Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ ГАДАВІНА КРАНШТАЦКАГА ПАЎСТАНЬНЯ, АДНЫМ З КІРАЎНІКОЎ ЯКОГА БЫЎ ГЕНЭРАЛ-БЕЛАРУС КАЗЛОЎСКІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Кранштацкія паўстанцы антысаветчыкамі ня былі. Іхны выступ праходзіў пад лёзунгам «Уся ўлада саветам», але ён азначаў адхіленьне ад гэтай самай улады бальшавікоў.

Сярод патрабаваньняў паўстанцаў: перавыбары ў саветы, пасьля свабоднай агітацыі сярод рабочых і сялян; свабода слова і друку, свабода прафэсійных саюзаў і сялянскіх аб'яднаньняў; вызваленьне палітычных вязьняў і зьняволеных удзельнікаў самых розных рухаў пратэсту; зьнішчэньне палітаддзелаў (бо ніводная партыя ня мае права на прывілеі ў справе прапаганды); перадача зямлі сялянам ды іншыя.

Тоесныя патрабаваньні выстаўлялі ў той самы час рабочыя Петраграду, якія жылі ва ўмовах бяспрацоўя, масавых звальненьняў, паліўнага крызысу і прадчуваньня голаду.

Але піцерскія рабочыя ў асноўнай масе не падтрымалі паўстанцаў. Вялікую ролю ў гэтым адыграла стомленасьць ад ваенных становішчаў, якія звычайна суправаджаліся рэпрэсіямі і чысткамі з боку ЧК, хлусьлівая інфармацыя, якую разгарнулі ўлады супраць паўстанцаў і чуткі, што на чале кранштадцаў стаіць царскі генэрал, а матросы толькі выконваюць ролю статыстаў.

Сярод паўстанцаў і сапраўды быў царскі генэрал – начальнік кранштацкай гарматніцы беларус са зьбяднелай гарадзенскай шляхты – Аляксандар Казлоўскі, які ўжо пасьля здушэньня збройнага чыну пісаў: «Камуністы ўжывалі маё прозьвішча, каб выставіць паўстаньне ў Кранштаце ў сьвятле белагвардзейскай змовы толькі таму, што я быў адзіным генэралам, які знаходзіўся ў крэпасьці».

18 сакавіка паўстаньне было здушанае. Каля 8 тысячаў паўстанцаў на чале з Аляксандрам Казлоўскім перайшлі ў Фінляндыю, а сям'я генэрала– жонка і двое сыноў, апынуліся ў вязьніцы.

Страты абодвух бакоў вымяраюцца тысячамі загіблых, тысячамі параненых і тысячамі ж рэпрэсаваных.

Кранштацкае паўстаньне было ці не апошняй спробай арганізаванага ўзброенага супраціву бальшавізму. Кранштадт – калыска кастрычніцкага перавароту 1917 году і апірышча бальшавікоў паўстаў супраць іх у барацьбе за тое, за што заклікалі змагацца самі ж бальшавікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG