Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАНДАЛ ВАКОЛ ВОЛЬГІ КОРБУТ КАМЭНТУЮЦЬ БЫЛЫЯ КАЛЕГІ


Ігар Карней, Менск

Алімпійская чэмпіёнка Антаніна Кошаль — аднагодка Вольгі Корбут. Лепшыя гады сваёй спартовай кар'еры яны правялі ў адной камандзе. Але скандал з былой калегай Антаніна ўспрымае неадназначна: з аднаго боку, перажывае, але лічыць, што падставы да такога фіналу былі.

(Кошаль: ) "Пэўна, цяпер ужо можна пра гэта казаць... Так, часам зь ёй проста небясьпечна было хадзіць па крамах. Нейкіх дробязяў — шпілек, значкоў, заколак — магла назьбіраць цэлы пакет і нават потым пахваліцца. Ніколі, праўда, не траплялася. Але бачыце, чым скончылася? Неабдуманыя ўчынкі былі — і гэтыя, і ў сэнсе адносінаў у камандзе з дзяўчатамі. Калі ўсе вельмі сябравалі, то ад яе трымаліся крыху збоку. Таму і тут працаваць нармальна не змагла: недзе зьнікала, вяла дастаткова вольнае, лёгкае жыцьцё. І пры першай магчымасьці зьехала. Само сабой, шкада яе, крыўдна, што адбываюцца такія непрыемнасьці. Такая спартоўка! Толькі карыстайся імем, вядзі прыстойнае жыцьцё, май добрае атачэньне – заўсёды будзеш на вышыні. Нікім ня будзеш ні забыты, ні прыніжаны. А тут атрымалася наадварот: сваімі ж рукамі пачала сябе тапіць."

Валерый Бялан — галоўны лекар нацыянальных зборных Беларусі. У свой час з Корбут кантактаваў таксама нямала. Вось што ён кажа.

(Бялан: ) "Не хачу ставіць ніякіх дыягназаў "клептаманіі", але што свайму трэнеру Кнышу яна папсавала нэрваў — гэта так. Яна заўсёды была "вершнікам без галавы". У ейным выпадку колькі Бог даў, столькі й забраў. Складаны чалавек? Ня тое слова. Натуральна, кожны з нас не падарунак, але іншыя дзяўчаты таго пакаленьня пасьля спорту засталіся нармальнымі людзьмі. Чалавек, які занадта шмат атрымаў, цяжка перабудоўваецца. У яе функцыі руху разьвіліся добра, а разумовыя не пасьпелі, бо слава абрушылася заўчасна. А на гэтым ўзроўні трэба быць крыху іншым. Яна гэтага не "дагнала", і наўрад ці "дагоніць". Адбылася не эвалюцыя, а рэвалюцыя: была нікім, а потым у адзін момант стала ўсім. Не пасьпела славу пераварыць і дайсьці да ўзроўню, на які яе лёс закінуў."

Спадар Бялан, як і бальшыня іншых спартоўцаў, апошнім разам сустракаўся з Корбут у часе летняй Алімпіяды ў Атланце. Але вялікіх пачуцьцяў ад сустрэчы ні адзін з бакоў ня вынес.

(Бялан:) "Цяпер у жыцьці ўсялякае можа быць. Падкінулі, не падкінулі грошы — гэта пытаньне іншае. Але яна магла жыць у Амэрыцы прыпяваючы толькі ад свайго імя. Калі там толькі 200 клюбаў ейнага імя, і яе пэрсанальна Ніксан прымаў? — дык гэта ўжо квіток у рай. І каб гэта ня выкарыстаць?.."

Сёньня ў Менску былы муж Вольгі Корбут, Лявон Барткевіч, правёў з нагоды скандалу прэсавую канфэрэнцыю. Усялякія падазрэньні, быццам Вольга Корбут замешаная ў справе з фальшывымі грашыма, ён лічыць неабгрунтаванымі.

(Барткевіч: ) "Інфармацыя, што зьявілася, беспадстаўная. Магчыма, яе падкінулі нядобразычліўцы, бо апошнім часам у Вольгі ня лепшыя адносіны з босам. Сёньня і Вользе, і мне тэлефанавалі з НТВ. Ня спраўдзіўшы інфармацыю, яны выдалі яе ў эфір, а таму перапрашаліся і ў бліжэйшых навінах абяцалі даць абвяржэньне. Сёньня я размаўляў з Вольгай, яна з уласьцівым ёй пачуцьцём гумару ставіцца да гэтага здарэньня. Але разам хачу зазначыць: у яе вельмі добры адвакат і хтосьці за гэта дорага заплаціць".

Прыгадваю спадару Барткевічу, што трэнер Корбут, Рэнальд Кныш, яшчэ раней казаў пра неадэкватныя паводіны сваёй выхаванкі.

(Барткевіч: ) "Цяпер ён па-іншаму кажа: маўляў, ужо адчыняюць залю яе імя, у пэспэктыве будуць спаборніцтвы на Кубак Корбут. Нават зьбіраюцца запрасіць яе ў Горадню на ейны дзень народжаньня 16 траўня"

(Карэспандэнт: ) "У ЗША за фальшываменетніцтва, за захаваньне фальшывых купюраў караюць дастаткова жорстка..."

(Барткевіч: ) "Гэта ўсё падкінулі ў гэты дом; там мы не жывем. Якія фальшыўкі? Каму гэта трэба? Усё бяздоказна! Я мяркую, што ад усяго гэтага ёй толькі больш рэклямы."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG