Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЛЕПШАЦЦА ДАЧЫНЕНЬНІ БЕЛАРУСІ І ЭЗ?


Валер Каліноўскі, Менск

Доля пашыранага Эўразьвязу ў агульным таваразвароце Беларусі складае 29%, доля беларускага экспарту ў краіны зьвязу яшчэ большая — 36%. Такім чынам, Эўразьвяз стаў другім пасьля Расеі гандлёвым партнэрам Беларусі, — паведаміў рэктар БДЭУ Ўладзімер Шымаў. У ягоным унівэрсытэце з дапамогай унівэрсытэтаў Турыну і Ліёну адкрыўся новы курс дасьледаваньняў эканомікі Эўразьвязу. Спадар Шымаў прызнаў, што пасьля рэфэрэндуму 1996 году адносіны Беларусі і Эўразьвязу былі абмежаваныя. Ці пагодзіцца Эўразьвяз цяпер, пасьля пашырэньня, зьняць эканамічныя абмежаваньні і гандлёвыя бар’еры, аблегчыць візавы рэжым? Кіраўнік менскага офісу праграмы Эўразьвязу TACIS Ёахім Леман акрэсьліў умовы, пры якіх супрацоўніцтва пашыранага Эўразьвязу і Беларусі магло бы разьвівацца больш інтэнсіўна:

(Леман: ) “перакананы, што доўгатэрміновай мэтай Эўразьвязу адносна Беларусі зьяўляецца жаданьне, каб гэтая краіна была дэмакратычным, стабільным, надзейным партнэрам, які адлюстроўваў бы інтарэсы народу Беларусі”.

Паводле спадара Лемана, Беларусь і Эўразьвяз цяпер дзеляць адну мяжу, але да гэтага часу не падзяляюць аднолькавых каштоўнасьцяў, яны маюць розныя палітычныя і эканамічныя сыстэмы. Тым ня меней, Эўразьвяз будзе ня толькі працягваць, але і ўзмацняць сваю падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, дэмакратызацыі краіны, незалежнасьці СМІ, працягваць гуманітарную дапамогу і рэгіянальнае супрацоўніцтва, — зазначыў кіраўнік менскага офісу TACIS.

Дырэктар Інстытуту міжнародных эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Расейскай Акадэміі навук Руслан Грынберг лічыць, што цяпер у Беларусі ёсьць некалькі альтэрнатываў: кансалідаваць свае адносіны з Расеяй, рыхтавацца да інтэграцыі з Эўразьвязам альбо працягваць палітыку абмежаванага супрацоўніцтва як з Эўразьвязам, гэтак і з Расеяй.

(Грынберг: ) “Калі ў Расеі зусім няма ніякіх шанцаў калі-небудзь уступіць у Эўразьвяз, то датычна Беларусі сытуацыя выглядае зусім іначай, калі глядзець праўдзе ў вочы. А праўда такая, што Беларусь — гэта эўрапейская дзяржава, беларусы — эўрапейцы. І можна ўявіць, што пры нейкіх умовах пачнецца інтэнсіўны працэс перамоваў аб уступленьні Беларусі ў Эўразьвяз. І выснова, якая ляжыць на паверхні, у тым, што гэта значна больш верагодна, чым патэнцыйнае ўступленьне Ўкраіны”, — сказаў прадстаўнік РАН Руслан Грынберг.

Прафэсар Турынскага ўнівэрсытэту Карла Салонэ лічыць, што пакуль ня час весьці размовы пра сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, хаця статутныя дакумэнты Зьвязу зусім не выключаюць гэтага.

(Салонэ: ) “Але я лічу, што пакуль цяжка ацаніць, які час рэальна патрэбен для рэалізацыі патэнцыйнага сяброўства краіны ў Эўразьвязе. Я лічу, што гэта магчыма пасьля атрыманьня першага досьведу рэалізацыі супольнай палітыкі й ацэнкі эканамічнай канвэргенцыі, дасягнутай цяперашнімі новымі сябрамі Эўразьвязу. Пасьля гэтага мы зможам вырашыць, якія рэальныя магчымасьці для далейшага пашырэньня”, — зазначыў прафэсар Турынскага ўнівэрсытэту Карла Салонэ.

Тым часам цяперашняя кіроўная эліта Беларусі не разглядае пытаньня пра магчымае сяброўства ў Эўразьвязе. Пра пэрспэктывы адносінаў Беларусі з Эўразьвязам гаворыць рэктар БДЭУ, нядаўні міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў:

(Шымаў: ) “Праз сумесную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй. Толькі праз стварэньне адзінай эканамічнай прасторы сумесна з нашым саюзьнікам — Расеяй. Іншых варыянтаў я ня бачу, у адрозьненьне ад прафэсара Грынберга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG