Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ АМАЛЬ СКОНЧЫЛІСЯ ХАРЧЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня дабрацца да лягеру абаронцаў Курапатаў было вельмі складана з прычыны моцнага сьнегу й ветру. Такім надвор'ем нават будаўнікі спынілі працу й схваліся ў сваіх вагончыках.

А ў намёце цёпла і прыбрана, пах мімозаў. Хлопцы-валанцёры (а іх ў лягеры было васьмёра) віншавалі сёньня сваіх сябровак Іру Вяткіну й Кацю Карпенку з жаночым днём. Яны амаль штодня прыходзяць у Курапаты, гатуюць ежу, прыбіраюць намёт і ўсяляк дапамагаюць хлопцам. Гаворыць валанцёрка Каця Карпенка:

(Карпенка: ) "Вось, павіншавалі нас кветачкамі. Толькі што прыйшлі".

(Карэспандэнт: ) "А ёсьць задумы, як будзеце сёньня сьвяткаваць? Можа нейкі стол зробіце?"

(Карпенка: ) "Задумы ёсьць, але гэта будзе ня тут. Людзі, якія зараз тут знаходзяцца, сыдуць, і пойдуць сьвяткаваць у іншае месца. А тут будзе замена".

Тым часам валанцёры пачалі абедаць. Я заўважыў, што елі яны толькі макароны й запівалі гарбатай. Старшы ў валанцёрскім лягеры Васіль Парфянкоў кажа, што ў іх цяпер цяжкі час, бо амаль няма грошай на харчаваньне:

(Парфянкоў: ) "Апошнім часам з харчаваньнем цяжкавата. Вось сёньня 10000 нам падкінулі, дык трохі закупілі, а так было цяжка. Учора нават хлеба тут не было".

Аднак, нягледзячы на фінансавыя складанасьці, хлопцы фактычна на апошнія грошы купілі дзяўчатам кветкі. Іра Вяткіна лічыць, што такі падарунак для яе яшчэ больш каштоўны:

(Вяткіна: ) "Пэўна, што гэта вельмі прыемна, таму, што людзі з апошніх грошай, фактычна ежы сапраўды няма, а яны купляюць кветкі, яны думаюць пра нас, не забываюць пра тое, што сёньня сьвята. Гэта вельмі прыемна. Насамрэч значна больш прыемна, чым звычайна. Таму, што звычайна людзі калі нешта дораць — у іх ёсьць грошы, яны нешта думаюць... а так з апошніх грошай".

Нягледзячы на фінансавыя цяжкасьці, пакідаць лягер валанцёры не зьбіраюцца. Амаль штодня сюды прыходзіць мужчына сталага веку, спадар Яўген. Ён чым можа дапамагае моладзі, а таксама спадзяецца стаць афіцыйным вартавым будучага Курапацкага мэмарыялу:

(Яўген: ) "Мяне прыцягвае тое, што тут сапраўды ёсьць прыкметы барацьбы. Мы адстаялі гэтую тэрыторыю, быццам бы падведзены нейкі статус пад яе. А ў будучыні я мяркую тут уладкавацца на працу, калі тут будзе нейкая ахова ці што".

Сёньня валанцёры разам з рабочымі менскага лясьніцтва пілавалі дрэвы, якія пойдуць на ацяпленьне намёту, а таксама на пабудову побач з Курапатамі праваслаўнай капліцы. Валанцёры гавораць, што цяпер ім стала лягчэй. Бо зіма амаль скончылася, эпідэмія грыпу мінула, і людзей у лягеры становіцца ўсё больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG