Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКОЙ БУДЗЕ НАЗЕМНАЯ АПЭРАЦЫЯ ЗША Ў АФГАНІСТАНЕ?


Мікола Іваноў, Прага

Патрэбная наземная апэрацыя. Калі яна пачнецца? Які будзе яе характар?

Выступаючы ўчора ў Лёндане міністар абароны Вялікабрытаніі Джэфры Гун падсумаваў той урон, якія вайскі ЗША і Вялікабрытаніі нанесьлі ваеннаму патэнцыялу талібаў. На ягоную думку, талібан і Аль Каіда значна аслабленыя напярэдадні магчымай наземнай апэрацыі.

(Гун: ) “Мы нанесьлі моцны ўдар па арганізацыі Усамы бін Лядэна, асабліва лягерам падрыхтоўкі тэрарыстаў і ваеннай інфраструктуры талібскага рэжыму, які дае яму прытулак і апеку. Мы таксама дасягнулі значнага посьпеху ў зьнішчэньні іх сыстэмаў раньняга папярэджаньня і супрацьпаветранай абароны”.

Амаль на кожнай прэсавай канфэрэнцыі журналісты пытаюцца прэзыдэнта Джорджа Буша і міністра абароны Дональда Рамсфэльда: калі ж пачнецца наземная апэрацыя ў Афганістане? І ні разу яны не атрымалі дакладнага адказу на гэтае пытаньне.

Аднак ваенныя аналітыкі лічаць, што падобная апэрацыя непазьбежная. Кеннэт Алард, адстаўны палкоўнік амэрыканскай выведкі і цяперашні супрацоўнік Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне, лічыць:

(Алард: ) “Галоўная, я падкрэсьліваю – галоўная – форма ваеннай моцы – гэта наземныя сілы. Гэта калі туды накіруюцца нашыя хлопцы ў забруджаных ці пыльных чаравіках і з карабінамі. І я лічу, што менавіта гэта мы зьбіраемся зрабіць. На нікога ня робяць уражаньня нашыя ракеты Круз, ня робяць уражаньня і нашыя мэтады антысэптычнай (чыстай) вайны. Тое што можа зрабіць самае вялікае ўражаньне мы называем “духам штыка”.

На думку Аларда, наземныя войскі будуць накіраваныя ў Афганістан вельмі хутка, таму што вельмі важна перамагчы талібаў ў кароткі тэрмін перад тым, як у Афганістане выпадзе першы сьнег. Пасьля правядзеньня наземнай апэрацыі, саюзьнікі, на думку Аларда, пакінуць заканчэньне апэрацыі і зьнішчэньне талібаў жаўнерам Паўночнага альянсу, якіх будзе падтрымваць амэрыканская авіяцыя і войскі спэцназу.

Ваенны аналітык Кеннэт Алард лічыць, што хуткая перамога над талібамі ня цяжкае заданьне, але зьнішчэньне усёй тэрарыстычнай сеткі бін Лядэна можа расьцягнуцца на гады ў сувязі зь вельмі неспрыяльнымі геаграфічнымі ўмовамі вядзеньня вайны.

(Алард: ) “Мы павінны быць гатовыя рабіць усё, што патрэбна, і так доўга, як трэба”.

Іншая прычына, чаму кампанія супраць міжнароднага тэрарызму будзе доўгай, палягае ў тым, што бін Лядэн не адзіны галаўны боль Амэрыкі і ўсяго заходняга сьвету. Прэзыдэнт Буш і іншыя амэрыканскія кіраўнікі не аднойчы падкрэсьлівалі, што краіны і арганізацыі, якія дапамагаюць і даюць прытулак тэрарыстам, павінны разглядаць сябе ў якасьці магчымых аб’ектаў гэтай кампаніі. Учора на гэтую тэму выказаўся міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд.

(Рамсфэльд: ) “Я не прасынаюся раніцай з пытаньнем: дзе Ён. Я зацікаўлены ў праблеме змаганьня з тэрарыстамі, тэрарыстычнымі сеткамі і краінамі, якія даюць ім прытулак ва ўсім сьвеце. І калі б Ён заўтра згінуў, сетка Аль Каіды працягвала б сваю дзейнасьць у такім памеры, як яна гэта робіць цяпер. Ён – зразумела – становіць праблему, але не адзіную праблему”.

На думку аналітыка Кеннэта Аларда магчымым наступным аб’ектам атакі супраць тэрарыстаў можа стаць Ірак. Сырыя павінна спыніць сваю падтрымку фундамэнталістам Хэсбалы, каб пазьбегнуць амэрыканскага ўдару. Непакоіцца павінен і лідэр Лівіі Муамар Кадафі, а таксама ісьлямскія фундамэнталісты Алжыру і група мусульманскіх тэрарыстаў на Філіпінах, якія вядуць вайну з урадам гэтай краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG