Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНАК ІНІЦЫЯТЫВЫ “МОЛАДЗЬ У АБАРОНУ КУРАПАТАЎ” – КРЫЖ ПАКУТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Прэсавая канфэрэнцыя адбылася непасрэдна ў Курапатах, ля Крыжа Пакутаў. Дарэчы, менавіта ён абраны знакам ініцыятывы "Моладзь у абарону Курапатаў". Як зазначыў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, сябры моладзевых арганізацый урэшце вырашылі аб'яднацца й заявіць пра канчатковыя мэты доўгатэрміновай акцыі ў Курапатах.

(Севярынец: ) "Моладзь, якая абараняе Курапаты, лічыць, што любыя работы ў гэтым раёне немагчымыя, крыжы, усталяваныя людзьмі, недатыкальныя. З гэтай мэтай прадстаўнікі Маладога Фронту, Беларускай партыі свабоды ды іншых моладзевых арганізацыяў і супольнасьцяў, якія абараняюць Курапаты, учора прынялі сумесны зварот да міжнароднай супольнасьці.

А канчатковымі мэтамі ініцыятывы "Моладзь у абарону Курапатаў" зьяўляецца пабудова кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў, альбо другі варыянт — двума рукавамі: адзін бок па гэтай дарозе безь яе пашырэньня, без таго, каб кранаць крыжы, проста ўпарадкаваньне, і другі рукаў — па гэтак званай бэтонцы. Яшчэ адная нашая мэта — дамагчыся стварэньня ў Курапатах сапраўднага мэмарыялу. Прычым на аснове крыжоў, усталяваных грамадзкасьцю".

Павал Севярынец адзначыў, што моладзевая ініцыятыва ня ёсьць альтэрнатывай грамадзкай ініцыятыве "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты", якая зрабіла шмат карыснага, але з прычыны адсутнасьці згоды сярод ейных актывістаў ня здолела прыняць канчатковага рашэньня — дамагацца будаўніцтва дарогі ў аб'езд альбо пагаджацца з тым, што прапануюць улады. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Будзем праводзіць паралельную юрыдычную працу разам з грамадзкай ініцыятывай. Яны падаюць заявы ў Генэральную пракуратуру, мы будзем зьвяртацца ў мясцовыя пракуратуры. Мы будзем зьвяртацца ў міжнародныя юрыдычныя структуры. Думаю, што толькі дапаможам тым людзям, якія ўжо заняліся гэтай працай. Першай пра тое, што будуць нам дапамагаць, заявіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Яны будуць нас падтрымліваць".

Паводле Паўла Севярынца, ініцыятыва "Моладзь у абарону Курапатаў" адкрытая для ўсіх іншых партыяў і арганізацыяў. Сваю падтрымку ёй ужо выказала ў тэлефоннай размове старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

А вось меркаваньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка:

(Cіўчык: ) "Гэта якраз тыя людзі, якія ахвяруюць і сваім часам, і, я бы сказаў, здароўем, бо ў такіх умовах вытрымаць паўтара месяца вельмі цяжка. Яны ўвесь час рызыкуюць, што могуць сутыкнуцца з гвалтам улады. І таму я проста бы заклікаў усіх падтрымаць ініцыятыву моладзі, бо яны даказалі ўжо, што Курапаты можна абараніць, спыніць будаўніцтва магчыма.

І зараз трэба не разважаць вельмі разумна, а прыходзіць і дапамагаць у Курапатах, ставіць крыжы, павялічваць колькасьць валанцёраў, якія знаходзяцца ў лягеры. Дапамагаць моладзі, прыносіць харчаваньне, каб тут была цёплая вопратка. Каб тут было ўсё беларускае грамадзтва, усе тыя, хто здольны на супраціў".

Разам з кругласутачным дзяжурствам актывісты ініцыятывы "Моладзь у абарону Курапатаў" плянуюць працягнуць збор подпісаў за будаўніцтва кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў. За гэта ўжо падпісаліся каля 1000 жыхароў мікрараёну "Зялёны Луг", паўтысячы студэнтаў і больш за 300 аўтамабілістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG