Арганізатарамі сэмінару выступілі Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын і польскі Фонд супраць гандлю жанчынамі "Ла Страда". Праводзіўся ён у рамках праекту "Арыядна", які падтрымлівае Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ.
Гандаль жанчынамі зрабіўся праблемай сучаснага грамадзтва. Ён набыў розныя формы — прымусовай прастытуцыі, слугаваньня, сэксуальнага рабства, фіктыўных шлюбаў альбо нават удачарэньня. Распаўсюджанай стала таксама рабская праца ў падпольных майстэрнях, дамах вэрбавальнікаў.
Як адзначалася на сэмінары, гандаль жанчынамі — даходная праца, яна займае трэцяе месца пасьля продажу наркотыкаў і зброі. У Беларусі гэты гандаль мае лятэнтны характар і даволі часта прыкрыты вэрбоўкай за мяжу на працу.
Вэрбавальнікі дзейнічаюць і пад прыкрыцьцём розных легальных рэклямных, шлюбных агенцтваў. Скарыстоўваюцца нават знаёмствы праз Інтэрнэт.
Жанчыны пры гэтым мала ўвагі надаюць юрыдычным афармленьням прапановаў. Імкнучыся да лепшага жыцьця, яны вельмі часта трапляюць ва ўмовы сэксуальнага ці эканамічнага прыгнёту. Распавядае прэзыдэнтка Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын Ірына Альхоўка:
(Альхоўка: ) "Галоўная прычына тут — нізкі дабрабыт жанчын і насельніцтва ў цэлым. Іншымі словамі — нізкія заробкі, адсутнасьць мажлівасьці атрымаць добрую працу з высокім даходам, каб пракарміць сваю сям'ю. Мы ня можам адгаварыць жанчын ня ехаць. Вельмі многія выпраўляюцца за мяжу, ведаючы, што іхная праца там нелегальная. Рытарычнае пытаньне жанчын: "Хто накорміць нашых дзяцей?" застаецца без адказу".
У гэтых варунках Асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын найпершую задачу бачыць ва ўсебаковым інфармаваньні жанчын і дзяўчат, што наважыліся ехаць за мяжу, у дапамозе тым, хто патрапіў у цяжкую сытуацыю. Ня кожная пацярпелая жанчына можа даверыць свой боль афіцыйным структурам. Да таго ж амбасады й консульствы Беларусі ёсьць далёка не ва ўсіх краінах.
Дапамагае жанчынам і польскі грамадзкі фонд "Ла Страда", які прадстаўлялі Ірэна Давід-Ольчык і Алена Амбражкевіч.
Дарэчы, Польшча для беларускіх жанчын зьяўляецца транзытнай краінай, адкуль яны найчасьцей трапляюць у Бэльгію, Галяндыю, на Кіпар, у Ізраіль і нават ў мусульманскія дзяржавы.
Апошнія гады краінай сэксуальнай і эканамічнай эксплюатацыі беларускіх жанчын стала і суседняя Расея.