Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы дарадца прэм'ера Міхала Чыгіра, цяпер выканаўчы дырэктар "Белбізнэсбанку" прафэсар Іван Лемяшэўскі падрыхтаваў адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Падставаю да звароту стаў замах на сына прафэсара, студэнта Ільлю Лемяшэўскага, якога спэцслужбы схілялі да супрацоўніцтва й цяпер перасьледуюць за адмову даносіць на бацьку.

Гэтая гісторыя пачалася больш як год таму, пад час прэзыдэнцкіх выбараў, арганізаваных апазыцыяй, а разьвязка надышла ў мінулую сераду. Прычым, крывавая.

У пад'езьдзе свайго дома быў цяжка паранены сын былога дарадцы Міхала Чыгіра прафэсара Івана Лемяшэўскага, які цяпер працуе выканаўчым дэрэктарам "Белбізнэсбанку". На сына Лемяшэўскага Ільлю напалі двое невядомых. Схапілі й прыставілі пісталет. Цэлілі ў сэрца, але Ільля пачаў вырывацца й куля трапіла ніжэй. На шум выбеглі людзі, і хлопец цудам застаўся жывы.

Пасьля апэрацыі ён знаходзіцца дома пад наглядам бацькоў, якія нікому не давяраюць ахову сына. І маюць рацыю, бо тое, пра што распавядае 19-гадовы юнак, можа прывесьці ў жах любога. Ён сьцьвярждае, што за ім палююць беларускія спэцслужбы. І пачалося гэта год таму, пасьля таго як Ільля адмовіўся даносіць на свайго бацьку.

Ільля кажа:

"Мяне выклікалі тады… Выклікалі, пасадзілі ў машыну і адвезьлі на Карла Маркса. Доўга "ўціралі" псыхалягічна… гадзіны дзьве, мабыць, – што "твой бацька не такі ўжо добры чалавек, як ты думаеш", што "ня сёньня-заўтра яго пасадзяць у турму, а табе жыць трэба, паступаць трэба…"

(Карэспандэнт: ) "Цябе фактычна прымушалі дакладаць на свайго бацьку?"

(Ільля: ) "Так. Проста – так. Даходзіла нават да таго, што ў мяне запытвалі – магу лі паставіць "жучкі" ў доме і ў машыне ў бацькі, у месцах, дзе ён бывае… Запытвалі – дзе ён бывае, як ён працаваў з Чыгіром, як ён патрапіў ва ўрад…

Я проста сказаў, што я не Паўка Марозаў і адмовіўся ад гэтага. А мне сказалі, што "вось глядзі, горш будзе"… І сказалі, што "можаш падумаць"…"

Гэта быў паранены невядомым злачынцам Ільля Лемяшэўскі. Паводле ягоных словаў, замаху папярэднічалі яшчэ два напады. Аднойчы ў двары яго зьбілі й парэзалі нажом невядомыя, фатаздымкі якіх ён потым апазнаў у міліцыі, але яны так і не былі знойдзеныя. Другі раз Ільлю вывезьлі ў лес і там зноў зьбілі. Яшчэ раз хлопца хацелі схапіць двое ў міліцэйскай вопратцы, але Ільля ад іх зьбег. І толькі тады распавёў бацькам, што яго спрабавалі завэрбаваць.

Пасьля гэтага бацька, Іван Лемяшэўскі, зьвярнуся да кіраўніцтва спэцслужбаў. Дайшоў нават да старшыні КГБ Ўладзімера Мацкевіча, у якога прасіў, каб ад сына адчапіліся. І пэўны час усё было ціха, калі раптам, зусім нечакана, на сына зноў напалі.

Якая прычына такога дэманстрацыйнага злачынства? Сам Іван Лемяшэўскі лічыць, што гэтае здарэньне напрасткі зьвязанае з палітычнымі працэсамі, што адбываюцца ў краіне:

(Іван Лемяшэўскі: ) "Гэта палітычны тэрор, у які ўцягнулі майго малодшага сына. Я сыходзіў з ураду – гэта было ў сакавіку 1999 году, калі ва ўрадзе праводзілася "зачыстка" паводле сьпісу, калі прапаноўвалі звольніцца ўсім, хто быццам бы, як мяркуе той жа Шэйман, мог "працаваць на Чыгіра"".

Іван Лемяшэўскі не выключае, што замахам на ягонага сына пэўныя сілы ў краіне разьдзімаюць атмасфэру жаху, каб у тым ліку сарваць працэс перамоваў паміж уладаю і апазыцыяй. "Упэўнены, што хтосьці спрабуе нас усіх запалохаць і разьвесьці ў розныя бакі, каб толькі ў грамадзтве не пачалося паразуменьне. Я падрыхтаваў адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выкладаю свой погляд на становішча ў грамадзтве", – сказаў Іван Лемяшэўскі.

Свой ліст ён зьмесьціць днямі ў недзяржаўным друку. Былы кіраўнік групы ўрадавых дарадцаў таксама паведаміў "Радыё Свабода", што два дні таму спроба замаху была зробленая ўжо супраць яго. Ледзь ня трапіў у аварыю ягоны аўтамабіль – як высьветлілася, быў падпілаваны з абодвух бакоў рычаг пераключэньня хуткасьцяў.

"Я бачу, што гэтыя людзі ня здольныя пазбавіцца ад мэтодаў тэрору", – заяўляе былы ўрадавы дарадца Іван Лемяшэўскі.

Справаю замаху на сына прафэсара Лемяшэўскага цяпер займаецца міліцыя Кастрычніцкага РАУС, а сакрэт наўмыснае паломкі аўтамабіля спрабуюць знайсьці міліцыянты Ленінскага РАУС. Сьледчыя ў абодвух выпадках кажуць, што справы складаныя і ніякія вэрсіі не выключаюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG