Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕКЦЫЯ АДАМА МАЛЬДЗІСА Ў КАРЛАВЫМ УНІВЭРСЫТЭЦЕ РАСПАЧАЛА ЦЫКЛЬ БЕЛАРУСІСТЫКІ


Гутарыў Віталь Тарас

(Мальдзіс: ) “Учора адбылося маё выступленьне, фактычна цэлая лекцыя, на тэму “Прысутнасьць Беларусі, прысутнасьць беларускай культуры ў сьвеце на філязафічным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту.

Гэтая лекцыя кладзе пачатак цэламу цыклю лекцыяў, а потым, як мне сказалі, і стварэньню катадры беларусазнаўства, а, магчыма, у пэрспэктыве і аддзяленьня беларусазнаўства на згаданым факультэце. Мне здаецца, што ўчорашняя сустрэча была сымбалічнай у тым сэнсе, што гэта своеасаблівы працяг таго, што было тут, у Празе, у 20-я гады, дзякуючы разумнае, мудрай палітыцы чэскага прэзыдэнта філёзафа Томаша Масарыка.

Мы памятаем, што ў 20-я гады з Заходняй Беларусі ды й часткова зь Літвы, Латвіі, Усходняй савецкай Беларусі, многія юнакі і дзяўчаты паехалі ў Прагу, іншыя чэскія гарады, каб атрымаць тут бясплатна вышэйшую адукацыю.

Колькі выдатных людзей выйшла са сьценаў таго ж Карлавага ўнівэрсытэту ды іншых навучальных установаў Чэхіі! Дастаткова прыгадаць Жылку, Дварчаніна.

Мне здаецца, што, калі быў бы факультэт такі, дзе было б аддзяленьне беларускай культуры, беларускай філялёгіі, можна было б і канкрэтныя тэмы даваць студэнтам для курсавых, дыплёмных работ, зьвязаных зь беларуска-чэскім культурным памежжам. Добра было б, урэшце, правесьці беларуска-чэскі круглы стол пра нашыя агульныя грамадзка культурныя ўзаемадачыненьні”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, спадар Мальдзіс, якія яшчэ сустрэчы Вас тут чакаюць, а таксама пра пляны беларускага ПЭН-цэнтру…”

(Мальдзіс: ) “Заўтра я зьбіраюся наведаць чэскі ПЭН-цэнтар, каб дамовіцца вось пра якую справу: па ўсіх нас вельмі балюча ўдарылі, адбіліся ў нашых сэрцах трагічныя падзеі 11 верасьня ў ЗША. Мы ўсе павінныя задумацца над пытаньнем, ці эпоха глябалізацыі непазьбежна нясе з сабою такія прыкрыя, трагічныя зьявы як тэрарызм. Ці гэта выпадковыя выдаткі. І самае галоўнае, - што мы – пісьменьнікі, вучоныя, журналісты – можам супрацьпаставіць тэрарызму, прымусу, злу. Дзе вытокі тэрарызму?

Мы ў ліпені месяцы праводзім у фармаце круглага стала, мы, гэта маецца на ўвазе Беларускі ПЭН-цэнтар, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў пры цесных кантактах з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, які ў гэты час праводзіць сымпозыюм “Нацыянальныя мовы і літаратуры ў эпоху глябалізацыі”, правесьці менскую сустрэчу “Вытокі тэрарызму фізычнага і духоўнага ў эпоху глябалізацыі”.

Мне б вельмі хацелася, каб на гэтым нашым круглым стале прагучалі б выступы і чэскіх гасьцей”ю
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG