Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР. 991 ДЗЕНЬ ТАМУ ЮРЫ ЗАХАРАНКА СЫШОЎ З ДОМУ І НЕ ВЯРНУЎСЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонкі зьніклых палітыкаў звярнуліся з лістом да прызідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага. На працэсе паводле справы Ігнатовіча агалошаныя дакумэнты, якія могуць сьведчыць пра непрафэсіяналізм ці нядбайнасць сьледчых . Алег Алкаеў сьцьвярджае, што магчымы выкрадальнік Завадзкага былы “алмазавец” Ігнатовіч ваяваў у Чачэніі на баку змагароў за незалежнасьць.

Людміла Карпенка, Святлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Тацяна Клімава, і Зінаіда Ганчар праз польскага амбасадара ў Менску Марыюша Машкевіча перадалі ліст прэзыдэнту Польшчы Аляксандру Квасьнеўскаму. Жанчыны інфармуюць кіраўніка Польшчы пра лёс сваіх мужоў, пра тое, што беларускія ўлады нічога ня робяць, каб знайсьці зьніклых палітыкаў і просяць дапамогі. Святлана Завадзкая гэтак патлумачыла, чаму ліст адрасаваны менавіта Аляксандру Квасьнеўскаму.

(Завадская: ) "Квасьнеўскі вядомы як змагар за дэмакратыю, ён уважліва ставіцца да нашых падзеяў і таму мы вымушаныя звярнуцца да яго з тым, каб ён пагаварыў з Пуціным. Яны маюць пэўныя магчымасьці паўзьдзейнічаць на нашае кіраўніцтва, а адсюль з нашым урадам размаўляць няма сэнсу ".

Вось што пішуць у лісьце да Аляксандра Квасьнеўскага жонкі зьніклых.

“Ведаем, што у вас адбудзецца сустрэча з прэзыдэнтам Расеі спадаром Пуціным. Мы неаднаразова зьвярталіся да яго і да іншых кіраўнікоў гэтай краіны з просьбай дапамагчы ў расьсьледваньні, але адказу і падтрымкі не атрымалі. Мы шукаем ўсе магчымыя шляхі для пошуку праўды, таму просім вас падчас сустрэчы са спадаром Пуціным пры магчымасці падняць пытаньне пра загінулых, зьніклых і тых апанэнтах рэжыму, хто сядзіць у турмах, аб датычнасьці да гэтага беларускіх ўладаў ды стаўленьні да гэтай праблемы Расеі", - пішуць Аляксандру Квасьнеўскаму Людміла Карпенка, Святлана Завадзкая, Тацяна Клімава, Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар.

Нагадаю, апошнім разам Зінаіда Ганчар зьвярталася да Пуціна у пачатку сьнежня мінулага году. Але нават адказу яна дагэтуль не атрымала.

Пасол Польшчы Марыюш Машкевіч запэўніў аўтарак лістц , што ў хуткім часе іхны зварот будзе перададзены ў канцылярыю польскага прэзыдэнта.

На працэсе Валерыя Ігнатовіча пачалося агалошваньне дакумэнтаў, што фігуруюць у эпізодзе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага. У прыватнасьці, былі агалошаныя пратаколы агляду аўтамабіля Завадскага, на якім ён прыехаў у аэрапорт Менск-2, адкуль, паводле сьледзтва, быў скрадзены. Пры агалошваньні эпізодаў высьветліліся дзіўныя супярэчнасьці. Было зачытана ажно 3 пратаколы. У першым нічога не было сказана пра тое, ці была ў машыне знойдзеная з'ёмная панэль радыёпрымача.

У другім пратаколе згадка пра гэтую дэталь ёсьць, але сьцвярджаецца, што панэль была пакладзеная на задняе крэсла аўтамабіля. І толькі ў трэцім пратаколе названае тое мейсца, дзе звычыйна Зьміцер хаваў гэтую панэль, калі выходзіў з аўтамабіля - што панэль была пад пярэднім правым крэслам. Сьвятлана Завадзкая тлумачыць гэтыя разыходжаньні гэткім чынам. "Трэці пратакол агляду машыны зьявіўся невядома адкуль і невядома калі. Калі я знаёмілася са справай, яго ня бачыла . Пасьля ў камэнтарах я зьвяртала ўвагу журналістаў на тое, што Зьміцер звычайна хаваў гэтую панэль над правым пярэднім крэслам, і калі яе там не знайшлі, то гэта азначае, што ня ён ставіў аўтамабіль на пляцоўку побач з аэрапортам Менск-2. Але гэтая мая заўвага разбурала вэрсію, падрыхтаваную сьледчымі. Што Дзіма быў скрадзены з аэрапорту.

І вось нейкім чынам зьявіўся гэты трэці пратакол, які, быццам, ўсё ставіць на мейсца. Але я яму ня веру. Я цяпер ўвогуле нікому ня веру і таму больш на гэты працэс не хаджу" - кажа Святлана Завадская і падводзіць наступны вынік.

( Завадзская: ) "Я мяркую, іх, безумоўна, асудзяць, магчыма, нават камусьці дадуць смяротную кару, але мне ад гэтага ня будзе лягчэй, бо галоўнае пытаньне застанецца адрытым. Гэтае пытаньне - а дзе ж Дзіма?"

Тым часам ў Бэрліне цікавую заяву адносна абвінавачанага ў выкраданьні Завадзкага “алмазаўца” Ігнатовіча зрабіў былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў. Спасылаючыся на зьвесткі, атрыманыя ад чачэнскіх
маджагедаў, зь якімі Алкаеў пазнаёміўся ў Бэрліне, ён сьцьвярджае, што Ігнатовіч пэўны час ваяваў супраць расейцаў на баку маджагедаў. Ня выключана, што быў наёмнікам. Але тады тым больш дзіўна, што Ігнатовіча адпусцілі расейскія спэцслужбы, пасьля таго, як ён быў затрыманы пепадалёк ад Чачні расейскімі вайскоўцамі. А потым яшчэ і быў узнагароджаны расейскім ордэнам. Тлумачыць гэтую супярэчнасць чачэнцы ня бяруцца, Алег Алкаеў -- таксама.

І напрыканцы аптымістычная навіна пра Андрэя Клімава, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, кіраўніка дэпутацкай камісіі, якая расьсьледвала злоўжываньні Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта.

Паводле агенцыі Інтэрфакс, адзін з дэпутатаў цяперашняга “парлямэнту” Аляксандр Архіпаў не выключае, што ужо праз месяц Клімаву будзе зьмененая мера стрыманьня. Маўляў, з калёніі яго могуць перавесьці на папраўчыя працы. Пра гэта Архіпаў заявіў пасьля таго, як 10 студзеня ён сустрэўся з Клімавым у менскай калёніі, дзе той сядзіць ўжо 3 гады . Паводле Архіпава, "Клімаў застаўся адданы сваёй палітычнай пазыцыі".

Таксама Аляксандр Архіпаў не выключае, што ў жніўні дэпутата Андрэя Кліма могуць ўвогуле вызваліць, пакінуўшы яму ўмоўнае пакараньне.
Варта аднак дадаць, што размовы пра датэрміновае вызваленьне Андрэя Клімава рознымі прадстаўнікамі ўладных колаў вядуцца ўжо 2 гады, але выніку гэта не дало пакуль ніякага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG