Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗНЫ ЛІДЭР ЗЬ БЕРАСЬЦЯ ВАКУЛЕНКА РАСПАЧАЎ ГАЛАДОЎКУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня апоўдні Сяргей Вакуленка распачаў сухую галадоўку. Галоўнай прычынай гэтага рашэньня ён называе грубае парушэньне заканадаўства берасьцейскімі ўладамі ды асобнымі кіраўнікамі мясцовай вэртыкалі.

Выканкамаўскія чыноўнікі ўмяшаліся ў агітацыйную кампанію па давыбарах у так званую палату прадстаўнікоў. Спадар Вакуленка, які праз збор подпісаў выбаршчыкаў таксама вылучыў сваю кандыдатуру, ня можа сустракацца зь людзьмі. Сяргею Вакуленку давялося пайсьці ў вымушаны адпачынак, бо яму не даюць трапіць нават на завод "Цьветатрон", дзе ён стала працуе.

Спадар Вакуленка напісаў з гэтай нагоды заяву, якую накіраваў таксама й пракурору Маскоўскага раёну Берасьця. Ён прапануе прыцягнуць да адказнасьці мясцовых кіраўнікоў, якія сьвядома парушаюць выбарчае заканадаўства.

Варта адзначыць, што спадар Вакуленка ўжо мае досьвед правядзеньня падобных акцыяў пратэсту. У красавіку 1999 году ён 7 дзён трымаў галадоўку, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на заводзе "Цьветатрон".

Спадар Вакуленка лічыць, што тая акцыя была плённая, бо прымусіла адміністрацыю заводу пагадзіцца з заснаваньнем незалежнай прафсаюзнай суполкі на прадпрыемстве. Ейны лідэр лічыць, што й зараз ёсьць магчымасьць патрабаваць выкананьня заканадаўства праз падобныя формы пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG