Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГАЛАДУЮЦЬ ДЗЯВЯТЫ ДЗЕНЬ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Перамовы з уладамі вядуцца ці ня штодня ды цягнуцца некалькі гадзінаў. Лідэры віцебскай філіі прафсаюзу “Пэрспэктыва”, спадары Шапавалаў ды Элькін, адмовіліся надалей браць удзел у перамоўным працэсе, бо некалькі разоў прадстаўнікі ўладаў ухіляліся ад сустрэчаў зь імі. Цяпер праводзіць усе перамовы будуць асобныя прадпрымальнікі, якія працуюць на розных гандлёвых аб’ектах — крытых ды адкрытых кірмашах, шапіках ды г.д.

Учора вяртаньня чарговае дэлегацыі прадпрымальнікаў, якія паехалі перамаўляцца ў гарвыканкам, чакалі да восьмай вечара, і ўсе вельмі хваляваліся, ці ня здарылася зь імі чаго дрэннага, бо прадстаўнікі галадоўнікаў адчуваюць сябе не найлепшым чынам. Нарэшце дэлегаваныя павярталіся, аднак добрых вестак не прывезьлі. Пайсьці насустрач уладальнікам дробных пунктаў продажу ўлады адмовіліся: іх па-ранейшаму жадаюць ператварыць у крамы, і гэта вымагае ад уласьнікаў адмысловага вядзеньня бугальтэрыі, адмысловае сэртыфікацыі тавару ды гэтак далей.

Прадпрымальнікам крытых кірмашоў прапанавалі чарговую адтэрміноўку — дазволілі працаваць бяз пэўнага пераліку дакумэнтаў да 1 сакавіка. Да абмеркаваньня праблемаў адкрытых кірмашоў, шапікаў ды прыватных таксовак гаворка не дайшла ўвогуле — іхным уладальнікам прапанавана сустрэцца чарговы раз днямі.

Усе гэтыя прапановы прадпрымальнікаў не задаволілі, і галадоўка прадоўжыцца.

Цяпер, здаецца, кожны віцяблянін ведае пра галадоўку. Хаця прайшло даволі шмат часу, перш чым гэтая акцыя пратэсту стала ў Віцебску навіной №1 — падзею не асьвятлялі па тэлебачаньні, не пісалі ў мясцовых газэтах. А потым, калі ў дзяржаўных выданьнях зьявіліся першыя матэрыялы на гэтую тэму, то нават незразумела было, што ж там адбываецца на крытым рынку “Мішэль” — ці то страйк, ці то галадоўка, ці то проста нейкія хуліганы вырашылі ігнараваць рашэньні гарвыканкаму.

Першыя праўдзівыя зьвесткі зьявіліся спачатку ў недзяржаўнай газэце “Віцебскі кур’ер”, а потым віцебскія прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды сацыял-дэмакраты з “Народнае грамады” распаўсюдзілі каля 10 тысяч улётак пра прычыны ды мэты галадоўкі. Самая сьвежая інфармацыя пра гэтую акцыю пратэсту месьціцца на сайце http://www.vitebsktribune.iatp.by/galadowka. Сайт зрабіў рэдактар недзяржаўнай газэты “Віцебская трыбуна” Сяргей Серабро, ён жа пэрыядычна дадае туды новыя матэрыялы ды фатаздымкі. На гэтай старонцы ёсьць гасьцёўня, дзе наведнікі пакідаюць свае допісы — адтуль пратэстоўцы даведаліся, што іх падтрымліваюць ня толькі на Віцебшчыне ды ў Беларусі ўвогуле, але і ў Амэрыцы, Польшчы ды Канадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG