Урадаў у выгнаньні цяпер існуе ў сьвеце каля 25. Яны вельмі розныя, як і краіны, якія яны спрабуюць прадстаўляць. Пачынаючы ад найбольш сур’ёзнага зь іх, тыбэцкага ўраду ў выгнанні пад кіраўніцтвам Далай Ламы, што знаходзіцца ў Індыі пасьля акупацыі Тыбэту Кітаем, і заканчваючы вельмі незвычайным Радэзійскім урадам, які дзейнічае ў інтэрнэце і рассылае электронныя паведамленьні з просьбай перасылкі ахвяраваньняў на свае швайцарскія рахункі.
Вельмі мала такіх утварэнняў, якія ўспрымаюцца цяпер сур’ёзна. Так званы амэрыканскі ўрад у выгнаньні, напрыклад, не зьяўляецца ні ўрадам, ні ў выгнаньні, а фактычна толькі вэбсайтам, што пратэстуе супраць прызнаньня пераможцам на мінулагодніх выбарах у ЗША Джорджа Буша. Але большасьць усё ж апэлюе да пэўных гітстачыных падзеяў і рэаліяў.
Часопіс The Economist падзяляе ўрады ў выгнанні на тры асноўныя групы. Першая – гэта тыя ўрады, што ўзьніклі ў блытаніне гісторыі Эўропы мінулага стагодзьдзя, як напрыклад, урады ў выгнаньні з краінаў, захопленых былой Савецкай імпэрыяй, альбо тыя, што дамагаюцца незалежнасьці пэўных тэрыторыяў, дзе жывуць або жылі нацыянальныя меншасьці, – прадстаўнікі грэцкай мяшныні ў Альбаніі, напрыклад, ці немцы з былога вольнага гораду Данцыга, а цяпер польскага Гданьска, што стварылі падобны ўрад ў Аўстраліі.
Другая група – тыя ўрады ў выгнаньні, якія ўтварыліся пасьля распаду эўрапейскіх каланіяльных імпэрыяў. Напрыклад, група, што знаходзіцца ў Францыі і дамагаецца незалежнасьці для Кабінды, былой Партугальскай калёніі, цяпер захопленай Анголай. Да гэтай жа катэгрорыі адносіцца і спроба сікхскай дыяспары ў Індыі абвясьціць урад для Халістану.
Трэцяя катэгорыя такіх палітычных утварэнняў – групы, якія супраціўляюцца дэспатычнаму кіраваньню, як, напрыклад, копцкія хрысьціяне, што перасьледуюцца ўладамі Эгіпту.
Усе падобныя ўрады перш за ўсё імкнуцца, каб іх прызнавалі рэальныя ўрады ў рэальных краінах. Але ў апошні раз гэта адбывалася на справе падчас другой сусьветнай вайны, калі праўдзівыя ўрады акупаваных нацыстамі краінаў (Францыі, Галяндыі і інш.) знаходзілі прызнаньне і прытулак у Брытаніі датуль, пакуль яны не аднавілі свае ўладныя паўнамоцтвы дома.
Часам урады ў выгнаньні маюць сваіх прыхільнікаў-баевікоў на радзіме, альбо яны працягваюць кантраляваць нейкую, хоць мізэрную, тэрыторыю, ці маюць значны ўплыў у сваёй дыяспары. Вага такіх палітычных утварэньняў значна большая, чым у тых, хто толькі рассылае прэс-рэлізы ды прызначае новых сябраў свайго ураду.
Але было б памылкай ня браць пад увагу гэтыя ўрады зусім, бо сытуацыя можа неўзабаве рэзка зьмяніцца, піша The Economist. Як гэта сталася, напрыклад, ва Усходнім Тыморы, дзе сябры ўраду ў выгнаньні сталі галоўнымі палітычнымі дзеячамі на радзіме. Вярнуўся на высокую пасаду на радзіму былы міністар юстыцыі эстонскага ўраду ў выгнаньні. Такія ж дзеячы цяпер ёсьць і ў Літве. Калі камуністы захапілі ўладу ва Ўсходняй Эўропе, многія даваенныя лідэры паехалі за мяжу і захоўвалі там свае структуры. Пасьля вызваленьня гэтых краінаў у 90-х гадах яны фармальна перадалі свае паўнамовы дэмакратычна абраным урадам.
Асабная частка артыкула ў The Economist прысьвечаная ўраду БНР у выгнаньні, які цяпер узначальвае Івонка Сурвіла. Гэты ўрад зьбіраецца працягваць дзейнічаць, пакуль ня знікне пагроза незалежнасьці Беларусі, піша часопіс The Economist. Пасьпешлівасьць можа быць рызыкоўнай, зазначаюць прадстаўнікі ўраду БНР. Урад УНР, які быў у выгнанні, больш за 70 гадоў, магчыма, пасьпешліва перадаў свае паўнамоцтвы постсавецкаму кіраўніцтву Ўкраіны, паколькі Расея зноў дэманструе жаданьне да захопу суседніх краінаў, да таго ж мясцовыя рэжымы лёгка паддаюцца маніпуляцыі. The Economist паведамляе, што ўрад БНР захоўвае сувязі з часткай беларускай апазыцыі. А выдачу ім дакумэнтаў аб грамадянстве БНР часопіс разглядае як “добрую ідэю”, што ставіць пад сумнеў легітымнасьць кіруючых уладаў краіны.