Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У мястэчку Бяроза, што на Берасьцейшчыне, раённыя ўлады забаранілі грамадзянам у часе правядзеньня пікетаў зьбіраць подпісы ў падтрымку агульнанацыянальных акцыяў, распаўсюджваць зарэгістраваныя інфармацыйныя выданьні і нават рабіць выставы навінак беларускага кнігадруку ды аўдыё- і відэазапісаў.

Сёньня, 17 жніўня, судзьдзя Бярозаўскага суду Ала Зялёнка сваім рашэньнем пакінула забарону мяйсцовых уладаў у сіле. А гэта азначае, што бярозаўскім актывістам беларушчыны і надалей ня будзе дазволены збор подпісаў у падтрымку дэмакратычных ініцыятываў, распаўсюджваньне афіцыйна зарэгістраваных газэтаў і нават наладжваньне выставаў навінак беларускага кнігадруку ды аўдыа- і відэакасэтаў.

Першы раз сваё новае слова, на, здавалася б, ужо добра распрацаванай дзялянцы пад назовам "забараняць і не пушчаць" намесьнік старшыні Бярозаўскага раённага выканкаму Мікола Сакалоўскі сказаў 13 траўня. Менавіта гэтаю датаю ён падпісаў дазвол мяйсцовым суполкам БНФ і ТБМ на пікет 14 траўня "без проведения сбора подписей, выставки литературы, прессы, видео и аудиокассет, распространения информационных материалов".

Арганізатары тады адмовіліся ладзіць пікет, справядліва мяркуючы, што чыноўныя абмежаваньні зьвядуць ягоную эфэктыўнасьць да нулю. Пікет меўся быць прымеркаваны да даты травеньскага (1995 году) рэфэрэндуму і арганізатары плянавалі ў часе правядзеньня акцыі зьбіраць подпісы супраць спробаў ліквідацыі незалежнасьці Беларусі. Меркаваўся таксама збор подпісаў за стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Такі збор подпісаў вёўся па ўсёй краіне і толькі бярозаўскім уладам прыйшло ў галаву яго забараняць.

Але калі ў гэтым выпадку лёгіку чыноўнікаў неяк можна зразумець – Нацыянальны ўнівэрсытэт будзе выхоўваць нацыянальную інтэлігэнцыю, ствараць асяродкі вальнадумства, дык чым вінаватыя Віні-Пух з Алісаю на відэакасэтах? – аніякай, нават самай інтэграцыйнай лёгікаю патлумачыць немажліва…

28 чэрвеня, калі бярозаўцы ладзілі мітінг-сход у падтрымку Ўсебеларускага зьезду за Незалежнасьць, ані беларускіх кніжак, ані гэрояў дзіцячае клясыкі на касэтах зноў на акцыю чыноўнікі не пусьцілі.

Старшыня раённых радаў грамадзкіх аб'яднаньняў БНФ "Адраджэньне" ды Таварыства Беларускае Мовы Сяржук Русецкі абскардзіў дзеяньні бярозаўскіх уладаў спачатку ў Берасьцейскім абласным выканкаме. Той, аднак, падтрымаў забарончую ініцыятыву сваіх падначаленых. Тады спадар Русецкі падаў пазоў у раённы суд.

І вось сёньня судзьдзя Ала Зялёнка палічыла дзеяньні "вэртыкальшчыкаў" адпаведнымі закону "Пра мітынгі, сходы, вулічныя шэсьці, дэманстрацыі ды пікетаваньні". Гэтае рашэньне Сяржук Русецкі мае намер абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG