Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Сёньня з 17-й да 19-й гадзіны на салігорскім стадыёне "Будаўнік" прайшоў мітынг у гонар Дня Незалежнасьці, які сабраў каля 100 жыхароў гораду.

Гэтае мрапрыемства арганізавала мясцовая філія БСДП "Народная Грамада". Як мне паведаміў лідэр партыйнай арганізацыі, шахцёр з "Беларуськалія" Мікола Зімін, гарвыканкам праігнараваў ягоную просьбу правесьці мітынг на цэнтральнай плошчы і, паводле намэнклятурнай завядзёнкі, перанакіраваў жадаючых мітынгаваць на ўскрай гораду – на стадыён "Будаўнік". Але мясцовыя ўлады не забыліся пры гэтым спагнаць зь Міколы Зіміна ажно 26 мінімальных заробкаў за эксплюатацыю спартовага збудаваньня і прысутнасьць там міліцыі.

Плякаты, якімі былі аздобленыя трыбуны стадыёну, услаўлялі незалежнасьць Беларусі ды выказвалі пратэст супраць паглынаньня Беларусі Расеяй. І сам Мікола Зімін, і актывіст Незалежнага прафсаюзу Павал Майсеевіч, і выхавацелька дзіцячага садка Ніна Ермалінская, і мясцовы паэт Анатоль Крывіцкі, і іншыя выступоўцы ў сваіх выступах заклікалі бараніць незалежнасьць Беларусі, выкрывалі калянізатарскую сутнасьць саюзу Беларусі з Расеяй і выказвалі думку, што толькі сапраўдны сувэрэнітэт краіны дазволіць беларусам далучыцца да сям'і эўрапейскіх народаў, жыць годна і заможна.

У рэзалюцыі, якую прыняў мітынг, у прыватнасьці гаворыцца: "Салігорцы папярэджваюць Аляксандра Лукашэнку, што ў выпадку пагрозы рэальнай страты нацыянальнай незалежнасьці і сувэрэнітэту яны скарыстаюць усе магчымыя сродкі для абароны краіны ад чужаземнай акупацыі".

Сёньня ў цэнтры Нясьвіжу ля помніка Сымону Буднаму санкцыянаваны пікет, прысьвечаны Дню Незалежнасьці, правялі сябры філіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і Маладога Фронту, а прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў Маладэчаншчыны ў сваім горадзе ўсклалі кветкі да памятнага знаку пакутнікам за незалежнасьць і свабоду Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG