Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Былы прэм'ер-міністар Казахстану і адзін з лідэраў казахскай апазыцыі Акезхан Кажагельдын арыштаваны ў Італіі на падставе міжнароднага ордэру на арышт. Аб гэтым сёньня паведаміў прадстаўнік італьянскай паліцыі.

Кажагельдына арыштавалі ў сераду раніцай у рымскім аэрапорце. І цяпер італьянскія ўлады вырашаюць ці выдаць яго Казахстану, ці не. На Бацькаўшчыне яго абвінавачваюць у карупцыі, адмываньні грошай і іншых злачынствах.

Казахская апазыцыя, аднак, лічыць, што такім чынам прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў намагаецца расправіцца са сваімі палітычнымі праціўнікамі. Назарбаеў хоча змусіць замаўчаць Кажагельдына, і такім чынам адцягнуць увагу ад інфармацыі аб тым, што сам Назарбаеў замешаны ў карупцыйным скандале.

Амэрыканскі часопіс Newsweek нядаўна паведаміў, што Фэдэральнае Бюро Рассьледаваньняў разглядае справу незаконных выплатаў адным амэрыканскім бізнэсоўцам казахскім афіцыйным асобам, уключна з самім Назарбаевым. Казахскія ўлады са свайго боку абвінавачваюць гэтага бізнэсоўца ў парушэньні казахскіх законаў.

Газіз Альдамшароў, старшыня Рэспубліканскай Народна-Нацыянальнай партыі, да лідэраў якой належыць таксама Кажагельдын, заявіў: "Кажагельдына затрымаі на хвалі так званай справы "казахгейт". Кахаскія ўлады хочуць такім чынам пазбавіцца да галоўнага сьведкі ў гэтым скандале".

Акезхан Кажагельдын узначальваў казахскі ўрад з 1994 па 1997 год. Пад час свайго прэм'ерства ён быў прыхільнікам паскоранай прыватызацыі і грунтоўных рынкавых рэформаў. Ягоныя палітычныя праціўнікі ў сувязі з гэтым абвінавачваюць яго да сёньняшняга дня ў тым, што ён прадаў у заходнія рукі вельмі танна і занадта многа казахскіх прадпрыемстваў. Падобная палітыка, аднак, зрабіла яго вельмі папулярным сярод заходніх інвэстараў.

У 1998 годзе Кажагельдын заснаваў уласную палітычную партыю і нават паспрабаваў высунуць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у настпным годзе супраць Назарбаева. Яму, аднак, не далі магчымасьці зарэгістравацца на падставе абвінавачаньняў у адміністрацыйных правапарушэньнях. Пазьней супраць былога прэм'ера высунулі і крымінальныя абвінавачаньні.

Казахскія ўлады абвінавацілі Акезхана Кажагельдына ў падаткавых правапарушэньнях, адмываньні грошай і ў незаконным набыцьці маёмасьці ў Бэльгіі і Швэйцарыі. У сувязі з гэткімі абвінавачаньнямі ён ў 1998 годзе вымушаны быў выехаць у добраахвотную палітычную эміграцыю. Мінулай восеньню яго на нейкі час затрымалі расейскія ўлады ў Маскве. Але ў хуткім часе ён выехаў у Лёндын.

Між тым, казахскія ўлады ў міжнародны ордэр Інтэрполу аб арышце Кажагельдына дадалі абвінавачаньне ў "міжнародным тэрарызме". Сам жа Кажагельдын запярэчвае ўсім абвінавачаньням у свой адрас і сьцьвярджае, што яны палітычна матываваныя. Ён хоча адказаць на гэтыя абвінавачаньні, але, баіцца за свой лёс.

Прадстаўнік Кажагельдына заявіў у сувязі з арыштам, што калі былога прэм'ера выдадуць Казахстану, ягонае жыцьё будзе пад сур'ёзнай пагрозай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG