Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ БУДУЦЬ АХОЎВАЦЬ АГУЛЬНЫЯ ПАМЕЖНЫЯ СІЛЫ


Віталь Тарас, Прага

Камісар Эўрапейскага Зьвязу ва ўнутраных справах Антоніё Вітарына падкрэсьліў, што Зьвяз не імкнецца стварыць з Эўропы крэпасьць. Ён выказаў упэўненасьць, што агульныя памежныя сілы адпавядаюць інтарэсам бясьпекі грамадзянаў Эўразьвязу пры захаваньні свабоднага перасоўваньня людзей.

Прапанова аб стварэньні памежных сілаў была зробленая Эўрапейскай камісіяй (урадам Эўразьвязу) у адпаведнасьці з запытам удзельнікаў саміту, які адбыўся ў бэльгійскім мястэчку Лейкен у сьнежні мінулага году.

На думку лёнданскага кансультанта ў справах бясьпекі і замежнай палітыкі Аляксандры Эшбарн, гэтая прапанова можа выклікаць спрэчкі паміж прыхільнікамі ўмацаваньня эўрапейскай інтэграцыі і некаторымі дзяржавамі, якія застаюцца нэўтральнымі ў ваенных адносінах.

(Эшбарн: ) “Нават калі там носяць уніформу ЭЗ, ідэя аховы межаў нэўтральных дзяржаваў замежнымі вайскоўцамі выглядае праблематычнай”.

Яна таксама мяркуе, што некаторыя краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, далучэньне якіх да Эўразьвязу чакаецца неўзабаве, могуць не пагадзіцца на прысутнасьць сілаў бясьпекі Зьвязу на сваіх нацыянальных межах.

Разам з тым, прадстаўнік Камісара ва ўнутраных справах Ліянэла Габрычы выключыў магчымасьць дэмаркацыі межаў, альбо тэрытарыяльных спрэчак унутры Зьвязу. Аднак, ён падкрэсьліў:

(Габрычы: ) “Далібог! Мы не гаварылі пра стварэньне корпусу памежнікаў у блакітнай уніформе з 12 зоркамі на пагонах!”

Па словах Габрычы, пакуль яшчэ абмяркоўвалася толькі ініцыятыва аб агульным кіраваньні памежнай аховай. Калі будуць дасягнутыя дамовы паміж краінамі-сябрамі арганізацыі, праблема можа быць вырашаная і на ўзроўні Эўразьвязу.

(Габрычы: ) “Напрыклад, калі вы хочаце ўдакладніць, што адбываецца ў Міжземным моры, можна зрабіць гэта праз касьмічны спадарожнік з Эўрапейскай сыстэмы “Галілеа”. А можна дзеля гэтага узяць розных людзей з розных краінаў і паставіць перад імі задачы ад імя ўсіх іншых краінаў Зьвязу. І гэтыя людзі будуць атрымліваць фінансаваньне, якое ў пэўным сэнсе вылучаецца на гэта асобнымі краінамі –сябрамі Зьвязу”.

Ліянэла Габрычы дадаў, што нацыянальны сувэрэнітэт будзе існаваць заўсёды, як і нацыянальныя межы. Аднак прадстаўленыя прапановы дазволяць Эўразьвязу рабіць сумесныя захады пры неабходнасьці – як у выпадку з эўрапейскай паліцыяй, ці Эўраполам.

Мяркуецца, што эўрапейскія сілы памежнай аховы пачнуць дзейнічаць у 2007 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG