* МІЛЯН. Бясхмарнае надвор’е, якое больш за месяц трывала ў звычайна дажджлівай і туманнай паўночнай Італіі, прывяло да крытычнага ўзроўню забруджаньня паветра. У Міляне, фінансавай сталіцы Італіі, быў на нейкі час забаронены рух прыватных аўтамабіляў. У Вэнэцыі высахла частка каналаў. Разглядаецца пытаньне аб закрыцьці школаў. Гэта самая сухая зіма за апошнія дваццаць гадоў, якая можа нанесьці істотную шкоду сельскай гаспадарцы рэгіёну, у прыватнасьці аліўкавым дрэвам і гародніне.
* ЛЁНДАН. Тры брытанскія жанчыны спадзяюцца стаць першай жаночай групай, якая пабывае на паўночным і на паўдзённым палюсах нашай плянэты. Эн Дэніэлс, Кэралін Гамілтан і Пол Олівэр у 2000 годзе пехатою дайшлі да паўдзённага полюсу, а сёлета зьбіраюцца прайсьці амаль 700 кілямэтраў праз арктычную ледавую пустыню на лыжах ва ўмовах савага жорсткага клімату на Зямлі. Экспэдыцыя пачнецца 10 сакавіка і працягнецца каля двух месяцаў. Усе тры ўдзельніцы праекту лічаць сябе «звычайнымі» жанчынамі.
* УЭЛІНГТАН. Дзясяткам тысячаў пінгвінянятаў пагражае галодная сьмерць у выніку таго, што ад антарктычнага лядовага шэльфу на востраве Роса адкалоліся два гіганцкія айсбэргі і заблякавалі іхным бацькам доступ да крыніцаў харчаваньня. Гэта можа прывесьці да скарачэньня папуляцыі імпэратарскіх пінгвінаў і пінгвінаў Адэліі. Цяпер пінгвіны мусяць выпраўляцца па ежу ў абыход айсбэргаў, што падаўжае іх шлях на 50 кілямэтраў. Пінгвіны звычайна ходзяць з хуткасьцю да 2 кілямэтраў на гадзіну.
* САН-ФРАНЦЫСКА. У выніку землятрусаў за 2001 год загінула 21 тысяча 436 чалавек. Паводле навукоўцаў, гэта вельмі высокая лічба для «звычайнага» з гледзішча сэйсьмічнай актыўнасьці году. сяго летась было зафіксавана 65 землятрусаў мацнейшых за 6,5 балаў. Найбольш ахвяраў прынёс землятрус у індыйскім штаце Гуджарат 26 студзеня – каля 20 тысячаў. Наймацнейшы землятрус – сілаю 8,4 балаў - адбыўся ў чэрвені ў Пэру. Найстрашнейшы землятрус ХХ стагодзьдзя адбыўся ў 1976 годзе ў кітайскім горадзе Цяньцьзінь, калі загінула як найменей 255 тысячаў, а паводле прыблізных падлікаў – больш за 600 тысячаў чалавек.
* ВАШЫНГТОН. Эль Ніньё, мэтэаралягічная зьвяза, якая можа выклікаць разбуральныя паводкі і засуху, можа зноў вярнуцца сёлета ўвесну. Да такой высновы прыйшла Нацыянальная акіянская і атмасфэрычная адміністрацыя Злучаных Штатаў на падставе дасьелдаваньня цёплых патокаў Атлянтычнага акіяну. У 1997-98 гадох Эль Ніньё выклікаў засуху ў Аўстраліі, Філіпінах і Інданэзіі і паводкі ў Пэру і Эквадоры. Эль Ніньё ўяўляе сабою ненармальнае пацяпленьне вады ва ўсходняй частцы Ціхага акіяну, якое зьмяняе звычайны графок вятроў і ападкаў і здараецца раз на некалькі гадоў.
* АТЭНЫ. Грэцкія археолягі раскапалі каля гораду Яніна ў паўночнай Грэцыі раньнюю македонскую пахавальню, - частку ваеннага мэмарыялу часоў Аляксандра Македонскага. Пахавальня памерамі 2.28 на 2.35 датуецца эпохай элінізму – паміж 330 і 150 гадамі да нашай эры. Помнік відавочна быў разрабаваны злодзеямі – унутры пахавальні было пуста. Знаходка месьціцца непадалёк ад Дадонскага аракула, які паведамляў старажытным грэкам прароцтвы ад бога Зэўса і якога наведаў Ясон падчас падарожжа па залатое руно.