Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У Менску ў Амбасадзе Ізраіля адбылася ўрачыстая цырымонія ганараваньня Праведнікаў Народаў Сьвету — тых беларусаў, якія ў часе Другое Ўсясьветнае вайны ратавалі габрэяў. Адным з ініцыятараў гэтай імпрэзы стаў амэрыканскі кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан, бацьку якога пад час вайны ўратавалі дзьве беларускія сям'і. У цырымоніі таксама браў удзел амэрыканскі амбасадар Майкл Козак.

Сёньняшнюю цырымонію распачаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Марцін Пелед-Флэкс:

"Мы ў Ізраілі адчуваем асаблівую ўдзячнасьць да Праведнікаў Народаў Сьвету. Гэтыя людзі ратавалі нашых сяброў, нашых родных. Але мне падаецца, што ўвесь сьвет, і, канешне, усе народы Эўропы ўдзячныя Праведнікам. Гэтыя людзі ратавалі ня толькі пэўныя чалавечыя жыцьці, сваімі гераічнымі ўчынкамі яны ўслаўлялі сваю нацыю".

Гэта быў ізраільскі амбасадар Марцін Пелед-Флэкс. Сёньня ён ганараваў дзьве сям'і, якія пад час вайны ратавалі братоў Гэйдэнсанаў — Шлому й Залмана.

Сям'я Гэйдэнсанаў жыла ў вёсцы Параф'янава (цяпер гэта Докшыцкі раён). У часе фашыстоўскай акупацыі ў вёсцы было створанае гета. У траўні 42-га году ў ім адбывалася акцыя масавага зьнішчэньня габрэяў. Шлому і Залману тады ўдалося пазьбегнуць забойства, і яны зьвярнуліся па дапамогу да сям'і Півінскіх. Юзэфа Півінская і яе чатыры дачкі вырашылі схаваць двух габрэяў. Півінскія зрабілі для іх сховішча ў стайні, у якім Шлома і Залман хаваліся ўдзень, а ўначы браты прыходзілі да іх у хату. Юзэфа Півінская і яе дочкі Міхаліна, Людвіга, Алена і Ядвіга даглядалі за братамі да вясны 43-га году. Потым у вёсцы быў разьмешчыны нямецкі гарнізон, і болей заставацца ў Півінскіх стала небясьпечна.

Тады братоў Гэйдэнсанаў схавала сям'я Івана й Марыі Станкевічаў, якія жылі на хутары Яновічы, што ў трох кілямэтрах ад Параф'янава. У сям'і было пяцёра дзяцей. Нягледзячы на вялікую рызыку, Станкевічы трымалі ў сябе Шлому й Залмана да пачатку 44-га году, а потым пераправілі іх да партызанаў. Залман Гэйдэнсан хутка загінуў. А Шлома пасьля вайны эміграваў у ЗША.

Ягоны сын Сэм Гэйдэнсан, які цяпер зьяўляецца чальцом амэрыканскага Кангрэсу, выконваючы просьбу бацькі, год таму наведаў Беларусь і сустрэўся са Станкевічамі й Півінскімі. Ён жа й зьвярнуўся ў мэмарыяльны інстытут "Яд Вашэм" з хадайніцтвам у прысваеньні гэтым людзям званьня Праведнікаў Народаў Сьвету.

Амэрыканскі амбасадар у Беларусі Майкл Козак перад сваім прызначэньнем у Беларусь сустракаўся з Сэмам Гэйдэнсанам:

(Козак: ) "Ён папрасіў перадаць сваю ўдзячнасьць гэтым людзям за ўратаваньне ягонага бацькі, і непасрэдна за ягонае жыцьцё, бо ня было б бацькі — не было б і яго самога.

А для мяне асабіста гэта вельмі хвалюючая гісторыя. Я шмат чытаў пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў часе вайны — пра разбурэньні, забойствы, пра гэнацыд. І сёньня, дзякуючы амбасадару Ізраіля, я прысутнічаў на цырымоніі, дзе ганараваліся сапраўдныя подзьвігі, праявы чалавечнасьці й высакароднасьці", — зазначыў Майкл Козак.

Сёньня ў часе цырымоніі рашэньнем адмысловае камісіі інстытуту Катастрофы й гераізму эўрапейскага габрэйства "Яд Вашэм" Праведнікамі Народаў Сьвету былі прызнаныя Юзэфа, Гелена, Людзьвіга, Міхаліна і Ядвіга Півінскія, а таксама Ян, Марыя, Ядвіга і Браніслава Станкевічы. Да таго ж сёньня ганаровае званьне Праведніка пасьмяротна атрымаў каталіцкі сьвятар Ян Сялевіч, які ў часе вайны выратаваў Цьві Брадоўскага і ягоную маці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG