Арганізатарамі сёлетняга “Чарнобыльскага шляху” выступілі партыі, што ўваходзяць у народную кааліцыю “Пяцёрка плюс”. Прадстаўнікі гэтай кааліцыі падалі ў гарвыканкам адпаведную заяўку яшчэ 12 дзён таму. 21 красавіка арганізатарам патэлефанавалі з гарадзкой управы міліцыі й паведамілі, што 26 красавіка дазволены толькі мітынг каля Чарнобыльскай капліцы. Гаворыць прадстаўнік кааліцыі, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:
(Івашкевіч: ) “Сёньня заяўнікі запрошаныя на перамовы ў гарадзкую ўправу ўнутраных справаў, каб узгадніць правядзеньне мітынгу і праход людзей ад месца збору. Бо мы распаўсюджвалі інфармацыю, што збор людзей на плошчы Якуба Коласа. Рыхтуецца мастацкае аздабленьне — гэта 25 плякатаў. На іх будзе сымболіка каліцыі й тэмы, якія нас хвалююць. Гэта тое, што вырабляецца сельскагаспадарчая прадукцыя на забруджанай тэрыторыі, што адмененыя льготы чарнобыльцам. Мы таксама падымаем пытаньне пра палітычны “чарнобыль”, які не дае ніякіх магчымасьцяў вырашаць пытаньні Чарнобылю экалягічнага, сацыяльнага і гэтак далей”.
Віктар Івашкевіч мяркуе, што ўлады дазволяць праход людзей з плошчы Якуба Коласа да капліцы, але потым будуць прыцягваць арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” да адміністрацыйнай адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага шэсьця. Намесьнік старшыні БНФ спадзяецца, што ва ўладаў хопіць развагі не давесьці 26 красавіка да сутыкненьняў паміж міліцыянтамі і ўдзельнікамі “Чарнобыльскага шляху”.
Акрамя актывістаў кааліцыі “Пяцёрка плюс”, у шэсьці й мітынгу зьбіраюцца ўзяць удзел прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў ліквідатараў, а таксама Маладога Фронту, якім улады не дазволілі праводзіць сваю акцыю 25 красавіка.
Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ таксама хацелі превесьці сваё мерапрыемства 25 красавіка ў цэнтры Менску. Але ўлады дазволілі ім толькі мітынг на плошчы Бангалор. Кіраўніцтва КХП БНФ прыняло рашэньне адзначыць 18-я ўгодкі чарнобыльскай катастрофы правядзеньнем 25 красавіка талакі ў Курапатах.