Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬГА ІПАТАВА: "У АДНОСІНАХ ДА САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ АДБЫВАЕЦЦА ПОЎНАЕ БЕЗЗАКОНЬНЕ"


Міхась Скобла

(эфір 3 лютага)

Над Саюзам беларускіх пісьменьнікаў ізноў навісьлі хмары. Грамадзкая арганізацыя, якою дзяржава апекавалася з 1934 году, стала непатрэбнай уладзе. Спынена фінансаваньне, у кабінэце старшыні саюзу Вольгі Іпатавай адключаны тэлефон. Замест выкананьня сваіх непасрэдных службовых абавязкаў яна піша лісты высокім чыноўнікам і артыкулы ў газэты, намагаючыся захаваць ачолены ёю Саюз. Сёньня Вольга Іпатава – з намі ў "Вольнай студыі".

(Міхась Скобла: ) "Спадарыня Вольга, у студзені вы чацьвёрачы выступілі ў тыднёвіку "Літаратура й мастацтва" з вострымі артыкуламі, дзе паказалі сытуацыю, што склалася вакол Саюзу пісьменьнікаў. Адзін з артыкулаў мае назву "Беззаконьне". Хто й які закон парушае ў дачыненьнях з Саюзам пісьменьнікаў?"

(Вольга Іпатава: ) "Законы ў адносінах Саюзу пісьменьнікаў былі парушаныя яшчэ ў 1997 годзе, калі дзяржавай была адабраная, незаконна, на мой погляд і на погляд юрыстаў, пісьменьніцкая маёмасьць. Былі адабраныя два будынкі -- Дом літаратара й паліклініка, якая, дарэчы, сёньня апынулася ў катастрафічным стане.

Але закон парушаны й зараз. Бюджэтнае фінансаваньне Саюзу пісьменьнікаў было заплянаванае, у бюджэце гэтая лічба стаяла. І таму ў 2002 годзе грошы на заробак апарату Саюзу і тая мізэрная сума, што прадугледжвалася на статутную дзейнасьць, павінны былі быць выдзелены. Мы не атрымалі ад Міністэрства фінансаў ніякага папярэджаньня пра тое, што фінансаваньне будзе перапыненае, абгрунтаваньня, зь якіх матываў гэта робіцца. Ёсьць жа яшчэ й Закон аб працы. Калі ўстанова нават ліквідуецца, павінны папярэдзіць за два месяцы, выплаціць усталяваную законам кампэнсацыю. Нічога гэтага зроблена не было. У дадзенай сытуацыі з боку дзяржавы ў адносінах да Саюзу пісьменьнікаў адбываецца поўнае беззаконьне."

(Скобла: ) "З намі абышліся, як з ворагамі," – пішаце вы. Апошнім часам Саюз дыстанцыяваўся ад палітыкі. Чаму ж для ўлады пісьменьнікі сталі ворагамі?"

(Іпатава: ) "Сама па сабе культурна-асьветніцкая дзейнасьць Саюзу пісьменьнікаў, якая насамрэч ня ўтрымлівала элемэнтаў палітыкі, для ўладаў была палітыкай. Таму што беларуская мова, любоў да Беларусі, павага да яе незалежнасьці й свабоды была і ёсьць у творах беларускіх пісьменьнікаў. А ўсё гэта ў нас сёньня перайшло ў разрад палітыкі.

Саюз пісьменьнікаў аказаўся вельмі нязручным для сыстэмы ўлады, дзе пра нацыянальнае думаюць мала. Чым жа яшчэ растлумачыць тую непавагу да пісьменьнікаў, калі на 12 (!) лістоў да вышэйшых асобаў дзяржавы адказ атрыманы толькі ад міністра фінансаў?! Прычым, адказ той абсалютна ні аб чым, звычайная адпіска".

(Скобла: ) "Яшчэ нядаўна ўлада рабіла выгляд, што лёс Саюзу пісьменьнікаў ёй неабыякавы. На мінулагоднім пісьменьніцкім зьезьдзе тагачасны віцэ-прэм'ер Міхаіл Дзямчук абяцаў вярнуць Дом літаратара, адабраны Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта. У сваіх артыкулах вы апублікавалі датычныя гэтай рэквізыцыі дакумэнты. Ці ня позна спахапіліся пісьменьнікі – Дом літаратара перастаў ім належаць яшчэ чатыры гады таму?"

(Іпатава: ) "Я прыйшла працаваць у Саюз тры гады таму, калі пісьменьніцкае гняздо ўжо было практычна разбуранае. А што маглі зрабіць пісьменьнікі, калі Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў рашэньне не на карысьць Саюзу? Сёньня несправядлівасьць паўтараецца, беззаконьне паўтараецца, прычым у больш прынізьлівай форме. Нам нават не адказваюць на нашыя лісты й законныя патрабаваньні, не тлумачаць, чаму так адбываецца!"

(Скобла:) "А як жывуць пісьменьніцкія саюзы ў іншых краінах, ці маюць падобныя праблемы?"

(Іпатава:) "І блізка ў іх няма падобных праблемаў. Пазалетась я з "Літэкспрэсам" праехалася па краінах Прыбалтыкі, заходнеэўрапейскіх краінах. У Летуве, напрыклад, дзейнасьць Саюзу пісьменьнікаў супадае зь дзяржаўнай палітыкай -- яна выразна нацыянальная, накіраваная на ўсталяваньне незалежнасьці, свабоды. Тое ж самае дэкляруе й наш Саюз.

Нас, удзельнікаў "Літэкспрэсу", прымаў тагачасны прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры, усё было на найвышэйшым роўні. Кіраўнік эстонскага Саюзу пісьменьнікаў патлумачыў мне, што ў іх дзяржава дае магчымасьць пісьменьнікам атрымліваць пад свае творчыя праекты фінансавую дапамогу.

А ў Швэцыі пісьменьнікі ўвогуле клясыфікуюцца як "нацыянальная каштоўнасьць" і атрымліваюць дзяржаўныя пажыцьцёвыя пэнсіі! У Францыі Саюз пісьменьнікаў знаходзіцца ў самым цэнтры Парыжу: іх адрас -- Вэрсаль! Ва ўсіх краінах, празь якія мы праяжджалі, пісьменьніцкія саюзы месьцяцца ў цэнтрах сталіцаў. Гэтым падкрэсьліваецца іхная вартасьць, іхная каштоўнасьць для любой дзяржавы.

У постсавецкіх краінах пісьменьніцкім саюзам аддадзеныя дамы, дзе яны месьціліся, іх маёмасьць, тыя ж Дамы творчасьці. Апрача таго, існуюць фонды культуры, якім дзяржавай даюцца вялікія льготы. У нас такія льготы мае хіба што толькі праваслаўная царква. Толькі ў адной Маскве Саюз пісьменьнікаў падзяліўся, і яны там з удзелам амону час ад часу працягваюць дзяліць маёмасьць Міжнароднага Літфонду."

(Скобла:) "Сьвятлана Алексіевіч сёньняшнія дзеяньні дзяржаўнай улады адносна Саюзу пісьменьнікаў назвала "ціхім задушэньнем пад коўдрай". Ці здольны Саюз сёньня неяк супраціўляцца? Мне ўспамінаюцца радкі аднаго з клясыкаў савецкай эпохі: "Мне на вастрыі пяра штодзённа -- атамную станцыю насіць!" Я разумею, што гэта гіпэрбалізаваны вобраз. І ўсё ж, каб не адбылося гэтага "задушэньня пад коўдрай", якія захады патрэбныя?"

(Іпатава:) "Калі ўлада не адказвае на нашы лісты, пісьменьнікі могуць і будуць супраціўляцца. Я бачу парасткі гэтага супраціву. У Саюз ідуць і ідуць мае калегі, прапаноўваюць свае паслугі і ідэі. Але яшчэ не вычарпаныя ўсе магчымасьці. На 2002 год мы заплянавалі слуханьні ў парлямэнце -- трэба шмат працаваць з парлямэнтарамі, са старшынём камісіі па культуры, які, дарэчы, таксама не адказаў на нашыя два лісты..."

(Скобла:) "Дык ці варта плянаваць слуханьні ў такім парлямэнце, які не адказвае?"

(Іпатава:) "Не адказаў старшыня камісіі па культуры. Але там ёсьць і такія парлямэнтары, абапіраючыся на якіх, мы хочам прымусіць камісію па культуры заняцца пытаньнямі Саюзу пісьменьнікаў. Там ёсьць разумныя, адукаваныя людзі, якім неабыякавы наш лёс. Зь імі, я лічу, трэба працаваць.

Днямі група старэйшых пісьменьнікаў напісала яшчэ адзін ліст -- кіраўніку ўрада спадару Навіцкаму. Паглядзім, што атрымаецца. Калі й ён будзе маўчаць, то мы будзем вымушаныя бараніцца. Мы таксама спадзяемся на падтрымку міжнароднай грамадзкасьці. Пісьменьнікаў сёньня ня так цяжка... ня так лёгка прымусіць маўчаць. Сёньня існуюць такія СМІ, што ўсё імгненна стане вядома ў свеце. Але ці патрэбны нашай краіне гэты нэгатыўны розгалас? Мне вельмі горка пра гэта гаварыць..."

(Скобла:) "Вы прыгадалі Летуву. Нядаўна на старонках "ЛіМа" Генрых Далідовіч даўся дзіву. Аказваецца, падчас побыту ў Летуве Аляксандар Лукашэнка ледзь не пакляўся старшыні Саюзу пісьменьнікаў сп. Сьвінціцкасу, што ў Беларусі ў вялікай пашане і беларуская мова, і беларускія пісьменьнікі. Калі Далідовіч расказаў летувіскім калегам пра гэтую "пашану", тыя таксама зьдзівіліся -- не прывыклі, каб прэзыдэнты гэтак безаглядна манілі. Вы неаднойчы былі на прыёмах у высокіх дзяржчыноўнікаў. Яны былі шчырыя ў адказах на вашыя пытаньні?"

(Іпатава:) "Падчас сустрэчаў усе яны адводзілі вочы..."

(Скобла:) "Тыдзень таму вы адмовіліся ад вылучэньня вас, як пісьменьніцы, на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі. Чаму?"

(Іпатава:) "Я не лічу, што ў сёньняшняй сытуацыі мае гістарычныя творы могуць быць адзначаныя Дзяржпрэміяй. Досьвед апошніх гадоў паказвае, што дзяржпрэміі сёньня атрымліваюць пэўныя людзі. Ды й я ўжо прыйшла ў той узрост, калі духоўна перасягаеш розныя прэміі. Ня прэміі пасьля нас застануцца. Сёньня я проста адчуваю ўнутраную неабходнасьць свайго слугаваньня сваёй краіне й сваёй мове. Прэміі для майго духоўнага росту, майго сталеньня і ўнутранай раўнавагі мне ўжо непатрэбныя."

(Скобла:) "Дзесяць гадоў Беларусь пражыла без паўнавартаснага гімна. І вось сёлета ўлетку мы яго пачуем. Але вось дзіва, чарговае дзіва нашага жыцьця: у адмыслова створанай камісіі, што будзе разглядаць варыянты гімна, няма ніводнага паэта..."

(Іпатава:) "Наколькі мне вядома, адзін паэт -- Іван Карэнда, памочнік прэзыдэнта, у той камісіі ёсьць. Але я лічу, што там павінны былі быць Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, якія могуць адчуць жывую душу верша, што будзе прапаноўвацца на гімн. Але названым творцам не прапанавана паўдзельнічаць у працы камісіі, а значыць, усе яе рашэньні наўрад ці будуць паўнавартаснымі."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG