў. У выніку “Наша свабода” — пераемніца легенды беларускага незалежнага друку апошняга дзесяцігодзьдзя газэты “Свабода” — перастала выходзіць.

Тады ж у жніўні пачалася валтузьня вакол газэты “Свободные новости”, адзін з заснавальнікаў якой, бізнэсовец Сергей Атрошчанка, пажадаў зьмяніць кірунак і кіраўніцтва выданьня. Зрабіць яму гэта па вялікім рахунку не ўдалося, аднак сытуацыя і дасюль застаецца ў непрыемным для журналістаў газэты падвешаным стане.

У верасьні адбыўся суд над рэдактарам газэты “Рабочы” Віктарам Івашкевічам. Суд праходзіў па той самай схеме, што была выкарыстаная падчас працэсу над Маркевічам і Мажэйкам, аднак улады ўлічылі свае ранейшыя памылкі, зрабіўшы судовыя паседжаньні закрытымі для грамадзкасьці й прэсы. У выніку Віктар Івашкевіч атрымаў два гады “хіміі” і нядаўна ў сьнежні пачаў адбываць пакараньне ў Баранавічах.

Тады ж у сьнежні ўлады закрылі яшчэ адно выданьне, івыпадак гэты кажа пра пэўную новую тэндэнцыю ў дзеяньнях рэжыму. Рэч у тым, што газэта “Местное время”, адрозна ад іншых зачыненых выданьняў, не была нават апазыцыйнай у звычайным сэнсе гэтага слова. Газэта проста не пасьпела апублікаваць нічога крамольнага, больш за тое — на старонках тых трох нумароў, якія пасьпелі выйсьці, нязьменна давалася слова людзям ад улады.

Чаму ж і гэтае выданьне напаткаў лёс жорстка апазыцыйных “Нашай свабоды”, “Пагоні” і “Рабочага”? У рэдактора “Местного времени” Анатоля Гуляева толькі адно тлумачэньне — набліжэньне мясцовых выбараў.

(Гуляеў: ) “Улада пайшла на тое, каб зачыняць, зьмяншаць уплыў недзяржаўнай рэгіянальнай прэсы, асабліва той, якая імкнецца пашыраць свой уплыў. “Местное время” ставіла сваёй задачай распаўсюдзіць свой уплыў на рэгіёны. Нас асабліва не цікавіла, колькі мы прадаем у Менск, нас цікавіла ў першую чаргу, колькі мы прадаем у рэгіёнах — а там мы прадавалі даволі шмат. Мы зь першых нумароў вызначыліся як пасьпяховае выданьне — таму нас і зачынілі”.

Што да дзяржаўных мэдыяў, то кіраўніцтва Беларусі імкнулася адначасова падвысіць канкурэнтаздольнасьць гэтых сродкаў масавай інфармацыі і разам з тым не забываць пра іхныя прапагандысцкія функцыі. Здаецца, менавіта з гэтай мэтай быў нарэшце створаны “другі нацыянальны канал” АНТ — “агульнанацыянальнае тэлебачаньне”. На фоне няспрытнага БТ новы канал пачаў заваёўваць рэйтынг вострымі сацыяльнымі тэмамі, пашырыўшы рамкі дазволенай крытыкі ад кіраўніка ЖЭСу да кіраўніка раёну. Аднак у палітыку лезьці агульнанацыянальнаму тэлебачаньню пакуль не дазволена — урэшце, сам Аляксандар Лукашэнка недвухсэнсоўна заявіў, што дзяржава не зьбіраецца аслабляць кантроль за электроннымі мэдыямі.

Ацэньваючы ў цэлым даволі змрочныя вынікі году, я спрабую знайсьці штосьці станоўчае з таго, што адбылося ў 2002 годзе. Бадай, найбольш яркай падзеяй у гэтым сэнсе стаў выхад праекту “Для служебного пользования” — штомесячнага дадатку да “Белорусской деловой газеты”. Галоўны канёк “ДСП” — скандальныя расьсьледаваньні й выкрыцьці. “Як удаецца газэце выжываць ў сёньняшніх умовах, у чым сакрэт посьпеху?” — запытаўся я ў галоўнага рэдактара праекту Сьвятланы Калінкінай.

(Калінкіна: ) “Мы былі вымушаныя ўзяць у штат рэдакцыі юрыстаў, якія вывучаюць усе журналісцкія тэксты і ўсе дакумэнты, якія нашыя карэспандэнты зьбіраюць, падрыхтоўваючы тую ці іншую тэму. І калі шчыра, увесь год даводзілася стаяць перад выбарам: дазваляць публікацыю скандальных, сэнсацыйных матэрыялаў, рызыкаваць ці ўсё ж прытрымліваць тэму ў пошуках дасканалых пацьверджаньняў. Мне здаецца, нашаму праекту ўдалося выжыць толькі таму, што мы паспрабавалі ўстаць “па-над схваткай”. Мне здаецца, што незалежным СМІ напэўна, менавіта такую пазыцыю і трэба займаць. Гэта, можа і ёсьць сакрэт посьпеху”.

Відавочна, што зьняволенньне Маркевіча, Мажэйкі і Івашкевіча сярод іншага мела за галоўную мэту нарадзіць у іхных калегаў страх, няхай сабе і падсьвядомы — такі, у якім ня хочацца прызнавацца самому сабе. Цяжка сказаць, ці дасягнула ўлада гэтага эфэкту. Аднак відавочна, што ў 2002 годзе “асалода супрацьстаяньня” набыла для незалежных беларускіх журналістаў горкі прысмак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG