Ігара Сінякевіча памятаюць у Беларусі па працы ў газэце "Звязда". Апошнія гады ён жыве ў Маскве, супрацоўнічае з тэлеканалам ТВ-6. У ліпені–жніўні журналіст зьбіраўся пажыць у Менску, бо згадзіўся дапамагчы камандзе прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Ярашука.
Цікава, што напад на Ігара Сінякевіча адбыўся літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля размовы з пасланцом Ярашука. Была ўжо ноч, але журналіст вырашыў прайсьціся па цэнтры гораду. На Пятроўскім бульвары да яго нечакана наблізіліся два падлеткі й запатрабавалі грошай. Адбылася бойка, у выніку якой журналіст атрымаў нажавое раненьне ў нагу.
Сінякевіч страціў больш за два літры крыві, пакуль яго адвезьлі ў шпіталь Скліфасоўскага і праапэравалі. Раніцай я зьвязваўся зь ім па тэлефоне. Ігар сказаў, што адчувае сябе лепш, але з ложку яшчэ не падымаецца. Дактары вызначаюць ягоны стан як здавальняючы.
Журналіст, распавядаючы пра здарэньне, згадаў, што гэта ўжо трэці падобны інцыдэнт у Маскве з журналістамі зь Беларусі. Некалькі месяцаў таму ў цэнтры Масквы быў зьбіты журналіст Уладыслаў Максімаў з газэты "Ведомости", потым пацярпеў ад хуліганаў Віктар Дзятліковіч з "Маскоўскіх навінаў". Вось як сам Ігар Сінякевіч пракамэнтаваў гэтыя здарэньні:
(Сінякевіч: ) "Зьнешне гэта выглядае як звычайнае хуліганства, але тое, што і з Максімавым, і са мной гэта адбылося ў даволі людным месцы ў цэнтры Масквы, што даволі рэдка, і тое, што гэта з усімі трыма землякамі адбылося, — гэта наводзіць на пэўныя думкі".
Ігар Сінякевіч заявіў Радыё Свабода, што інцыдэнт не паўплываў на ягонае рашэньне далучыцца да каманды Аляксандра Ярашука — неўзабаве, як дазволіць здароўе, журналіст прыедзе ў Менск.