Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАГРОМЫ НЕЗАЛЕЖНЫХ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

“Сіла адзінства” – пад такой назвай зьмешчаныя галоўныя матэрыялы нумара. Як вядома, 13 жніўня ў Менску ва ўрачыстай абстаноўцы падпісанае Пагадненьне паміж шырокай гармадзянскай кааліцыяй і адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай грамадзкасьці Ўладзімерам Ганчарыкам. Сямён Домаш здыме сваю кандыдатуру на карысьць У.Ганчарыка. У выпадку перамогі Ганчарыка на выбарах Домаш зойме пасаду прэм’ер-міністра. “Рабочы” друкуе прыняты дакумэнт, а таксама тэкст Пагадненьня паміж адзіным кандыдатам і беларускай моладзьдзю.

Акарамя таго ў нумары друкуецца гутарка нашага ўласнага карэспандэнта І.Дубовік са старшынёй прафкаму старэйшага ў краіне Тэатра юнага гледача. Дзіўная пазыцыя дзяржавы па пытаньнях нераўнамернага вызначэньня заробку ў ТЮГу і іншых тэатрах краіны вядзе да пэўных праблемаў у калектыве артыстаў. Тэатр пакінулі вядучыя спецыялісты, астатнія ня маюць вопыту ў адстойваньні сваіх інтарэсаў...

Старонка “Маё права” расказвае пра наведваньне сябрамі Маладога Фронту сьледчага ізалятару ў Жодзіне, дзе ўтрымліваецца вядомы беларускі праваабаронца Валеры Шчукін. Маладых наведвальнікаў даставілі ў міліцыю...

Апошні тыдзень у Беларусі азнаменаваўся шэрагам пагромаў незалежных грамадзкіх арганізацыяў. 10 жніўня правахоўчымі ворганамі быў праведзены ператрус у памяшканьні Гомельскага моладзевага аб’яднаньня “Гарт”. У Гарадзенскім вабласным грамадзкім аб’яднаньні “Ратуша” канфіскаваныя кампутары. 13 жніўня супрацоўнікі КДБ абшукалі офіс аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” і аддзяленьне Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гомлі. Назаўтра ў Оршы прадстаўнікі Камітэту фінансавых раследваньняў і КДБ уварваліся ў памяшканьне, дзе выпускаецца газэта “Куцейна”, забралі чатыры кампутары, выпускі праваабарончага бюлетэню і асобнікі газэтаў...

З меркаваньнямі чытачоў “Рабочага” аб атмасфэры ў краіне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў можна пазнаёміцца на старонцы “Мой дом”.

І, нарэшце, апошняя старонка “Мой выхадны” знаёміць аматараў беларускага кіно з тым, як складаюцца справы з праходжаньнем у краіне паказу лепшых фільмаў міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно “Адзіны сьвет”. Ягоным арганізатарам ўлады адмовілі ў памяшканьні, патрабуюць афіцыйнага фіксаваньня конкурсных фільмаў у Дзяржаўным рэгістры (на што патрабуецца пэўны час). Тым ня менш, наш глядач ужо пабачыў ня толькі “Звычайнага прэзыдэнта” Ю.Хашчавацкага, але і іншыя найбольш вядомыя конкурсныя стужкі. Арганізатары зьбіраюць ахвочых пазнаёміцца з сучаснай кінадакумэнталістыкай у прызначаных месцах гораду, і ўсе разам ідуць у загадзя падрыхтаваную залю...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG