Гэтай імпрэзай завяршыўся шэраг сьвяточных праграмаў, падрыхтаваных каталіцкімі парафіямі Віцебшчыны да сёлетніх Калядаў. Найбольш масавымі ды сьвяточнымі атрымаліся фэстываль калядных сьпеваў, які ўжо другі год традыцыйна праводзіўся ў Мёрах, ды гэты фэстываль калядных містэрыяў, які ад гэтага году вырашылі праводзіць у Віцебску.
У фэстывалі ўзялі ўдзел дзесяць самадзейных драматычных калектываў зь Віцебску, Полацку, Гарадку, Мёраў ды Лепелю. Прычым спаміж выканаўцаў былі і дзеткі з каталіцкіх нядзельных школаў, і прадстаўнікі пратэстанцкае царквы “Добрая вестка”, і самадзейны калектыў зь віцебскай сярэдняй школы №39. Дарэчы, апроч гэтага калектыву, які прапанаваў гледачам пастаноўку на ангельскай мове з сынхронным расейскім перакладам, усе астатнія ўдзельнікі фэстывалю выступалі па-беларуску.
Самым папулярным сюжэтам была, вядома ж, біблейская гісторыя пра Божае нараджэньне, якую кожны калектыў увасобіў па-свойму. Дзеткі зь Лепелю, да прыкладу, прадэманстравалі “сучасную” вэрсію гэтае падзеі — паказалі гісторыю пра хлопчыка, якому анёл дапамог трапіць у Бэтлеем ды ўбачыць нараджэньне Ісуса Хрыста на ўласныя вочы. Відаць было, што і акторы і рэжысэры вельмі стараліся, падрыхтавалі добрыя касьцюмы і дэкарацыі. Адзінае, пра што шкадавалі журы і арганізатары, гэта тое, што ніхто з выканаўцаў не прывёз батлейкі. Але імпрэза ўсё адно атрымлася цікавая ды вельмі карысная — і ня толькі на думку гледачоў-аматараў, але й паводле меркаваньне адмыслоўцаў, якія не пашкадавалі часу ды прыйшлі на гэты фэстываль.
Гаворыць Вікторыя Дашкевіч, загадчыца літаратурнага аддзелу віцебскага тэатру “Лялька”:
(Дашкевіч: ) “Найперш у тым карысьць, як мне падаецца, што гэтыя дзеткі займелі выхад на публіку. Увогуле такія містэрыі ставяцца ў царкве або касьцёле ды паказваюцца ўсяго адзін раз, на Каляды. І ўсё! А вось тут у дзяцей ёсьць магчымасьць вынесьці сваю творчасьць на гледача больш шырока, і гэта вельмі важна для дзяцей! А па-другое, вельмі прыемна, што дзеці выступаюць па-беларуску. Гэта сапраўды непаўторны мастацкі асяродак, і ў гэтым таксама вялікая карысьць”.
Фэстываль, на які прыехалі дзеці з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, доўжыўся цэлы дзень, таму дзеля іх быў арганізаваны абед, да таго ж кожны ўдзельнік ды госьць атрымаў салодкія прызы. Усе гэтыя выдаткі ўзяла на сябе Віцебская дыяцэзія. Паводле словаў адной з арганізатарак фэстывалю Людмілы Ярмолавай, абласныя ўлады дапамаглі хіба тым, што далі дазвол на арэнду залі, зазначыўшы, што маюць выдаткоўваць сродкі усяго на адзіны фэстываль — “Славянскі базар у Віцебску”.