Цікавы факт: эканамічны крызыс 1930-х гадоў Злучаныя Штаты, Нямеччына ды іншыя краіны пачалі пераадольваць з дапамогаю буйнамаштабнага дарожнага будаўніцтва. Яно стала дзейсным інструмэнтам антыкрызыснай палітыкі, працаўладкаваньня насельніцтва — трамплінам у заўтрашні дабрабыт. Калі ў сярэдзіне 1990-х гаспадарчы мэханізм Беларусі даў збой, тут таксама зацьвердзілі адпаведную васьмігадовую праграму. Праз год яна завяршаецца. Як ацэньваюць тутэйшыя дасягнутае?
(Першы спадар: ) “Калі пад’яжджаеш да Менску, там нармалёвыя дарогі, а на Гомельшчыне я не знаходжу нармалёвых. Праўда, калі Доўскай трасай едзеш, дык яшчэ больш-менш...”
(Другі спадар: ) “Ямы на дарогах, сьлізка... Яно ж відаць няўзброеным вокам!”
(Трэці спадар: ) “Выбоіны: калі трапляеш машынаю, дык ці кола, ці апора развальваюцца — падвеска ляціць, рулявое. Летась я “злавіў” калдобіну, дык ажно дыск разьляцеўся, давялося мяняць”.
Гэтак кіроўцы ацэньвалі якасьць міжагародніх дарогаў. Што да гарадзкіх вуліцаў, дык і тут асаблівага захапленьня няма. Вось як, напрыклад, адзываюцца людзі пра Гомель, другі па велічыні горад краіны:
(Чацьверты спадар: ) “Цэнтральныя — нармалёвыя, а двары надзвычай дрэнныя: яма на яміне. У любы двор заедзь — усе разьбітыя, ніхто іх ня правіць”.
У вялікага гораду, як кажуць, вялікія праблемы. Ну а ў райцэнтрах?
(Васіль: ) “У горадзе Смалявічы ў цэлым нармалёва”.
(Віктар: ) “Насамрэч у нас добрыя дарогі. Я ўжо пяць гадоў за рулём. Па Менску едзеш, дык можаш падвеску згубіць, а тут прыгожа. Паўсюдна чыста. Вычышчаецца”.
(Андрэй: ) “Дарогі ўсе падмятаюць”.
(Віктар: ) “Прыемна. Тут усё адрамантавана. У нас “Дажынкі” былі. Цяпер не відаць, а так у нас асфальт. Паўсюдна чысьценька”.
Меркаваньні мужчынаў пра дарогі нечым нагадваюць іхныя ж ацэнкі жаночай прыгажосьці: якая для аднаго “Міс сьвету” — дык для другога “Клаўка зь Першасавецкай”. Па гэткай аналёгіі прыблізна палова з апытаных жыхароў Смалявічаў ацэньвалі родныя вуліцы выключна адмоўна:
(Уладзімір: ) “Я за рулём ужо 27 гадоў. Дарогі, вядома, брыдкія. Кепскія дарогі. Асабліва ўскраіны. Пад’язныя шляхі дрэнныя. Вельмі дрэнныя”.
(Віктар: ) “Летам, зразумела, пабітыя дарогі. Але цяпер снегам выраўняныя”.
(Іван: ) “Нападала — і ноччу ніхто не прыбірае. Усё стаіць. У Смалявічах еду, дык тратуары нават не прыбраныя. Гэта ж небясьпечна!”
Вяскоўцы — асобная тэма, пра яе пазьней. А пакуль зьвярніце ўвагу на характэрныя стэрэатыпы ацэнак. Мы пыталіся пра якасны стан камунікацыяў у цэлым. Аднак хіба ці ня ўсе суразмоўцы засяроджваліся выключна на вартасьцях ці хібах аднаго толькі дарожнага пакрыцьця. А эўрапеец ці амэрыканец зьвярнуў бы ўвагу на іншае: для іх першаплянавая інфраструктура трасаў — указальнікі, разьметка, гатэлі, заправачныя станцыі, кавярні, зоны адпачынку. Гэткая рознасьць поглядаў была і за савецкім часам. Атрымліваецца, сем гадоў рэалізацыі адмыслова складзенай дзяржаўнай праграмы мала што зьмянілі прынцыпова. А шмат хто ўвогуле заўважае перамены толькі ў горшы бок:
(Уладзімер: ) “Дарогі раней былі лепшыя. З тэхнікі адзін трактар чысьціць. Раней дык чысьцілі некалькі. Ноччу чысьцілі. А цяпер не. Толькі днём. Калі транспарт перашкаджае. Прычына, вядома, у арганізацыі. Але і сродкаў мала. Усё ўпіраецца ў грошы”.
(Генадзь: ) “Не хапае грошай на салярку, бэнзын. Калі легкавой машынай ехаць, напрыклад, у бок Капыля, дык там дарогі пабітыя”.
(Іван: ) “Тут наогул завал. Дык так паўсюдна. Няма паліва. Няма. Няма тэхнікі. Вось і ўсё”.
“Беларусь не Нямечына!” — людзі настолькі прызвычаліліся да гэткага крыўднага дарожнага дыягназу, што ня судзяцца зь дзяржавай нават тады, калі разьбіваюць свае машыны, становяцца калекамі, назаўсёды губляюць сяброў і сваякоў менавіта з прычыны дрэннага стану вуліцаў. Пераважная большасьць грамадзянаў нават не здагадваецца пра існаваньне галіновай праграмы “Павышэньне бясьпекі руху на аўтадарогах агульнага карыстаньня на 2000–2005 гады”. Ёю прадугледжвалася процьма мерапрыемстваў, каб скараціць колькасьць аварыяў на 25–30%. Аднак па-ранейшаму яшчэ ніколі ня быў выкананы плян адпаведнага фінансаваньня. Добра, калі дадуць хоць палову абяцанага, кажа ваўкавыскі аўтааматар Мікалай Кавальчук, які займаўся гэтым пытаньнем:
(Кавальчук: ) “Калі нашы дарогі параўнаць з эўрапейскімі, то можна сказаць, што яны ўвогуле адсутнічаюць. Яшчэ па-за межамі гарадоў нейкія там трасы неяк глядзяцца, падтрымліваюцца. А ў горадзе, паколькі бюджэт нулявы, сродкаў не выдзяляецца, дарогі ў страшным стане”.
Большасьць асноўных дарог краіны капітальна рамантаваліся 16 год таму — гэта мяжа дазволенага. Але замест масавай рэканструкцыі бесьперапынна вядзецца так званы “рамонт у падтрымку”. Між тым усе ўдзельнікі руху ў рознай форме выплачваюць дастаткова важкія сумы, каб забясьпечыць высокую якасьць камунікацыяў. Яе няма, а людзі маўчаць. Чаму? Сваімі меркаваньнямі дзеліцца кіраўнік Ваўкавыскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства абароны правоў падаткаплатнікаў і спажыўцоў” Мікалай Кавальчук:
(Кавальчук: ) “Чалавек мае падставы, каб зьвяртацца па кампэнсацыю стратаў. Гэта можа быць ці праз таго, хто абслугоўвае гэтую дарогу, ці праз суд. Да прыкладу, просты прахожы зачапіўся за дрэнна ўкладзеную плітку на ходнікі — разьбіў нос. Ці кіроўца, што ехаў машынай, трапіў у калдобіну, у выніку чаго паляцелі нейкія запчасткі. На жаль, я ня ведаю ніводнага выпадку, каб зьвярталіся. Усе, хто трапляў у такія сытуацыі, толькі абураюцца: вось, яны там сякія-такія! А далей — не. Але каб чалавек зьвярнуўся да нейкай грамадзкай арганізацыі па абароне правоў спажыўцоў, я думаю, быў бы вынік”.
Нягледзячы на вастрыню праблемы, людзі не асабліва зьвяртаюцца нават у савецкія, гаспадарчыя органы і ўстановы. У зрухі да лепшага ня вераць, бо часта гадамі прасілі паправіць ці пабудаваць дарогу, аднак нічога не дачакаліся. Стаміліся і спыніліся. Клясычную гісторыю распавядае лекар Ляхавіцкага тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня Ігар Лобан:
(Лобан: ) “Ёсьць такія раёны, як вуліца Будаўнікоў, завулак Южакова — там уладкаваньне ніколі не вялося й не вядзецца. Як у нас у Ляхавічах гавораць, гэта Шанхай. Там ніколі нават дарогі не ўладкоўваліся. Там, калі пачынаецца вясна, усё забруджана. Я ня ведаю, як там людзі ходзяць. І такое доўжыцца ня першы год. 13 гадоў там ніхто нічога ня робіць! Што цікава, якая праблема вырашылася? Была заасфальтаваная 20 год абяцаная вуліца Кастрычніцкая! І то напрыканцы асфальтавае пакрыцьцё пакладзенае толькі ў адзін слой. Мабыць, на другі не хапіла грошай. Але гэта была адчувальная падзея. Вуліца Кастрычніцкая нарэшце дачакалася асфальтавага пакрыцьця!”
Бяз малага 90 год чакалі сьвята пасьля рэвалюцыі — тут рэдка які аптыміст не ператворыцца ў пэсыміста. Да таго ж дарожнікі схалтурылі. Ці не таму, што дзесяцігодзьдзямі працуюць зь няякаснымі матэрыяламі, на састарэлай тэхніцы, ва ўмовах бясконцага аўралу — усё гэта няўмольна выхоўвала ня проста прафэсійную абыякавасьць, але што яшчэ горш — звычку да нядбайнай працы. Ня толькі з прычыны даўнасьці будаўніцтва ды недастатковага фінансаваньня каля 10% беларускіх дарогаў знаходзяцца ў стадыі разбурэньня, а ў выдатным — упяцёра менш. Якасьць прыблізна кожнай другой дарогі — здавальняючая.
(Спадар: ) “Самая горшая дарога Калінкавічы-Петрыкаў. Там была раней бэтонка. Цяпер паклалі асфальт. Ну, у бэтоне ямы былі. Асфальт паклалі, але выбоіны ёсьць. Едзеш, як на паравозе, ту-тух, ту-тух, ту-тух...”
Як кажуць, каб справядліва ацаніць, варта параўнаць.
(Спадар: ) “Я быў у Расеі, дык тамака ўвогуле дарогі страшныя. Ехаць немагчыма”.
Тое самае можна сказаць і пра Малдову, напрыклад. Але ж побач іншыя прыклады — Польшча і Прыбалтыка, Заходняя Эўропа.
(Спадар: ) “У Нямеччыне быў, Гішпаніі, Францыі, Польшчы. Але самыя лепшыя дарогі ў Нямеччыне, нашы адрозьніваюцца. Далёка яшчэ, каб параўнаць зь нямецкімі”.
Заходнім суседзям Беларусь заўважна прайграе. Тым ня менш за выкарыстаньне сваіх транспартных калідораў для транзыту грузаў на ўсход патрабуе проста фантастычных сумаў, адначасова яна наладзіла надзвычай жорсткі, бюракратычны мытны кантроль. Пры гэтым мала клапоціцца пра сучасную інфраструктуру трасаў. Выключэньнем стала хіба імклівае будаўніцтва аўтазаправак. Недасканалае заканадаўства тармозіць прыход у дарожны бізнэс айчыннага прыватнага капіталу, замежных інвэстараў.У выніку некалькі апошніх гадоў эўрапейцы і расейцы ўсё часьцей аддаюць перавагу Прыбалтыцы, Украіне. Дзяржава губляе вялізныя сродкі. Ды што замежнікі, з-за нездавальняючага стану камунікацыяў бюджэт штгод недаатрымлівае 600 мільёнаў даляраў з кішэняў саміх жа беларусаў. Але да радыкальных зьменаў не даходзіць. Распавядае жыхар вёскі Востраў, што на Берасьцейшчыне, Іван Навумчык:
(Навумчык: ) “Дарогі ня вельмі, асабліва па сельскай мясцовасьці. Ня гэтак абслугоўваюцца, як належыць. Можа, гадоў дзесяць-пятнаццаць ніякага рамонту не было. Ужо хутка людзям пачнуць платы машынамі ламаць, аб’яжджаючы гэтыя ямы ды каляіны. Перад уладамі ўздымалі гэтыя пытаньні, але ўсё засталося на ранейшым месцы. Асфальт ляжыць яшчэ з 1980-х гадоў. Яго і тады абы-як паклалі, праз год ямы зьявіліся. А цяпер і ні грэйзэрам не параўнаеш, і невядама што там рабіць”.
Клясычнае апраўданьне дарожнікаў — маламоцная матэрыяльная база. Людзей у раённых ДРБУ часам больш, чым машын. Так, за кожным кілямэтрам пухавіцкіх дарог штодзень даглядаюць ажно пяцёра чалавек: адзін на 200 мэтраў! Лічба настолькі красамоўная, што ня варта нават згадваць Японію. Там, дарэчы, бюджэт дарожнага фонду ў разьліку на кілямэтар складае тысячу даляраў, у Нямеччыне — 150, Вялікабрытаніі — 180, Італіі — 130, у ЗША — 60, Літве і Фінляндыі —50, у Расеі — 9, а ў Беларусі — 5,5. Тут не разгонісься, кажа майстар з Пухавіцкага ДРБУ Зоя Кляўко:
(Кляўко: ) “Грошай не хапае. Вельмі цяжка працуецца. Не хапае тэхнікі, вядома. Проста не пасьпяваем”.
Гэта ўсё так, але ж і безгаспадарчасьці, марнатраўства больш, чым зімой сьнегу, лічыць Мікалай Кавальчук:
(Кавальчук: ) “Вясной звычайна на дарогах зьяўляюцца калдобіны, дык бяруць цэглу, якая каштуе даволі нятанна, закладваюць яе ў гэтыя калдобіны, а празь дзень-два гэтыя цэглы разьбіваюцца. А каб хто-небудзь арыфмэтычна ўсё гэта падлічыў бы, то прыйшоў бы да высновы, што выгадней пакласьці асфальт. Гэта было б і таньней, і менш працы, і вынік быў бы лепшы”.
Нездарма кажуць — няма нічога даражэй за бездарожжа. А як праўда і тое, што жыць трэба па сродках, дык пры сёньняшнім дзяржаўным падыходзе атрымліваецца: сучасныя дарогі для беларусаў — пэрспэктыва далёкага заўтра.