Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто беларускіх кніг ХХ ст.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Бывай, ХХ ст. Мы сыходзім. Мы пакідаем гэты пыльна-фіялетавы Афганістан у руінах. Мы яшчэ доўга будзем згадваць цябе, ХХ ст. Твае рэвалюцыі ды войны, курапаты, хатыні, чарнобылі. А што сьветлага - дык хіба нешта асабістае, кожнаму сваё, зь дзяцінства. Сьветла заўсёды наперадзе. Бо мы сыходзім фатальна і незваротна. Мы сыходзім і гасім за сабою сьвятло...

Для Беларусі гэта было літаратурнае стагодзьдзе. Нацыя, Паэзія і Камуна нараджаліся ўвадначасьсе і староньняму назіральніку часьцяком не ўдавалася адрозьніць іх паміжсобку. Што ўжо казаць пра самых народжаных! Нацыя паэтаў і нацыя бальшавікоў стварала сябе, абвяшчала пра сябе сьвету і забівала сябе. Літаратура нараджалася і гінула. Тысячы людзей, што ўсьвядомілі сябе беларусамі, браліся да прыгожага пісьменства з усім сваім энтузіязмам і прападалі ад юначае безагляднасьці і неабачлівасьці. Нацыя напоўніцу перажыла гэтае стагодзьдзе празь літаратуру, літаратура напоўніцу адлюстравала нацыянальны лёс. Ніводзін іншы від творчасьці гэтак поўна і сыстэмна ня выказаў Беларусь у ХХ ст. І ніводзін за гэтае стагодзьдзе ня склаўся ў такую самадастатковую карціну, як гэта адбылося зь літаратурай.

Архітэктура толькі бліснула некалькімі помнікамі канструктывізму, надзвычай кволымі пошукамі нацыянальнага стылю, татальнай забудовай савецкіх хрушчовак ды панэльных брэжневак, і беспрэцэдэнтным вынішчэньнем помнікаў мінулых эпохаў. Абсалютна эклектычная і фрагмэнтарная атрымалася карціна. Уявіць сабе цэльную гісторыю беларускай архітэктуры ў ХХ ст. немагчыма. У параўнаньні з папярэднімі эпохамі - поўны заняпад. Падобным чынам выглядае і выяўленчае мастацтва. Віцебская школа 20-х, маляваныя дываны Алены Кіш, прыход цэлае плоймы графікаў у 70-я - зьявы, нічым міжсобку не зьвязаныя. Музыка праз усё стагодзьдзе раскраплёная песьнямі, у якіх яна жанрава чаплялася за тое самае прыгожае пісьменства, за літаратуру. Літаратурнае стагодзьдзе ўспрымаецца як выдумка, фікцыя, у якую здаровы розум часьцяком адмаўляецца верыць...

Тры з паловай гады таму газэта "Наша Нiва" надрукавала сьпiс ста найлепшых кнiжак ХХ стагодзьдзя. Той сьпiс быў складзены супрацоўнiкамi Нью-Ёрскай Публiчнай Бiблiятэкi i ахоплiваў кнiгi ўсяго сьвету i ва ўсiх сфэрах жыцьця чалавецтва. У канцы сьпiсу рэдакцыя прапанавала чытачам стварыць свой сьпiс - ста найлепшых беларускiх кнiг ХХ ст. І вось за прамінулы час было атрымана мноства лістоў з прапановамі. Хто пару-тройку кніжак называў, а хто і ўсе сто. Пэрыядычна на старонках "Нашай Нівы" друкаваліся прамежкавыя падлікі - сьпісы самых папулярных кніг. А ўсе ўвогуле прапановы заносіліся ў агульны рэдакцыйны сьпіс. На сёньняшні дзень гэты агульны сьпіс уключае тысячу назваў. Ці магло штосьці зь неаспрэчных літаратурных каштоўнасьцяў туды не патрапіць? Верагодна, не. Бо пісалі людзі самых розных узростаў, адрасоў і прыхільнасьцяў. Колькi ўсяго было выдадзена беларускiх кнiг у ХХ ст.? Напэўна, тысячаў сто. Выбраўшы зь iх сто найлепшых, "Наша Ніва" паставіла мэту сфармаваць унiвэрсальную бiблiятэку беларускай цывiлiзацыi i новую, постсавецкую ерархiю нацыянальных культурных аўтарытэтаў. Што ў выніку атрымалася? Пра гэта і пойдзе гаворка ў сёньняшняй перадачы.

Каб адразу зьняць папрокі і зразумець "недарэчнасьці", трэба мець на ўвазе, што гэта - вынік апытаньня не спэцыялістаў альбо ўсіх наагул, а менавіта чытачоў "Нашай Нівы". Натуральна, гэта аўдыторыя людзей, далучаных да таемстваў беларушчыны. Але яны так ці інакш падпадаюць пад уплыў рэдакцыйнае палітыкі, лепей ведаюць тых паэтаў і пісьменьнікаў, пра якіх часьцей і грунтаўней піша газэта. Самі матывацыі адбору - зусім розныя. Найчасьцей гэта знакавыя кнігі. Сапраўды, як можа выглядаць такі сьпіс без Купалы і Коласа? Нават калі ў вас не ўзьнікае патрэбы зьвяртацца да іхных твораў. Як казала адна мая знаёмая, я ведаю, што наша гісторыя - багатая і слаўная, і мне гэтага дастаткова, каб ганарыцца сваёй краінай і сваім народам. Другі матыў - гэта ўсё адно як адкладаньне тых кніг, якія хацелася б прачытаць. Сапраўды, калі кіравацца матывам - што б я ўзяў з сабой "у космас", дык, натуральна, узяў бы найперш ня тое, што перачытваць, а тое, чаго яшчэ не чытаў. Яшчэ адзін матыў - інтарэсы наступных пакаленьняў - кнігі, якія павінны прачытаць дзеці. Альбо яшчэ - чытаў некалі, пра што - ня помню, але нечым добрым запомнілася. Ну і мноства драбнейшых матываў - што згадваецца са школьнай праграмы, ці вось такі - скласьці сьпіс зь нікому невядомых, але, безумоўна, вартых кніг... Словам, матывацыяў мноства, і гэта дазваляе лічыць нашаніўскі рэйтынг дастаткова аб'ектыўным. Хоць ён і шмат у чым не супадае з афіцыйнай, выпрацаванай за савецкім часам ерархіяй. Зрэшты, тут спрацоўвае галоўны нашаніўскі прынцып, які можна акрэсьліць адным словам - дэкамунізацыя. Так ці інакш, газэта не прэтэндуе на поўную аб'ектыўнасьць свайго праекту - хутчэй гэта сукупнасьць суб'ектыўнасьцяў. Нам жа прапануецца проста не забывацца на тое, што гэты сьпіс складзены менавіта нашаніўскай аўдыторыяй.

Паэт стагодзьдзя ў Беларусі - зь вялікім адрывам ад іншых - Максім Багдановіч. Менавіта яму належыць і беларуская кніга стагодзьдзя - "Вянок" - тая, што выйшла ў 1913 годзе. Яе чытачы Нашай Нівы назвалі 60 разоў і гэта максымальная лічба. Цікава, што Максім Багдановіч амаль усё сьведамае жыцьцё быў па-за Беларусяй і мову вывучаў з кніг. І пражыў усяго 26 гадоў. Нават партрэта нармальнага не засталося - адно прыдуманыя. І разам з тым, няма ніякага ўяўленьня, што б ён рабіў, калі б не памёр напярэдадні рэвалюцыі ў 17-м. Настолькі, здаецца, поўна і прыгожа выказаўся, а новая рэальнасьць магла запатрабаваць ад яго такіх песень, што загасілі б увесь папярэдні эстэтычны подзьвіг любімага паэта нацыі. Раньняя сьмерць спрычынілася да таго, каб мы мелі ягоны талент нерастрачаным. Міжволі думаеш пра тое, як усё ж доўгае творчае жыцьцё можа зьнівэляваць уражаньне ад шэдэўраў, напісаных у маладосьці. Згадваюцца словы Альбэра Камю: мы занадта доўга жывем. Альбо прыклад Сэлінджэра, які сьвядома перастаў займацца літаратурай, як толькі адчуў, што, кажучы словамі Адама Глёбуса, паэзія пакінула яго. Што праўда, кароткі век - зусім не для ўсіх творцаў закон. Жыў бы далей Караткевіч, мелі б мы яшчэ тузін выдатных ягоных кніг.

Уладзімер Караткевіч - пісьменьнік стагодзьдзя, ён па-за канкурэнцыяй. Чытачы "Нашай Нівы" называлі ягоныя кнігі 277 разоў, а ягонае "Дзікае паляваньне караля Стаха" - самая любімая пасьля багдановіцкага "Вянка" беларуская кніга.

Трэцяя постаць у нашаніўскім рэйтынгу - Васіль Быкаў. Яго згадвалі 209 разоў. Гэта, так бы мовіць, вяршыні, неаспрэчныя каштоўнасьці. Да прыкладу, кнігі наступнага ў рэйтынгу - Янкі Купалы - называліся 129 разоў.

Лідэрства Багдановіча і Караткевіча разьмяшчаецца па-за савецкай ідэалёгіяй. Першы ўсё напісаў яшчэ да камунізму, другі - на выхадзе з камунізму. Гэта значыць, што аплодненая камунай нацыянальная ідэя ня дала ў выніку пазачасавых шэдэўраў.

Карціна літаратурнага стагодзьдзя ў сьпісе ста беларускіх кніг зусім выразна адбівае тыя этапы, якія ў гэты пэрыяд праходзіла беларуская нацыя. Літаратура тут цалкам апраўдала сваю функцыю "паралельнага жыцьця". І я не ўтрымаўся ад спакусы вызначыць галоўную падзею беларускай гісторыі ў ХХ ст. Але зрабіць гэта вырашыў ня сам, а папрасіў мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага.

(Сяргей Харэўскі: ) “Калі гаварыць пра галоўныя падзеі ХХ ст., дык гэта пэўна што ня войны, рэвалюцыі, ці тэрор. Бо яны прамінаюць, пакідаючы адно магілы й попел. Як на маю думку, найвялікшай падзеяй стаў верасень 1939-га, калі Беларусь набыла цяперашнія межы і... страціла Вільню. Амаль цалкам яна злучылася ў вадно, і запаветная беларуская мара зьдзейсьнілася. Натуральна, усё адбылося ня гэтак, як марылася. Беларусь бязь Вільні... І гэта таксама фатальным чынам зьмяніла беларускі дыскурс. Мо й праўда, найвялікшыя мары, калі яны зьдзяйсьняюцца, тускнеюць і на вачох ператвараюцца ў побыт, у дадзенасьць, за якою недалёкае мінулае ўжо забываецца, а новыя клопаты й страхі здаюцца большымі за колішнія... Вось Калюмб у захапленьні ўдыхае райскі водар Новага Сьвету... Хто б мог падумаць у 91-м, што незалежнасьць Беларусі атрымае гэткі вывіхнуты выгляд, як цяпер? І замест росквіту нацыянальнае культуры й мовы, свая ж дзяржава будзе вытаптываць усё беларускае...

Так, Заходняя Беларусь не атрымала вызваленьня. Замест польскага бізуна яна атрымала новы тэрор, нястачу й духоўнае паняволеньне... Але цяпер на ўсіх беларусаў выпадаў адзіны лёс. Што магло быць альтэрнатываю? Ці варта паўтараць, што напрыканцы 30-х у Польшчы было амаль цалкам зьліквідаванае беларускае школьніцтва, павысыланыя беларускія сьвятары, а празь несупынныя рэпрэсіі ледзь ліпеў беларускі друк? Палянізацыя захоплівала ўсё новыя пласты грамадзтва й колькасьць анкетных палякаў несупынна расла. Ні ў водным з сваіх гарадоў беларусы не перавышалі колькасьць палякаў. Ня куляю ў патыліцу, а асьветаю зьнішчалася беларушчына ў Польшчы. І гэта было нашмат больш пэўна. Досьвед цяперашняе Беласточчыны пра тое яскрава сьведчыць. У тых мясцовасьцях, дзе яшчэ Казімер Сваяк правіў імшу па-беларуску, сёньня беларусам ніхто не азавецца... А на Гарадзеншчыне ці Заходнім Паазер’і тубыльцы й да сёньня ня надта ахвочыя прызнавацца беларусамі. Часьцяком даводзілася там чуць гарачыя спрэчкі на прызбах. І гэта праз 60 гадоў! Хапіла толькі 18 гадоў палянафільскай культурніцкай дзейнасьці.

Вымысьляць сабе іншыя варыянты злучэньня дзьвюх Беларусяў нагэтулькі сур’ёзна, як і ўяўляць сабе сёньняшняе дэмакратычнае далучэньне Беласточчыны, Віленшчыны ці Смаленшчыны. Давайце прыплюшчым вочы і ўявім. Як па мне – дык не ўяўляю. Ня будзем крывіць душою. Літоўцы, напрыклад, хітруюць, асуджаючы пакт Молатава-Рыбэнтропа. "Vilnius – musu, Lietuva – rusu" (Вільня наша, Літва расейская), - любілі ёрнічаць старыя літоўцы. Але ж яны не паддавалі сумневу тое, што й Вільня, і Клайпеда мусяць належыць ім. Сёньня ў Літве з таго ня ёрнічаюць. Хоць і касавурацца на гэткія савецкія падарункі. Факт!

Дзякуючы таму ўзьяднаньню, за ўсялякімі выдаткамі трэба бачыць галоўнае: беларускасьць атрымала калясальную падпітку з абодвух бакоў. Праз усе церні, празь недасканаласьць абставінаў месца й часу, беларуская культура злучылася ў вадно. Калі ўявіць сабе на хвіліну, што тыя, хто жыў бы толькі на ўсходнім беразе, ня мелі б адчуваньня таго, што ім таксама належаць Лідзкі й Навагарадзкі замкі, Белавеская пушча, фэерычны сьвет Заходняга Палесься.... Дарэчы, пра Заходняе Палесьсе... Хто б з тамтэйшых тубыльцаў мог сабе 60 гадоў таму ўявіць, што будзе жыць у незалежнай беларускай дзяржаве? Набяруся сьмеласьці сказаць, што нямногія. Роўна ж як і жыхары Віленшчыны нават ня мысьлілі сябе ў межах літоўскае Літвы.

Але беларуская супольная культура ў выніку драмы 39-га году, атрымала нашмат больш глыбіні й досьведу. Сотні творцаў з абодвух бакоў здолелі перамяшчацца па сваім краі. Мастакі, літаратары, музыкі, дойліды. Калясальны людзкі патэнцыял сканцэнтраваўся ў Менску. Невыпадкова амаль уся палітычная эліта, што ачоліла ад пачатку незалежную беларускую дзяржаву, была заходняю: Шушкевіч, Кебіч, Грыб, Краўчанка, Багданкевіч...

Заходняя й Ўсходняя Беларусі – што два людзкія пачаткі, зачалі супольнае дзіця. І за гэта, як, зрэшты, і за любое што вартаснае, трэба было плаціць.

Адбылося тое, што адбылося. Не дакладна, ня літасьціва, ня гэтак прыгожа, як мроілася, ці яшчэ мо мроіцца. Але Беларусь атрымала два крылы. І цяпер толькі ад беларусаў залежыць, як і куды ляцець”.

(С.Дубавец: )” Сяргей Харэўскі называе галоўнай падзеяй узьяднаньне Заходняй і Ўсходняй Беларусі. У пасьляваенны час заходнебеларускія аўтары ня надта ганараваліся ў школьных праграмах. Укарэньваўся стэрэатып, што цэнтрам культуры ў міжваенны пэрыяд быў Менск, а заходнебеларускія творцы - нібы маргінальныя, не зусім правільныя. Ажно за апошняе дзесяцігодзьдзе стала зразумела, што гэта ня так. І нашаніўскі рэйтынг ста кніг ХХ ст. пацьвярджае гэта.

1920 год пазначаны "Гісторыяй беларускай літаратуры" Гарэцкага, а наступны, 21-шы - брашуркай "Адвечным шляхам" Ігната Абдзіраловіча. Абодва творцы - віленскія. У 22-м выходзяць апошні том "Беларусаў" Карскага і "Спадчына" Янкі Купалы. Менскія выданьні. Далей заходнія і ўсходнія кніжкі чаргуюцца. Напрыклад, у 27-м выходзяць "Байкі" Крапівы ў Менску і "Пад сінім небам" Арсеньневай у Вільні. У самы разгар бальшавіцкіх рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі карціна выглядае так: у 35-м у Менску - "Трэцяе пакаленьне" Чорнага, у 36-м у Вільні - "На этапах" Максіма Танка. 37-мы пазначаны дзьвюма кнігамі: менскім "Міколкам-паравозам" Лынькова і віленскай кніжкай "У кіпцюрох ГПУ" Францішка Аляхновіча. У 38-м пуста, а ў 39-м - крапівоўская "Хто сьмяецца апошнім". Сымбалічная назва. Пасьмяяліся. Кандрат Крапіва быў на той час прызнаным монстрам беларускай савецкай літаратуры і ўдзельнічаў у так званым вызваленчым паходзе савецкай арміі ў Заходнюю Беларусь. Ведаючы нядобры кантэкст часу, гэты радок у ягонай біяграфіі ўспрымаеш як паездку на сафары...

Мінулая вайна прадстаўленая ў нашаніўскім рэйтынгу ўсяго дзьвюма кніжкамі - зусім ня тых аўтараў, якія выпускалі газэту "Раздавім фашысцкую гадзіну". Час усё расстаўляе на свае месцы і важнейшым робіцца не савецкае або фашыстоўскае, а тое, дзе галоўны матыў творчасьці - беларушчына, яе суб'ектнае самавыяўленьне. Чытачы назвалі зборнік Ларысы Геніюш "Ад родных ніў", які выйшаў у Празе і кнігу "Беларусь учора і сяньня" Найдзюка і Касяка, пазначаную акупаваным немцамі Менскам. Я б дадаў сюды яшчэ й "Каханы горад" Юстапчыка - першы буйны празаічны твор пра вайну, і таксама несавецкі, на жаль, яшчэ шырака невядомы. Далей гэтая галіна беларускай літаратуры цалкам выцясьняецца на эміграцыю ідэалягізаванай савецкай літаратурай. Пасьляваенны пэрыяд пазначаны панаваньнем менскіх пісьменьнікаў. Але нашаніўскі рэйтынг і тут уносіць карэктывы ў нашыя ўчорашнія школьнапраграмныя стэрэатыпы. На ўсе 50-я гады - толькі дзьве кнігі - "На ростанях" Якуба Коласа і эмігранцкая "Плыве з-пад сьвятое гары Нёман" Юркі Віцьбіча. Сапраўдная хваля літаратуры пачынаецца у часы хрушчоўскае адлігі. Мележ, Брыль, Быкаў, Караткевіч пануюць у 60-я - 70-я - 80-я гады. Паступова да іх далучаюцца іншыя творцы, пераважае гістарычная тэматыка. Цікава, што не засталіся незаўважанымі і эмігранцкія кнігі Янкі Станкевіча, Яўгена Калубовіча, Вітаўта Кіпеля, Кастуся Акулы і кнігі беларусаў у Польшчы Туронка і Гайдука. Пэўны фэномэн нашаніўскага сьпісу - выданьні Вітаўта Чаропкі. Іх спаміж ста кніг ХХ ст. ажно пяць. Асабіста я вытлумачыў бы гэткую папулярнасьць ня вельмі дасканалых твораў непераборлівасьцю чытача ў часе страшэннага голаду на гістарычную літаратуру, а таксама - тугою па Караткевічу.

Камуна, што так зраслася была з нацыянальным адраджэньнем і зь беларускай літаратурай у ХХ ст., верагодна будзе цяпер паступова і няўхільна забывацца. Няма ў нашаніўскім рэйтынгу кніг Броўкі, Куляшова, Макаёнка ды некаторых іншых народна-партыйных песьняроў. Не таму няма, што ставілася задача іх забыць. Магчыма, для большае верагоднасьці гэтага сьпісу было б выгадней, каб такія кнігі якраз былі. Але ж ёсьць у іхнай адсутнасьці бадай адна прычына. Іхны аўтарытэт быў створаны савецкай ідэалёгіяй, бо служылі гэтай ідэалёгіі. Але ж ідэалёгіі мінаюць, і застаецца толькі тое, што служыць вечным каштоўнасьцям, сярод якіх і пачуцьцё свае нацыі, саматоеснасьць.

Рэйтынг у "Нашай Ніве" паказаў, што беларушчына вызваляецца ад камуны. Беларус - значыць бальшавік, любілі паўтараць польскія асаднікі на ўсходніх крэсах у міжваенны пэрыяд. Але беларус быў камуністам у такой самай ступені, як немец або вугорац. Толькі мэтраполія таго камунізму, на які запаў беларус, разьмясьцілася ў Маскве - і таму камунізм гэты не ператварыўся ўрэшце ў маргінальную грамадзкую плынь, як гэта адбылося ў ЗША, і ня стаў лібэральным і прымірэнчым, як у Францыі, а набыў нутро расейскага імпэрыялізму ў абліччы інтэрнацыяналісцкіх лёзунгаў. Верагодна, натхнёныя душы беларускіх паэтаў у 20-я гады яшчэ не вычувалі гэтага нутра. І папаліся...

Завяршае ХХ ст. у кніжным рэйтынгу "Нашай Нівы" кніга, пазначаная 1999-м годам і сэрыяй "Беларускі кнігазбор". На вокладцы прозьвішча - Кастусь Каліноўскі. Быццам і не было гэтага стагодзьдзя, руіны якога праз пару тыдняў застануцца ў нас за сьпінай. А тое, што было, і тое, што мы забіраем з сабою ў будучыню - быццам гэтаму дваццатаму стагодзьдзю і не належыць. Верагодна яно належыць вечнасьці, а мінулае стагодзьдзе адбілася на ім адно заложнаю, татальнай перашкодай - нараджацца, разьвівацца і тварыць. Верагодна, так было зь лепшымі беларускімі кнігамі, так было і зь лепшымі беларускімі людзьмі, з нацыяй у цэлым. Ня так шмат нам пакінулі мінулыя войны і закалоты, а найперш - эпідэмія камунізму, якая каго панішчыла, а каго паперакручвала на самыя вычварныя лады.

Бывай, ХХ ст. Мы сыходзім. Мы пакідаем гэты пыльна-фіялетавы Афганістан у руінах. Мы яшчэ доўга будзем згадваць цябе, ХХ ст. Твае курапаты, хатыні, чарнобылі. А што сьветлага - дык хіба нешта асабістае, кожнаму сваё, зь дзяцінства. Сьветла заўсёды наперадзе. Светлае ззаду пакідаецца тады, калі маеш намер вярнуцца. А мы сыходзім фатальна і незваротна. Бо інакш не бывае. Мы сыходзім і гасім за сабою сьвятло.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG