Кітайскае выдавецтва, якое выпусьціла кнігу, цьвердзіць, што яна стала самымі папулярнымі палітычнымі мэмуарамі за ўсю кітайскую гісторыю. Болей як 200 тысячаў асобнікаў былі прададзеныя крыху болей як за месяц. І вось выбухнуў скандал. Высьветлілася, што ў кнізе, надрукаванай у Кітаі, выкінуты тэкст, які непасрэдна тычыцца Кітаю.
У сваіх мэмуарах жонка былога прэзыдэнта ЗША Гілары Клінтан, сярод іншага, узгадвае, якую вострую рэакцыю выклікала ў ЗША турэмнае зьняволеньне ў Кітаі праваабаронцы Гары Ву і як гэта ледзь не пусьціла пад адхон ейныя пляны ўдзельнічаць у жаночай канфэрэнцыі ў Пэкіне. У кнізе ж , выдадзенай у Кітаі, Гары Ву – невядомая асоба, затрыманая за шпіянаж.
Амаль усё, што Клінтан напісала пра Кітай – апісаньні ейных уражаньняў ад наведаньня краіны, сустрэчаў былога прэзыдэнта Клінтана з кітайскімі лідэрамі, ейная крытыка кантролю камуністычнай партыі над грамадзтвам і палітыкі ў правох чалавека, было ці выбарачна выкінутае з кітайскага выданьня ці скарочанае.
Кітайскі выдавец кнігі прызнаў, што зьмены ў тэксьце адбыліся, але назваў іх “нязначнымі, тэхнічнымі”, якія істотна не паўплывалі на цэласнасьць кнігі.
Сама аўтарка і ейны амэрыканскі выдавец “Сайман энд Шустэр” з гэтым не пагаджаюцца. “Сайман энд Шустэр” накіраваў ліст кітайскаму выдаўцу з патрабаваньнем адклікаць наклад кітайскага выданьня і забясьпечыць новы пераклад, які б прытрымліваўся арыгіналу.
Адвакат Гілары Клінтан заявіў, што яна зьняважаная зьменамі ў тэксьце бязь ейнага дазволу і, што аўтарка зробіць усё магчымае, каб ейныя чытачы ў Кітаі атрымалі дакладны пераклад. Паводле адваката, амэрыканскі выдавец рыхтуе кітайскі пераклад выкінутых кавалкаў кнігі і выставіць іх у інтэрнэце.
Адметна, што кітайскія ўлады звычайна забараняюць публікацыю ці экранізацыю замежных кнігаў, у якіх Кітай паказваецца ў адмоўным сьвеце. Публікацыя “Жывой гісторыі” сталася выключэньнем: гэты твор там вырашылі выкарыстаць, каб паказаць, што Кітай становіцца адкрытым грамадзтвам.
Болей таго, мэмуары Гілары Клінтан рэклямаваліся як самая нескарочаная замежная палітычная біяграфія ў гісторыі кітайскага кнігавыданьня. Прадстаўнік кітайскага выдавецтва ў інтэрвію “Пэкінскім вечаровым навінам” адразу пасьля выхаду кнігі ў сьвет заявіў, што кітайскі пераклад ўтрымвае 99 і дзевяць дзесятых адсоткі ад арыгіналу.
Але чыноўнік не ўдакладніў, што нават калі купюры склалі толькі адну дзесятую адсоткі, то менавіта ў іх усё тое, што тычыцца Кітаю непасрэдна.