Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

"Здароўе": Новыя сакрэты доўгажыхарства. 25 траўня.

Як жыць доўга і захаваць добрае здароўе да старасьці? Як зрабіць старасьць такім жа прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць? Гэтаму прысьвечаная нашая мэдычная перадача. У чарговым выпуску размова пойдзе пра альтэрнатыўную мэдыцыну, якая паступова набывае ў сьвеце поўнапраўны статус. Не аглядаючыся на гэты статус і думку навукоўцаў, мільёны людзей па ўсім сьвеце паддаліся модзе на экзатычныя натуральныя лекі і тэрапіі, яны ім бязьмежна давяраюць і лічаць лепшымі за сучасную мэдыцыну. Аднак ці ёсьць яны напэўна пасьпяховымі і бясьпечнымі з навуковага пункту погляду?

Пра гэта, а таксама найноўшыя парады Real Age слухайце ў суботу ў мэдычнай перадачы, падрыхтаванай Кастусём Бандаруком.


"Суботні дыялёг": Гутарка з Уладзімерам Коласам. 25 траўня.

Канчаецца чарговы навучальны год. Які лёс чакае выпускнікоў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю – адзінай беларускамоўнай навучальнай установы? Пра гэтае распавядае ў "Суботнім дыялёгу" дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас.


"Сымбаль веры": Наколькі сур’ёзна можна ставіцца да дзейнасьці беларускіх аўтакефалістаў? 25 траўня.

Той, хто сочыць за паведамленьнямі нашага Радыё і іншых сродкаў масавай інфармацыі, ня мог не заўважыць даволі частых у апошні час паведамленьняў аб дзейнасьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Што ж адбываецца насамрэч? Наколькі сур’ёзна можна ставіцца да дзейнасьці беларускіх аўтакефалістаў? Чарговы выпуск нашай міжканфэсійнай перадачы Сымбаль Веры прысьвечаны рэвалюцыйным падзеям, якія разгортваюцца апошнім часам у Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве. Удзел у перадачы бяруць намесьнік першагерарха БАПЦ епіскап Аляксандар Салагуб і сакратар Гарадзенскай епархіі Беларускага эгзархату РПЦ айцец Анатоль Ненартовіч. Падрыхтаваў і вядзе перадачу Сяргей Абламейка.


"Вольная студыя": У чым нацыянальная ідэя Беларусі? 26 траўня.

Споведзь – рэч інтымная. Ня кожны адважыцца расказаць пра самае патаемнае незнаёмаму чалавеку, хай сабе й сьвятару. Нездарма добры хрысьціянін мусіць вытрымаць пэўны рытуал, перш чым зьявіцца да споведзі. Беларускае таварыства "Кніга" аніякіх адносінаў да царквы ня мае, але спавядаць там умеюць. Нядаўна пад грыфам таварыства зьявілася на сьвет кніга "Шчыра, як на духу: споведзі вядомых людзей Беларусі". Беларуская эліта адказвала на 37 пытаньняў, сярод якіх было і такое: "У чым, на вашую думку, нацыянальная ідэя Беларусі?" Народная артыстка Лілія Давідовіч нацыянальную ідэю разумела наступным чынам: "Скінуцца ўсім і купіць добрага, разумнага кіраўніка..."

У перадачы, якую вядзе Міхась Скобла, бяруць удзел аўтары праекту Ўладзімер ды Андрэй Лапцёнкі й адзін з "паспавяданых" – драматург Алесь Петрашкевіч.


“Праскі акцэнт”: Ці будаўніцтва атамнай станцыі можа вырашыць праблемы беларускай энэргетыкі? 26 траўня.

Праз тыдзень у Беларусі падвышаюцца тарыфы на камунальныя паслугі, у тым ліку на электраэнэргію. Кошты на яе растуць імкліва. Між тым, нядаўна канцэрн “Белэнэрга” адмовіўся ад імпарту адносна таннай электраэнэргіі з Расеі. У чым прычына гэтага? Ці можа краіна сама забясьпечыць сябе цеплавой электраэнэргіяй? І ці можа вырашыць праблемы беларускай энэргетыкі будаўніцтва атамнай станцыі, як гэта прапануюць некаторыя навукоўцы? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом у перадачы “Праскі акцэнт” былы старшыня ВС Беларусі, фізык-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч і эканаміст-аналітык Яраслаў Раманчук. “Праскі акцэнт”, які падрыхтаваў і вядзе Віталь Тарас, слухайце ў нядзелю, 26 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG