Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ ШЧУКІН ПРАПАНУЕ КАНДЫДАТАМ ПРАВЕСЬЦІ АМНІСТЫЮ ДЛЯ ЗЬНЯВОЛЕНЫХ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня Валер'я Шчукіна наведала адвакатка Тацяна Вардомская. Мы зьвязаліся зь ёю, як толькі яна выйшла з жодзінскага сьледчага ізалятара:

(Вардомская: ) "Ён па-ранейшаму з усімі ваюе. Барада расьце".

Тацяна Вардомская паведаміла Радыё Свабода, што Валер'я Шчукіна дагэтуль не перавялі ў штрафны ізалятар. Адміністрацыя СІЗА пакуль абмяжоўваецца гутаркамі зь ім. Яму дазволілі ліставаньне. Газэты апальны дэпутат атрымлівае, але часам яны спазьняюцца.

Валеры Шчукін паскардзіўся на тое, што яму моцна баляць зубы, а лекар замест таго каб лячыць, прапануе іх вырваць.

Умовы побыту ад пачатку не задавальнялі былога дэпутата. У жодзінскім сьледчым ізалятары кожнаму асуджанаму даюць штодня дзьве траціны бохана хлеба. Натуральна, ніхто ніколі хлеб ня рэзаў. Валеры Шчукін запатрабаваў, каб хлеб яму рэзалі — як вынік, сёньня ён адзіны, каму прыносяць парэзаны хлеб.

Тое ж адбылося і ў лазьні. Там асуджаныя пакідаюць свае рэчы разам на адной лаве. Валеры Шчукін адмаўляўся гэта рабіць, спасылаючыся на захаваньне асабістай гігіены. Ён дабіўся, каб яму дазволілі мець поліэтыленавы пакет для сваіх рэчаў.

Акрамя таго, Шчукін паскардзіўся, што ў рацыёне арыштаваных няма гародніны. Замест яе два-тры дні на тыдзень даюць ячныя крупы. Затое мяса хапае.

Шчукін не задаволены частымі ператрусамі. У ягонай камэры яны адбываюцца кожныя 4-5 дзён. Два разы падчас ператрусаў яму нехта падкідваў лязо. Менавіта за лязо ён атрымаў адну з трох вымоваў.

Днямі ў ізалятары распаўсюдзілася нейкая скураная інфэкцыя. Верагодна, гэта з-за сьпякоты, адсутнасьці гарачай вады, ды і ў лазьню водзяць толькі раз на тыдзень. Шчукін, як і суседзі па камэры, увесь размаляваны зялёнкай.

Валеры Шчукін у рэдакцыі газэтаў даслаў лісты да кандыдатаў у прэзыдэнты, у якіх прапаноўвае амніставаць арыштаваных з нагоды выбараў. Акрамя таго, ён паскардзіўся, што не атрымаў пасьведчаньня пра тое, што зьяўляецца даверанай асобай Сямёна Домаша.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG