Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ ЖЫХАРЫ БЕЛАРУСІ НЕ ЗМАГЛІ СЁНЬНЯ ПАЧУЦЬ УЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА ПА ДЗЯРЖАЎНЫМ РАДЫЁ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня штаб адзінага кандыдата атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ад пракурора Менску Мікалая Купрыянава. Ён папярэджвае Ўладзімера Ганчарыка аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу й парушэньне закону аб мітынгах, шэсьцях і дэманстрацыях.

Нагадаем, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына некалькі дзён таму заявіла, што ўсе сустрэчы кандыдатаў на прэзыдэнта з выбарцамі павінны ўзгадняцца зь мясцовай уладай. Прадстаўнікі штабу Ўладзімера Ганчарыка падрыхтавалі адпаведны адказ на папярэджаньне пракурора Купрыянава. Гаворыць юрыст штабу адзінага кандыдата Сяргей Альфер:

(Альфер: ) "Мы лічым, што пастановы Цэнтральнай камісіі й менскага гарадзкога выканаўчага камітэту пра тое, што ўсе сустрэчы павінны ўзгадняцца, не адпавядаюць закону. І паколькі яны не адпавядаюць закону, то яны юрыдычна незаконныя. Мы кіруемся ў сваіх дзеяньнях Выбарчым кодэксам, які патрабуе, каб гэтыя органы дапамагалі арганізоўваць сустрэчы, а не забаранялі іх".

Штаб адзінага кандыдата лічыць папярэджаньне Мікалая Купрыянава незаконным і патрабуе ад генпракурора Віктара Шэймана яго адмены. Актывісты каманды Ўладзімера Ганчарыка гавораць, што нягледзячы ні на што, сустрэча з выбарцамі 2 верасьня на Кастрычніцкім пляцы адбудзецца.

Кіраўнікі перадвыбарчага штабу спадара Ганчарыка распавядаюць, што ўлады ўсяляк перашкаджаюць іхным валанцёрам у агітацыйных пікетах. Так, сёньня ў Бабруйску міліцыянты затрымалі трох удзельнікаў агітацыйнага пікету. Падобныя выпадкі ўчора былі ў Менску і Магілёве. Валанцёраў трымалі ў пастарунку тры гадзіны (быццам бы высьвятлялі іхныя асобы), пасьля чаго адпускалі.

А сёньня раніцай у многіх раёнах Беларусі была спыненая радыётрансьляцыя выступу Ўладзімера Ганчарыка па правадной сетцы. Сяргей Альфер працягвае:

(Альфер: ) "Падчас трансьляцыі нам сказалі, што шмат дзе ў Беларусі, шмат дзе, былі выключаныя прыёмнікі, і насельніцтва не магло слухаць трансьляцыю выступу Ганчарыка. Уладзімер Іванавіч, які знаходзіцца на Гарадзеншчыне, патэлефанаваў і сказаў, што ягоны выступ немагчыма было паслухаць, бо прыймач маўчаў. Зараз мы зьбіраем зьвесткі па Беларусі, і будзем патрабаваць, каб выступ быў трансьляваны ізноў".

Кіраўніцтва штабу таксама накіравала заявы ў Цэнтарвыбаркам і пракуратуру з патрабаваньнем прыняць меры да сяброў БПСМ, якія зрываюць і заклейваюць агітацыйныя матэрыялы Ўладзімера Ганчарыка сваімі ўлёткамі з надпісам "Я — за бацьку!"

Тым часам адзіны кандыдат выступіў са зваротам да вернікаў Беларусі, у якім заклікае спыніць разбурэньне духоўнага міру. Спадар Ганчарык прапанаваў зрабіць 9 верасьня "Днём нацыянальнага духоўнага яднаньня" і заклікаў вернікаў у гэты дзень памаліцца за Беларусь.

А кандыдат Сяргей Гайдукевіч сёньня сказаў, што для яго цяпер галоўная задача трапіць на заўтрашні футбольны матч Беларусь–Украіна. Гайдукевіч ніяк ня можа знайсьці квіток на футбол. Ён заявіў, што возьме сваё кандыдацкае пасьведчаньне і пойдзе зь ім на стадыён празь міліцэйскія кардоны. Калі ж яго ня пусьцяць на матч, то ён абяцае арганізаваць сутрэчу з выбарцамі-заўзятарамі каля стадыёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG