Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 кастрычнiка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У пятніцу Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду будзе разглядаць беларускае пытаньне. Кіраўніцтва фонду абмяркуе стан беларускай эканомікі. Прадстаўнік МВФ у Летуве й Беларусі Марк Гортан у размове з карэспандэнтам Свабоды паведаміў:…

"Рада дырэктараў разгледзіць штогадовую справаздачу, прысьвечаную эканамічнай палітыцы беларускіх уладаў. Магчыма, вы памятаеце, што ў ліпені ў Беларусі была місія, якая працавала паводле чацьвертага артыкулу пагадненьня МВФ. Місія прадставіць вынікі сваёй працы Радзе. З таго часу, як місія пакінула Беларусь, у эканоміцы не адбылося амаль нічога новага. Але магчымае абмеркаваньне такіх новых фактараў, як зьмены на валютным рынку",

— распавёў прадстаўнік МВФ Марк Гортан.

Апошнія зьмены на валютным рынку краіны, а менавіта — пераход да адзінага курсу рубля адносна даляра — пераканалі МВФ зьмяніць палітыку ў адносінах да Беларусі.

Але ж відавочна, што ў перамовах зь беларускім урадам фонд дзейнічае вельмі асьцярожна. На мінулым тыдні старшыня Нацыянальнага банку Пётра Пракаповіч выглядаў пакрыўджаным і выказаўся ў тым сэнсе, што фонд не давярае кіраўніцтву Беларусі.

Сапраўды, за тыя гады, што не было фінансаваньня, пераход да адзінага валютнага курсу стаў адзіным дасягненьнем ураду на шляху рэфармаваньня эканомікі. МВФ хоча заахвоціць беларускае кіраўніцтва да новых рэформаў, таму прадстаўнікі фонду не выключаюць, што празь некалькі месяцаў могуць распачацца перамовы наконт праграмы стэнд-бай.

Але ж для таго, каб распачаць перамовы, беларускі ўрад павінен будзе на працягу двух кварталаў выконваць праграму рэформаў пад кантролем экспэртаў фонду. Толькі ў тым выпадку, калі ўлады пераканаюць экспэртаў, што будуць пасьлядоўна ажыцьцяўляць рэформы, зьявіцца магчымасьць атрымаць фінансаваньне МВФ. Дарэчы, місія, якая будзе распрацоўваць парамэтры эканамічнае праграмы, мусіць прыехаць у Менск у лістападзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG