Людміла Пранько гаворыць, што думка адзначыць з вучнямі і бацькамі Вялікдзень у яе ўзьнікла з нагоды таго, што гэтае сьвята сёлета супадае ў каталікоў і праваслаўных. Яе другаклясьнікі вывучылі валачобныя вершы, народныя прыкметы, зьвязаныя з надвор’ем напярэдадні Вялікдня. А дзяўчынкі падрыхтавалі танец зь вербачкамі. Але паслухаем саму настаўніцу:
(Настаўніца: ) “Ну і самая вялікая праца дзяцей гэта тое, што мы зрабілі з гліны яйкі і іх расьпісалі. Спачатку нам тая мама, якая робіць рэчы з гліны, яна нам расказала, як на Беларусі расьпісваліся яйкі. І тады ўжо дзеці выбіралі колер яйкі, колер тых кветак, тых лісьцікаў, якія яны будуць наносіць на свае яйкі. І тое, што вы бачыце, гэта ўсё выдумана самімі дзеткамі”.
Настаўніца ўпэўнена гаворыць, што яек з такім малюнкам яшчэ не было. Сапраўды, выглядаюць яны экзатычна і памеры маюць значна меншыя ад звычайнага курынага. У клясе 22 вучні, і кожны зрабіў самаробнае велікоднае яйка, каб падараваць сваім бацькам. Давайце зараз зноўку паслухаем саму Людмілу Пранько:
(Настаўніца: ) “Мы размаўлялі зь дзеткамі і высьветлілі, што кожная сям’я з нашай клясы, яна ходзіць альбо да касьцёлу, або ў грэка-каталіцкую царкву або ў праваслаўную. І дзеткі пойдуць разам з мамамі, каб паглядзець абрад... Адна мама пячэ куліч, другая робіць пасху, кожнае дзіця прынясе некалькі яек, таму што яны ведаюць, што будзем гуляць зь яйкамі. І вось так правядзем гэтае сьвята”.
Людміла Пранько гаворыць, што з вучнямі таксама дамоўлена: яны прынясуць кошыкі, у якіх у царкву ці ў касьцёл насілі сьвенціць ежу, і выберуць самы прыгожы. У школе гэткім чынам Вялікдзень яшчэ ніколі не адзначалі.