Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ ІМПІЧМЭНТ РАЛАНДАСА ПАКСАСА


Уладзімер Глод, Менск

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць, што імпічмэнт прэзыдэнту — гэта перадусім справа літоўцаў. Важна тое, што пры гэтым выконваўся закон:

(Шушкевіч: ) “Паважаю, калі людзі дзейнічаюць згодна з тым законам, які ў іх ёсьць, і з той Канстытуцыяй. А ў іх дэмакратычная Канстытуцыя, і ў іх дэмакратычныя законы. І ня трэба даваць ім парадаў і ацэньваць іх дзеяньні. З павагай стаўлюся, ведаю пазыцыю таго і другога боку, Але яшчэ раз скажу: не магу даваць ніякага камэнтару”.

Старшыня камісіі ў справах заканадаўства Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Архіпаў акцэнтуе ўвагу на тым, што былы прэзыдэнт Літвы парушыў закон:

(Архіпаў: ) “Ёсьць парушэньне Канстытуцыі. Іх Канстытуцыйны суд прызнаў, што Канстытуцыя была парушаная. А ў парлямэнту было права прыняць рашэньне пра імпічмэнт. Ён яго прыняў. Усё адпаведна з Канстытуцыяй той дзяржавы. І ніякіх там перагібаў. Нармальная спакойная рэакцыя”.

Сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч падкрэсьліў, што ў літоўцаў перад законам роўныя абсалютна ўсе:

(Парфяновіч: ) “Гэта вельмі добры прыклад дэмакратыі і галоснасьці. Ён паказвае людзям, замежным краінам, як будаваць цывілізаваныя адносіны, паказвае адкрытасьць краіны. Нарэшце, паказвае людзям, што ўсе перад законам роўныя. І ўсе павінныя несьці адказнасьць за парушэньне Канстытуцыі”.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Літве быў там у якасьці назіральніка:

(Лазавік: ) “У некаторай ступені давялося адчуваць тую палітычную атмасфэру, у якой яны праходзілі. Адчуавалася, што Захад у асноўным робіць стаўку на Адамкуса. З другога боку, на Паксаса зрабілі стаўку з Усходу. Пры сутыкненьні гэтых інтарэсаў у другім туры перамаглі сілы, якія прадстаўлялі ўсходні вэктар. Заспакоенасьці пасьля выбараў не наступіла. І ўчорашняе вырашэньне гэтага канфлікту вылілася ў імпічмэнт прэзыдэнту. Пра юрыдычны аспэкт? Кожная краіна павінна сачыць за чысьцінёй выкананьня свайго заканадаўства. І закон не дазволена парушаць нікому — нават самаму высокапастаўленаму кіраўніку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG