Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ ПРАЦАВАЛІ НА ВЫБАРАХ У БАШКАРТАСТАНЕ


Валер Каліноўскі, Менск

11 актывістаў Маладога Фронту на запрашэньне і за кошт Расейскага фонду свабодных выбараў працавалі на выбарах прэзыдэнта Башкартастану, у якасьці міжнародных назіральнікаў. Частка актывістаў была там з кастрычніка, частка наведвалася толькі на дзень галасаваньня. Другі тур галасаваньня адбыўся ў мінулую нядзелю і прынёс перамогу Муртазу Рахімаву, якому супрацьстаяў алігарх Сяргей Верамеенка. Гаворыць адзін зь лідэраў Маладога Фронту Сяргей Лісічонак, які таксама быў у Башкартастане.

(Лісічонак: ) “Фактычна там у нас было ўсё кіраўніцтва: старшыня, намесьнікі, рэгіянальныя лідэры, там засталося яшчэ шэсьць чалавек, яны, праўда, ужо мусяць вяртацца. У тым ліку і Севярынец. Нас запрашалі тыя людзі, якія складаюць адну палітычную сілу зь Верамеенкам. Проста там настолькі жахлівая сытуацыя, што на “бязрыб’і” і Верамеенка быў самы лепшы. Мы не стаялі на чыімсьці канкрэтна баку і не працавалі супраць кагосьці. Мы працавалі супраць сыстэмы. І так атрымалася, што ўзначаліў гэтую сыстэму дыктатар — башкір паводле нацыянальнасьці”.

Сяргей Лісічонак зазначыў, што маладафронтаўцы перш за ўсё працавалі на празрыстасьць і дэмакратычнасьць выбараў. Башкірскія ўлады спрабавалі нават арыштаваць спадара Лісічонка за правядзеньне відэаздымкі на выбарчым участку, нягледзячы на тое, што ён меў статус назіральніка. Сяргей Лісічонак упэўнены, што сытуацыя ў Башкартастане горшая, чым у Беларусі, а Муртаза Рахімаў — мясцовы дыктатар.

Лідэр БНФ Вінцук Вячора выказаў абурэньне тым, што маладафронтаўцы дэ-факта падтрымалі ў нацыянальнай рэспубліцы расейца і алігарха, што супярэчыць нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі Фронту.

(Вячорка: ) “Я, шчыра кажучы, уражаны тым, што наш былы сябар Павал Севярынец паддаўся на такую палітычную правакацыю і спакусіў удзельнічаць у ёй некаторых сябраў Маладога Фронту і Партыі БНФ, стаўшы на бок чалавека, якога расейскія чырвона-карычневыя называюць праваслаўным сілавым алігархам. Сяргей Верамеенка — адзін з заснавальнікаў “Межпромбанку”, таго самага, які працаваў з Паўлам Барадзіным і быў уцягнуты ў “мабэтэксаўскі” скандал, які шчыльна кантактуе з Аляксіем ІІ… Таго самага банку, які цяпер кантраляе ладную частку расейскага ВПК. Ісьці падтрымлімваць такога чалавека людзям, якія заяўляюць пра сваю нацыянальна-дэмакратычную пазыцыю, гэта значыць, ставіць на сваёй далейшай палітычнай кар’еры ў Беларусі тлустую кропку. Я вельмі спадзяюся, што Малады Фронт будзе мець дастаткова сілаў, каб ачысьціцца пасьля гэтай ганьбы і памяняць кіраўніцтва”.

З аналягічнай крытыкай супраць гэтай паездкі маладафротаўцаў Вінцук Вячорка выступіў на мінулым зьезьдзе БНФ. Яму запярэчыў адзін з удзельнікаў той паездкі ў Башкартастан Сяргей Бахун.

(Бахун: ) “Мне вельмі прыкра такое чуць ад Вінцука Вячоркі, бо я яго вельмі паважаю. Мы падтрымлівалі там дэмакратыю, шчыра скажам, мы не выступалі там ні на баку татарына Сафіна, ні Верамеенкі, які расеец ці ўкраінец, ні на баку Рахімава”.

Сяргей Бахун тым ня менш паведаміў, што маладафронтаўцы мелі сапраўды больш шчыльныя кантакты зь Верамеенкам, бо ён быў больш адктрыты, у адрозьненьне ад Рахімава. Калі ў першым туры выбараў у Башкартастане была даволі роўная барацьба, то ў другім усе рэсурсы былі кінутыя на пераабраньне Рахімава. У тым ліку на Верамеенку быў учынены ціск з Крамля, дзе палічылі, што Рахімаў здолее забясьпечыць лепшы для Пуціна вынік на наступных прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. У выніку Верамеенка дэ-факта зьняў сваю кандыдатуру, спыніўшы агітацыю, а дэ-юрэ атрымаў каля 15% галасоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG