Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ МАРЫНІЧ ПРОСІЦЬ СЬЛЕДЧЫХ КГБ ВЯРНУЦЬ ЯМУ 90 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

18 траўня Міхаіл Марыніч зьвярнуўся з заявай да сьледчых КГБ наконт сваіх 90 тысяч даляраў. Арыштаваны просіць вярнуць яму ўсе гэтыя грошы. Ён лічыць, што ў сьледзтва было дастаткова часу, каб разабрацца ва ўсіх абставінах гэтай справы і прыйсьці да высновы, што грошы ўтрымліваюць незаконна.

90 тысяч даляраў сьледчыя КГБ забралі ў Міхаіла Марыніча 24 красавіка пасьля агляду ягонага аўтамабіля на вуліцы ў Менску. Праз два дні, калі Міхаіл Марыніч прынес у КГБ зьвесткі пра паходжаньне гэтых грошай, яго затрымалі. Сьледчыя КГБ абвесьцілі, што даляры нібыта фальшывыя і трэба разабрацца, ці мае ён дачыненьне да падробкі гэтых грошай. “Мой падабаронны лічыць, што гісторыю пра фальшывыя даляры сьледчыя прыдумалі, каб толькі яго затрымаць. Цяпер ніякіх сьледчых дзеяньняў з удзелам Міхаіла Марыніча адносна даляраў не вядзецца. Таму ён і патрабуе вярнуць яму грошы”, — патлумачыла Радыё Свабода адвакат Міхаіла Марыніча Вера Страмкоўская.

Нагадаю, Міхаіл Марыніч адразу пасьля затрыманьня прызнаў, што яму далі гэтыя грошы ў Расеі для падтрымкі пэўных кандыдатаў на будучых парлямэнцкіх выбарах. Былы міністар, аднак, не ўдакладніў, хто даў яму грошы і каго дакладна ён зьбіраўся празь іх падтрымліваць.

Тым часам працягваецца кампанія збору паручыцельстваў вядомых асобаў за Міхаіла Марыніча. Да раней сабраных заваў далучылі свае лісты былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Ганчарык, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, прафэсар Георгі Лепін, а таксама галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна. На просьбу Радыё Свабода Святлана Калінкіна патлумачыла сваю пазыцыю што да справы Міхаіла Марыніча.

(Калінкіна: ) “Для мяне зусім відавочна, што, калі б маглі нешта знайсьці на гэтага чалавека, даўно бы знайшлі. А пакуль ёсьць толькі пісталет, які невядома адкуль узяўся. Тэхналягічна гэта вельмі моцны гулец, які мог супрацьстаяць уладзе. Менавіта таму яго і арыштавалі”.

Між тым, пакуль сьледзтва і пракуратура, якая за ім назірае, ніяк не адрэагавалі на пададзеныя раней паручыцельствы за Міхаіла Марыніча. Яго працягваюць утрымліваць у сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка” паводле абвінавачаньня ў незаконных дзеяньнях са зброяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG