Два месяцы таму югаслаўскае войска са згоды Паўночна-атлянтычнага альянсу ужо ўзяло пад свой кантроль 80% буфэрнай зоны паміж Сэрбіяй і Косавым. Учора Рада НАТО дазволіла Бялграду ўвесьці вайсковыя злучэньні ў астатні сэктар буфэрнай зоны – так званы сэктар Б. Як нагадвае газэта Wall Street Journal, дэмілітарызаваняя буфэрная зона была ўсталяваная ў 1999 годзе пасьля ваеннай апэрацыі НАТО ў Югаславіі. Югаславія мела права трымаць у зоне шырынёю 5 кіляметраў толькі паліцэйскія сілы з лёккім ўзбраеньнем.
Дэмілітарызаваная зона была ўсталяваная, па-першае, каб абараніць этнічных албанцаў, што пражываюць у рэгіёне, а па-другое, каб прадухіліць магчымыя сутычкі паміж югаслаўскімі войскамі і міратворцамі НАТО, якія былі ўведзеныя ў Косава.
Wall Street Journal піша, што гэты дэмілітарызаваны раён стаў апэратыўнаю базаю для албанскіх паўстанцаў з Косава. Паўстанцы нападалі на сэрбаў і бралі пад свой кантроль вёскі, населеныя албанцамі. Югаслаўскія паліцэйскія не маглі супрацьстаяць гарматам і мінамётам паўстанцаў.
Зьмены палітыкі НАТО адносна дэмілітарызаванай зоны маюць дзьве прычыны: прыход да ўлады у Бялградзе дэмакратычнага кіраўніцтва на чале з Ваіславам Каштуніцам і абвастрэньне сытуацыі ў суседняй зь Югаславіяй Македоніі. Буфэрная зона знаходзіцца акурат на мяжы Сэрбіі, Косава і Македоніі, і албанскія паўстанцы, што вядуць барацьбу з македонскім ўрадам, выкарыстоўвалі буфэрную зону для перакідкі з Косава ў Македонію зброі і амуніцыі. Калі югаслаўскае войска цалкам возьме буфэрную зону пад свой кантроль, канал гэтага транзыту будзе перакрыты.
Албанскія паўстанцы спрабуюць не дапусьціць такога разьвіцьця падзеяў – у мінулую суботу яны захапілі у зоне вёску Аравац. Але югаслаўскія войскі выбілі іх адтуль. Назіральнікі адзначаюць, што ў сэктары Б, куды югаслаўскія войскі ўвойдуць 24 траўня, сканцэнтраваныя асноўныя сілы паўстанцаў. 24 траўня можа стаць пачаткам шырокамаштабных баявых дзеяньняў.
Тым часам, учора адміністрацыя ААН ў Косаве абвесьціла пра свае далейшыя пляны фармаваньня палітычных структураў у краі. Кіраўнік адміністрацыі Ганс Гэккэруп заявіў, што 15 лістапада ў краі будуць праведзеныя парлямэнцкія выбары. Са 100 дэпутацкіх мейсцаў 10 будзе зарэзэрвавана за сэрбскай меншасьцю, яшчэ 10 – за іншымі нацыянальнымі меншасьцямі. Парлямэнт абярэ прэзыдэнта краю. Як адзначае брытанская газэта Іndependent, парлямэнцкія выбары стануць праверкаю на стабільнасьць у Косаве.