Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

Ня выйшла ў сьвет баранавіцкая недзяржаўная газэта "Шаг". Гарадзкая друкарня ўчора ўвечары не прыняла дыяпазытываў газэты да друку.

Газэта "Шаг" — адзінае ў Беларусі недзяржаўнае рэгіянальнае штодзённае выданьне. Штодзённы выхад патрабуе апэратыўнай падачы інфармацыі, аднак умовы баранавіцкай друкарні замінаюць гэтаму, лічыць намесьнік галоўнага рэдактара газэты Анатоль Вайцяхоўскі.

Са словаў Вайцяхоўскага, яшчэ зусім нядаўна друкарня патрабавала, каб дыяпазытывы здаваліся не пазьней за 19-ю вечара, што цалкам задавальняла рэдакцыю. Аднак тэрміны імкліва сталі скарачацца: сьпярша да 18-й, затым да 17-й, урэшце сёньня друкарня патрабуе, каб газэта здавалася не пазьней за 16-ю гадзіну.

Учора рэдактар штодзённага выпуску газэты "Шаг" Міхаіл Борыс прывез дыяпазытывы ў друкарню каля 17-й гадзіны. Аднак дырэктар Баранавіцай узбуйненай друкарні Яўген Ламаносаў ня толькі не прыняў газэты ў друк, але, як кажа Борыс, брыдка яго аблаяў.

Сам жа дырэктар друкарні Я.Ламаносаў мяркуе, што газэта "Шаг" штучна стварае праблему. Ён кажа, што іншыя кліенты друкарні (гэта яшчэ 9 газэтаў) цалкам задаволеныя цяперашнімі ўмовамі друкарні. Дырэктар друкарні адкідае ўсе абвінавачваньні ў прадузятасьці да газэты "Шаг".

Калектыў "Шагу" ўсё ж лічыць, што гэта ўласна палітычны перасьлед газэты. Супрацоўнікі газэты думаюць скардзіцца на друкарню ў мясцовую вэртыкаль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG