Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОШУКАХ БЕЛАРУСКАГА ДЭТЭКТЫВУ


Севярын Квяткоўскі, Менск

“Pulp Fiction” — культавы амэрыканскі фільм канца 20 стагодзьдзя. Адно з азначэньняў выразу “Pulp Fiction” — бульварная літаратура, лёгкі камэрцыйны жанр. Від той самай літаратуры, якую так файна спажываць пад сьпякотным сонцам на пляжы, у электрычцы ці ў часе чаканьня ў чарзе. Той самы жанр, які натхніў рэжысэра Квэнтына Тарантына на стварэньне кінашэдэўру. Той жанр, які зрабіў Уладзімера Караткевіча славутым пісьменьнікам. Прымусіў расейскамоўную публіку шукаць “Дзікае паляваньне Стаха” і “Чорны замак Альшанскі” ў арыгінале — па-беларуску. Жанр для ўсіх — ад прафэсара да сьлесара.

Пошук беларускага лёгкага жанру ад першых крокаў нагадвае дэтэктыў. Збор улікаў і пошук сьлядоў я пачаў зь менскай крамы “Падпісныя выданьні”:

(Карэспандэнт: ) “Ці ў вас ёсьць дэтэктывы на беларускай мове?”

(Прадавачка: ) “На расейскай мове ёсьць нашых беларускіх аўтараў. Віктар Праўдзін, “Возвращение из преисподней”, “Мастацкая літаратура”.

(Карэспандэнт: ) “А беларускіх аўтараў на беларускай мове?”

(Прадавачка: ) “А вось трэба пашукаць”.

Пакуль шукаецца замоўленае, я пасьпяваю сустрэцца са спадаром Праўдзіным…

(Праўдзін: ) “У свой час Караткевіч кінуў такі кліч: “Хлопцы, давайце пісаць дэтэктывы!”, гэта каб нас чыталі па-беларуску”.

(Карэспандэнт: ) “Фактычна, ніхто ж не падтрымаў тады…”

(Праўдзін: ) “Па адной простай прычыне, што ў нас не вялікія ганарары, што ў нас не вялікія магчымасьці, наклады бачыце якія”.

Гутару зь Віктарам Праўдзіным, названым прадавачкай у “Падпісных выданьнях”, аўтарам дэтэктыву “Вяртаньне з апраметнай”, колішнім міліцыянтам, аўтарам шэрагу дэтэктываў: “Танцавальны маратон”, “Эксгумацыя”, “Візытор з Поўначы” ды іншых, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Там, дарэчы некалі выходзіла перакладная сэрыя “Замежны дэтэктыў”. Пытаюся ў букіністычным аддзеле кнігарні “Паліткніга”, а ці ёсьць у іх беларускамоўныя дэтэктывы?

(Прадавачка: ) “Не… У нашым аддзеле няма… А! Ну, калі Караткевіча лічыць дэтэктыў — “Чорны замак Альшанскі”, толькі Караткевіч, калі гэта можна назваць дэтэктывам”.

(Карэспандэнт: ) “Была сэрыя ў 1990-я гады “Замежны дэтэктыў”.

(Прадавачка: ) “Не, не здавалі”.

(Карэспандэнт: ) “А Караткевіч часта бывае?”

(Прадавачка: ) “Так, бывае, купляюць пастаянна”.

Караткевіч не залежваецца, а беларускамоўных дэтэктываў не здаюць. Зрэшты, у 1990-х наклады ўжо сталіся значна меншымі. Віктар Праўдзін тлумачыць, што цяпер перакладаў замежных дэтэктываў ня робяць, бо яны ўжо амаль цалкам ёсьць па-расейску. Спадар Праўдзін спадзяецца на арыгінальныя творы:

(Праўдзін: ) “У выдавецтве распрацаваня сэрыя “Сучасны беларускі дэтэктыў”. Менавіта на беларускай мове. З гэтага 2004 году пачынаем яго выконваць. Тут будзе і Міраслаў Шайбак, і Людміла Рублеўская, і Сяргей Трахімёнак, і шэраг іншых”.

Калі “Мастацкая літаратура” заснавала цэлую кніжную сэрыю беларускага дэтэктыву, значыць творы ёсьць. Скуль яны ўзяліся, пішуцца цяпер, ці…

Стоп. Першы сьлед — імя Міраслаў Шайбак, псэўданім Міраслава Адамчыка. У канцы васьмідзясятых — пачатку 1990-х увахозіў у творчую групу, якая экспэрымэнтавала з жанрам дэтэктыву. Разам з братам Уладзімерам (псэўданім Адам Глёбус), Уладзімерам Сьцепаненкам і Максімам Клімковічам. Максім Клімковіч прыгадвае, што пятнаццаць гадоў таму папросту захацелася запоўніць лякуны ў жанрах:

(Клімковіч: ) “Стаўлю задачу — напісаць дэтэктыў у закрытай прасторы. І напрыклад, пішу “Сцэнар сьмерці”. Па-любому застаесься, забіваеш пазыцыю ў літаратуры”.

“Сцэнар сьмерці”, “Забойства на Каляды”, “Заўсёды сьветла каля турэмных муроў”, “Каханка д’ябла”, “Сапежынскі прывід”, “Ліхія прыгоды Генрыха Войніча, злодзея і прайдзісьвета” — вось некаторыя назвы твораў, што выходзілі на пачатку 1990-х, напісаныя паасобку ці суаўтарствах Адамчыкамі, Сьцепаненкам і Клімковічам. Але жанр дэтэктыву ці трылеру не атрымаў у Беларусі шырокага разьвіцьця:

(Клімковіч: ) “Напісаў тады вось дэтэктыў у закрытай прасторы. Можна было далей рабіць яшчэ адзін, яшчэ адзін… Няма сэнсу, гэта саматыражаваньне. Калі гэта не разглядаць як працу, як прафэсіяналізм”.

Яшчэ адзін сьлед — слова “прафэсіяналізм”. Максім Клімковіч ня кінуў пісаць дэтэктываў. Папросту ён пераключыўся на расейскі рынак, дзе ў суаўтарстве з Уладзімерам Сьцепаненкам выступае пад рознымі псэўданімамі.

(Астраўцоў: ) “Калі гэта бізнэс, то, каб зарабіць грошы, трэба спачатку іх укласьці. Тут атрымліваецца, што людзі без укладаньня грошай хочуць атрымаць прадукт дзеля продажу. Такога не бывае”.

Апошнія словы належаць Алесю Астраўцову, які, як і шэраг беларускіх паводле сьведамасьці творцаў, напісаў не адзін дзясятак расейскамоўных твораў лёгкага жанру:

(Астраўцоў: ) “Дайце тэксты, а мы паглядзім, даць вам грошы, ці не”. Я гэта чую і з боку нашых адраджэнцаў, якія патрабуюць беларускай папулярнай літаратуры, тое ж самае чую ад прэзыдэнта. Без замовы літаратуры ў прынцыпе не бывае. У стол ніхто ня піша. Гэта ўсё казкі. Калі няма літаратуры, значыць, гэта нікому не патрэбна”.

Такім чынам, прафэсіяналы на адзін голас кажуць, што лёгкі жанр, найперш баевік, трылер, дэтэктыў, ёсьць камэрцыйнай літаратурай. Ці магчыма зарабіць грошы на беларускім дэтэктыве? Выдавец Уладзімер Адамчык доўгі час укладаў грошы ў расейскамоўныя дэтэктывы. Чаму не ў беларускамоўныя?

(Глёбус: ) “Каб быў спажывец, які хоча купляць дэтэктыў па-беларуску, яны б былі. Калі, напрыклад, не хапае “Дзікага паляваньня Караля Стаха”, сто разоў спытаюць у кнігарнях, кнігарні зьвернуцца да выдаўцоў, выдаўцы скажуць рэдактарам, рэдактары зробяць”.

Яшчэ адна інтрыга дэтыктыву, дзе галоўная загадка — беларускі дэтэктыў. А дзе чытач?

(Пятровіч: ) “Такая літаратура проста не запатрабаваная сёньня ў нас. Масава гэта ніколі ня будзе. Няма масавага чытача, ня будзе масавага аўтара”.

Рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч далучаецца да тых, хто мяркуе, што трэба чакаць масавага беларускамоўнага чытача:

(Пятровіч: ) “Старая традыцыйная праблема — школьніцтва. Садкі з пачатку, потым школа, потым унівэрсытэт”.

А вось Віктар Праўдзін верыць, што чытач ужо ёсьць:

(Праўдзін: ) “Беларускамоўны дэтэктыў, я спадзяюся, можа і павінен знайсьці свайго чытача — празь беларускамоўнасьць”.

Канкурэнтаздольнасьць галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры” бачыць у якасьці беларускамоўнай бэлетрыстыкі:

(Праўдзін: ) “Не параўнаць з расейскім, і ня толькі з расейскім. Бо няма пэўных сытуацыяў, якіх нельга нават прачытаць дзецям”.

Калі Віктар Праўдзін цешыцца зь якасьці беларускіх твораў, дык Макісм Клімковіч дае прафэсійнае азначэньне масавай літаратуры:

(Клімковіч: ) “Адукацыя, неабходная для ўспрыняцьця гэтага тэксту, — чатыры з паловай клясы. Значыць, не перагрувашчаны тэкст: ні азначэньнямі, ні канструкцыямі”.

Максім Клімковіч мяркуе, што ўжо зьявілася дастаткова людзей, якія могуць спажыць камэрцыйна апраўданую літаратуру:

(Клімковіч: ) “Зьмянілася псыхалёгія: беларускае — гэта ня толькі тое, што раздаецца ўлёткамі. Чытач прызвычаіўся да таго, што за ўсё трэба плаціць”.

Максім Клімковіч сасьпеў да таго, каб рабіць масавую літаратуру па-беларуску, бо набіў руку на расейскамоўнай камэрцыйнай літаратуры. Наогул, ён упэўнены, што варта чакаць выбуху беларускай камэрцыйнай літаратуры:

(Клімковіч: ) “Гэта здарыцца ў найбліжэйшыя гады ў кожным выпадку. Ужо ініцыятыва ад каго пойдзе — справа выпадку. Сытуацыя ўжо сасьпела”.

Застаецца адна загадка ў дэтэктыве вакол беларускай камэрцыйнай літаратуры: калі ў краіне ўзьнікне сытуацыя, спрыяльная для камэрцыі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG