Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАЧАЎСЯ ФЭСТЫВАЛЬ “ЛЫЦАРАЎ”


Юрась Барысевіч, Менск

У праграме фэстываля — турніры лучнікаў і мечнікаў, конкурс старажытных модаў, канцэрты мэнэстрэляў. Адбыліся прэзэнтацыя кампакт-дыску з музыкаю Вялікага Княства Літоўскага і прэм’ера фільму Ігара Міхно пра рыцарскі турнір у Наваградку. Упершыню на фэстывалі прадстаўленая тэатральная праграма — спэктаклі, пэрформансы і нават рок-опэра “Тампль” паводле раману Ўмбэрта Эка “Ківач Фуко”.

У гарадзкім Доме культуры Ліды праходзіць фотавыстава Ігара Пешахонава “Час зьбіраць камяні”. Сярод экспанатаў — каля ста здымкаў усіх хрысьціянскіх бажніцаў Лідчыны, а побач — фотахроніка вандалізму: разламаныя крыжы на магілах, хуліганскія графіці на царкоўных сьценах, пабітыя выявы Хрыста. Зьнявечаным беларускім храмам прысьвечаная і фотавыстава “Цішыня” Ўладзімера Суцягіна — яна праходзіць у галерэі Нацыянальнай бібліятэкі.

Пры офісе Беларускага Фонду Культуры на Траецкім прадмесьці адчынілася галерэя дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва “Славутыя майстры”. Галерэя аформленая ў стылі інтэр’ераў вясковае хаты. Выстаўляцца тут будуць вырабы з саломкі, скуры й лазы, кераміка, коўка й графіка. Сымбалям галерэі стаўся гаршчок ХІ стагодзьдзя, знойдзены архэолягамі на Менскім замчышчы.

Малдоўская дыяспара адзначыла ў Доме дружбы сьвята надыходу вясны — Мартышор. У канцэрце ўзялі ўдзел Тэатар песьні Барыса Асмалоўскага, танцавальны ансамбаль “Плай” і супрацоўнікі малдоўскае амбасады. У фае адчынілася выстава жывапісу Вячаслава Ігнаценкі — малдоўскага мастака, які нарадзіўся ў Беларусі. Амбасадар Малдовы Мікалай Дудар зьявіўся толькі напрыканцы вечарыны, бо Міністэрства замежных справаў Беларусі ў той самы дзень наладзіла прыём з нагоды 8 сакавіка — на тыдзень раней за каляндар.

Беларуская жаночая ліга і маладзёвае грамадзкае аб’яднаньне “Гісторыка” наладзілі ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры прэзэнтацыю кнігі Ніны Стужынскай “Беларусь мяцежная” і прэм’ерны паказ дакумэнтальнага фільму “Слуцкае паўстаньне”. У фільме і кнізе ўпершыню апублікаваныя невядомыя здымкі й дакумэнты з архіваў КГБ пра антыбальшавіцкае паўстаньне, распавядаецца пра лёс ягоных герояў і тых мясьцінаў, дзе яны ваявалі. Неўзабаве мае адбыцца прэм’ера другога фільму паводле сцэнару Ніны Стужынскай, прысьвечанага падпольнай арганізацыі “Зялёны дуб”.

Мастак Алесь Пушкін і рэжысэр Антон Грышкевіч ствараюць у Віцебскім драматычным тэатры імя Якуба Коласа спэктакаль “Палкоўніку ніхто ня піша”. Палкоўнік, ролю якога будзе гуляць сябар Зянона Пазьняка Алесь Лабанок, увасабляе трагічны лёс Барыса Рагулі ды іншых беларускіх вайскоўцаў, якія эмігравалі на Захад напрыканцы другое Ўсясьветнае вайны. Гэта ўжо чацьверты спэктакаль, які Пушкін афармляе для Віцебскага тэатру. Прэм’ера адбудзецца ўвосень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG